Лабановіч акінуў вачамі ваколіцы Цельшына: цесна, цёмна і пуста. Толькі ветракі, растапырыўшы ўгары два крылы ў бок сяла, мелі такі выгляд, як бы іх уразіла нейкая навіна, і яны, у здзіўленні сказаўшы: «О-о-о!», застылі ў такім стане. Дом пана падлоўчага і высокая вяндлярня таксама выдзяляліся крыху весялей з купы гэтых саламяных стрэх сялянскіх хат. Няўжо ж яму прыйдзецца жыць тут яшчэ другую зіму, бо на лета, калі скончацца заняткі ў школе, настаўнік думаў куды-небудзь паехаць.
Дом пана падлоўчага глянуў на Лабановіча яшчэ раз і яшчэ; скараючыся нейкаму пачуццю і голасу, ён звярнуў з чыгункі і накіраваўся дадому, паглядаючы то на высокі крыж каля школы, то на дах пана падлоўчага. Падыходзячы бліжэй да іх, настаўнік пайшоў павольней, як злодзей, кідаючы позірк на вокны. Ступіўшы яшчэ колькі крокаў, ён спыніўся: у акне з-за вазонаў кланялася тая галоўка, якую яму так прыемна было бачыць. Настаўнік прасвятлеўся і рашуча адкінуў клямку на дзверцах веснічак свае суседкі.
— З таго часу як вы закахаліся ў панну Людмілу, ужо не хочаце да нас зайсці,— сказала панна Ядвіся, не то шуткуючы, не то сур’ёзна.
Лабановіч глянуў ёй у вочы, у гэтыя акруглыя цёмныя і такія слаўныя, выразныя вочы, на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён не бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на свеце. Здаецца, ніколі не адводзіў бы ад яе сваіх вачэй! Ён падумаў: «Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая,— і дадаў: — Дурні яны!»
— А,— сказаў Лабановіч у парыванні нейкай радасці, а ўнутрах яго ўсё дрыжала,— ці толькі свету, што ў панны Людмілы? А вы мне вось што скажыце: калі ўжо вы перастанеце харашэць? Можна было б ужо і спыніцца.
Усе думкі аб помсце панне Ядвісі, усе тыя калючыя словы, якія ён думаў не так даўно кінуць ёй,— усё цяпер знікла, нібы гэтыя вочы і бровы адвялі іх і пахавалі навекі.
Ядвіся сказала:
— А калі вы перастанеце быць такім панурым і злосным?
— З таго самага часу, як вы аб гэтым запыталіся.
— Не люблю я панураў,— сказала Ядвіся.— Усё здаецца, што яны накінуцца і біць пачнуць.
— Што зрабіць? Часамі чалавеку так цяжка бывае, так наваліцца на яго гора, што нехаця ляжа чорны цень на твары.
— А якое ў вас было гора? — спытала Ядвіся.
— Не пытайцеся: ніякага ў мяне не было гора. Хіба вы наведзяце яго на мяне, але гэтага я вельмі не хацеў бы.
— Я? Што я для вас значу?
— Усё! — адказаў настаўнік.
— Праўда? — ціха спытала Ядвіся.
— Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца,— пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца.
Панна Ядвіся, як сарна, скокнула да печкі, дзе стаяў пусты кошык. Схапіўшы кош, яна падбегла з ім да Лабановіча і прамовіла:
— Сыпце ў кош сваё красамоўства!
Яны смяяліся, шчаслівыя, як дзеці.
Ядвіся раптоўна стала сур’ёзнаю.
— Скажыце,— прамовіла яна,— каб я вас аб чымсі папрасіла, ці зрабілі б гэта для мяне?
— Усё, што можна зрабіць, зраблю.
— Зробіце?
— Зраблю.
Панна Ядвіся апусціла вочы, потым паволі ўзняла іх на настаўніка.
— У Гродзеншчыне ў мяне ёсць адна дзяўчына — ну, вам усё роўна, хто яна. Ёй трэба выйсці замуж. Разумееце? Ёй проста трэба павянчацца, каб у дакументах мець іншае прозвішча. Нашто — гэта таксама вам нецікава. Дык ці згадзіліся б вы павянчацца з ёю?
Ядвіся гаварыла самым сур’ёзным чынам.
Лабановіч і верыў, і не верыў. Калі гэта ўсё праўда, то, значыць, для Ядвісі ён зусім не патрэбны чалавек. I яму стала так горка і непрыемна. Ён апусціў вочы і, памаўчаўшы, прамовіў з прыметнаю ноткаю нездавалення:
— Аб жаніцьбе, якая б яна ні была, я думаю столькі, колькі думаеце і вы аб леташнім снезе.
У гэты час у пакой увайшла Габрынька, і размова наконт жаніцьбы на тым і скончылася.
— Ну, кажыце, як вам гасцілася? — звярнуўся да яе настаўнік.
Габрынька з жартам і ажыўлена апавядала, як ім было там добра і як не хацелася ехаць сюды. Ядвіся маўчала. Лабановіч слухаў Габрыньку і стараўся не пазіраць на Ядвісю. А яна ўвесь час не зводзіла з яго вачэй. А потым ціхенька выйшла, нічога не сказаўшы. Яна доўга не прыходзіла і вярнулася тады, калі Лабановіч ужо выйшаў і накіраваўся да сябе на кватэру.
Настрой у яго быў самы паганы. Ён проста не мог знайсці сабе прыпынку, не ведаў, за што ўзяцца. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоіку, ён узяў паперу і пяро і сеў пісаць ліст свайму семінарскаму сябру Янку Тукалу.
«Мілы Янка!