«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты? Адгукніся! Як без цябе тут гарую, прыйдзі падзівіся».— З гэтае песні пачаў ён, змяняючы яе тэкст.— Абрыдла, брат, мне тут. Усё прыгледзелася і прыелася. Пачынаецца вясна. Разам з ёю ва мне абуджаецца і нейкі дух бадзяння. От бы забраў пад паху свае манаткі, пайшоў бы куды вочы глядзяць. Скончыцца работа ў школе, паеду дадому. На другі год думаю перабрацца куды-небудзь далей у глыб Палесся. Я пачынаю аналізаваць самога сябе і вынікамі застаюся незадаволены. Тая звычайная работа, якую мы павінны весці ў школе, мне здаецца мала вартоўнай, і калі толькі ёю абмежаваць сваю дзейнасць, то гэта значыць рабіць вельмі мала, бо будзеш заўсёды чуць нейкі недахват. I тады трэба будзе на ўсё махнуць рукою, а каб было весела, прыйдзецца звярнуцца да карт, гарэлкі і праз колькі гадоў зрабіцца поўным вахлаком, што звычайна на кожным кроку і робіцца. Я чую, што ў мяне няма грунту пад нагамі, бо я не намеціў сабе пэўнага плана работы. Я, брат, тая муха, што папала пад шкляны каўпак: і свет вакол відаць, і месца ёсць выбіцца з гэтага каўпака, але няма здольнасці папасці ў выйсце. I не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма. Можа, каму выпадкова і пашчаслівіцца знайсці дарогу з гэтага каўпака, але пераважная большасць пападае ў сыроватку і трапечацца ў ёй, покі не захлынецца. Яшчэ нічога, калі ўсяго гэтага не заўважаеш і думаеш, што так і трэба. Але вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. I калі б мяне спытаў хто, што мне найболей кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва, я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам... Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва!
Як я табе і казаў, ва мне з незвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяння. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. «Маркотна жыць на гэтым свеце, панове». Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль».
Напісаўшы гэты ліст, Лабановіч прылёг на канапу і задумаўся... «А ўсё гэта я лгу: не тыя прычыны майго нездавалення і смутку». I перад ім ізноў усплыў вобраз Ядвісі, і зноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў думаць.
XXIX
— Бабка, дома паніч? — пытала панна Ядвіся старую Мар’ю.
— Не, паненачка, кудысь выйшаў нядаўна.
Ядвіся падышла да дзвярэй, прыслухалася, як бы не верачы бабцы і баючыся быць злоўленай, потым ціхенька адчыніла іх, ускочыла ў пакойчык, азіраючы яго цікавым поглядам. Яна падышла да пісьмовага стала і палажыла туды маленькі букецік першых вясенніх красак. Потым узяла асадку, адарвала вузенькую палоску паперы, крыху падумала. На яе губах заблукала ўсмешка, і яна напісала: «мілы», паставіла тры кропкі і дадала другое слова «дурань». Паперачку з напісанымі словамі залажыла ў разгорнутую кнігу, яшчэ раз азірнулася і выскачыла ў кухню.
— Глядзі ж, бабка, не кажы панічу, што я тут была. Барані божа, бабка, не кажы! — сказала і бягом кінулася на двор. Скора дзесь з двара пачуўся яе голас. Яна спявала нейкую песню.
Бабка ціха ўсміхнулася сама сабе і прамовіла ўголас:
— Вясёлая, харошая паненка! — і аб чымсі задумалася.
Праз хвіліну бабка сама ўвайшла ў пакойчык. Ёй хацелася дазнацца, якую штуку выкінула там паненка.
— Красачак прынесла, няхай падумае пра мяне.
Бабка ўзяла ў рукі букецік, паглядзела на яго, паднесла да носа і палажыла зноў на стол. Яна чагось уздыхнула і выйшла.
Гэта было на захадзе сонца.
Калі ўжо добра сцямнела, прыйшоў Лабановіч. Ён запаліў лямпу. Пры яе святле заўважыў кветачкі.
«Хто ж гэта палажыў іх сюды?» — спытаў ён сябе самога і стаў разглядаць букецік.
Вечар быў цёплы і ціхі, Лабановіч падышоў да акна і расчыніў фортку. Вокны пакояў пана падлоўчага былі цёмныя. Там, значыць, нікога не было; можа, яшчэ рана. З двара далятаў сюды шум сельскае вуліцы. Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Відаць, за імі ганяліся хлопцы, лавілі і дурэлі з імі. Потым дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара, і водгулле іх замірала дзесь у соннай цішы балот.
На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся, як бы там трапяталі крыльцамі нейкія дыяментныя матылі. I было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор і ў гэтай маўклівасці цёмнага бяздоннага неба, і перад велізарнасцю і тайнасцю яго заціхаў дробны клопат зямлі.
«Колькім людскім пакаленням свяцілі гэтыя зоркі! — разважаў настаўнік.— Людскія пакаленні даўно сышлі з твару зямлі, і вецер даўно параздзімаў іх магілы і разнёс па свеце прах касцей іх, а яны, спакойныя зорачкі, кожную ясную ночку будуць свяціць сваім немяцежным бляскам, неўспагадныя на ўсе мітусенні і трывогі ўсхваляванай душы чалавека. А мы перабудзем свой век, колькі нам прызначана, гэты страшэнна кароткі міг, малюпасенечкае звенца ў бясконцым ланцугу жыцця, і ніякага следу не захаваюць па нас бязлітасныя часы. I ці варта так прырастаць да гэтага жыцця, да гэтага нязначнага моманту ў ходзе часаў?»