I нейкая туга ахапіла настаўніка. Аб чым? Мабыць, аб тым, што такая мізэрная і нязначная людская доля, людское жыццё. Ён апусціў галаву над сталом і сядзеў нерухліва. Лёгкі і раптоўны шолах каля шыбы акна абудзіў яго. Ён узняў галаву, і ў гэты момант на стол упала некалькі такіх жа самых красачак, што былі і ў букеце. Відаць, некаторыя з іх не папалі ў фортку, а толькі лёгенька крануліся шыбак і засталіся за акном. Разважанні аб нязначнасці людскога жыцця былі таксама раптоўна распуджаны чыёюсь рукою, што кінула гэтыя краскі.
Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха. I толькі шумлівая і многагалосая вуліца правіла маладыя гімны гэтаму жыццю.
— Няўжо гэта Ядвіся? — спытаў сам сябе настаўнік.— Бабка! — гукнуў ён.
— А што, панічыку?
— Ты не спіш яшчэ?
Дзверы скрыпнулі. Прыйшла бабка.
— Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак?
Бабка перш прыкінулася, што нічога не ведае, а каб пераканаць у гэтым настаўніка, узяла краскі і стала разглядаць іх. Але, як ні хітрыла бабка, настаўнік прачытаў на яе твары, што яна прыкідваецца.
— Ой, бабка! Грэх табе, старэнькай, хлусіць і падманваць. Не любіш ты мяне і не шкадуеш. Я ўжо і па той прычыне не паверу табе, што ты — знахарка. Ты павінна ведаць.
— Ой, панічыку! Ну, хто ж вам можа прынесці красачак, як не паненка?
— Якая паненка і чаму паненка, а не якая-небудзь маладзіца?
— Хто ж іх, панічыку, ведае, хто да вас лепей горнецца: ці паненкі, ці маладзіцы,— усё яшчэ хітрыла бабка. Але ёй самой неўтрыванне было, каб не сказаць, і яна пачала смяяцца.— Паненка, панічыку, сама сюды забягала і палажыла іх вам. Толькі яна, панічыку, прасіла, каб я вам не казала.
— Злаўлю яе калі-небудзь.
— Злавіце, панічок, злавіце! — прамовіла бабка, гатовая нават памагаць свайму панічу злавіць паненку.
— Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць?
Бабка паглядзела на настаўніка, ці ён праўду кажа, ці жартуе.
— Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё.
— А ці шкада табе свае маладосці?
— А што яе, панічыку, шкадаваць? Ці шкадуй, ці не шкадуй — не вернецца назад.
— А ці хацела б ты вярнуць яе?
— Э, панічок! Ніколі я пра гэта і не думаю. Нікому яна не варочаецца.
— Дык трэба, бабка, карыстацца ёю і ўзяць ад яе ўсё, чым яна міла і люба!
— Так, панічок, што цяпер страціш, таго потым не знойдзеш.
Гэта размова зусім не цікавіла бабку, і яна колькі разоў пазяхнула. А ўрэшце сказала:
— Ужо ж, панічок, і позна. Заставайцеся здаровы!
Бабка паволі пасунулася ў кухню на сваю печ, адкуль хутка пачуліся нейкія мармытанні, не то яна сама з сабою размаўляла, не то малілася Богу.
У сяле яшчэ доўга спявалі песні, ды дзесь з двара даносіўся брэх патрывожанага сабакі. Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам, што стаяў з боку чыгункі, і павольна ўзнімаўся над заспакоенаю зямлёю. Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Настаўнік яшчэ доўга сядзеў каля акна, і розныя думкі падымаліся ў яго галаве. Спаць не хацелася, і ён доўга варочаўся, пакуль сон замкнуў вочы. На століку каля ложка ляжаў букецік завяўшых красак.
Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо зусім не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі. То той, то другі з вучняў пакідаў школу.
— Вось што, дзеці,— сказаў раз вучням настаўнік,— сёння па абедзе прыходзьце з рыдлёўкамі. Будзем капаць ямкі, а заўтра ўсе пойдзем у лес, прынясём маладых дрэўцаў і абсадзім нашу школу.
Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі з школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі, шчаслівымі галасамі.
Пасля абеду дзеці весела беглі з рыдлёўкамі ў школу і таксама заяўлялі аб гэтым настаўніку, забягаючы да яго на кватэру. Нават маленечкі Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару.
Настаўнік прыйшоў у школу і павёў дзяцей на двор. Разам з вучнямі размеркавалі месцы для ямак, потым настаўнік назначыў работу вучням, падзяліўшы іх на гурткі, і сам выкапаў першую ямку, каб паказаць дзецям, як гэта трэба рабіць.