Выбрать главу

— Што гэта вы робіце?

Панна Ядвіся непрыметна падышла да Лабановіча.

Гэты так добра знаёмы яму голас прывёў яго ў нейкае трапятанне. Сэрца застукала мацней.

— Хачу па сабе вам памяць пакінуць.

— А хіба ж вы паміраць збіраецеся? — засмяялася Ядвіся.

— Я памёр ужо,— трагічна прамовіў Лабановіч.

— Дык гэта вас хаваць тут будуць? — жартавала яна.— Можа, пабегчы пасклікаць баб, каб паплакалі па вас?

— А вы хіба не заплачаце па мне?

— Дык вы ж усё роўна чуць не будзеце.

— Ах, выбачайце! — апамятаўся Лабановіч.— Вельмі дзякую вам за букецік і за тыя красачкі, што праз фортку ўляцелі.

Панна Ядвіся прыкінулася вельмі здзіўленаю і як бы нічога не разумела.

— Які букецік?

— А той самы, што ўчора вы на стол палажылі.

— Ваша бабка — ілгарка, і самі вы — ілгар,— запратэставала Ядвіся.— Больш ніколі да яе не пайду, і ў вашу кухню не ступіць мая нага...

— I ў маю фортку не паляціць ні адна краска?

Панна Ядвіся павярнулася і кінулася бягом у свой двор, потым яна спынілася і пайшла зноў да Лабановіча.

— Слухайце, вы бралі кнігу, што ў вас на стале разгорнутая ляжала?

— Не, не браў.

— Вы не хлусіце?

— Я, здаецца, нікому яшчэ ў форткі не кідаў красак, каб мне лгаць.

Панна Ядвіся чагось засмяялася, ніколечкі не пакрыўдзіўшыся.

— Хочаце? Пойдзем сёння гуляць?

— Пойдзем, пойдзем! — падхапіў настаўнік.— Вы, можа, не паверыце, а ў мяне, чэснае слова, была гэта самая думка, толькі я не адважваўся сказаць вам.

— Дык вы заходзьце да нас.

— Абавязкова і з вялікай прыемнасцю.

Яна зноў памчалася ў свой двор. Дзеці шумелі, гаманілі, спрачаліся, хвалілі свае і ганілі чужыя ямкі.

Лабановіч стаяў шчаслівы, аб чымсі думаў, і ледзь прыметная вясёлая ўсмешка блукала ў яго вачах і на губах.

«Чаму гэта пытала яна пра кнігу? — падумаў Лабановіч.— Ці не палажыла яна чаго туды?»

А гэтым часам панна Ядвіся кралася з другога ходу, каб тайком выняць з кнігі тую паперку, дзе яна напісала: «Мілы... дурань», чаго Лабановіч не агледзеў.

XXX

Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Ціхенька ступаючы, падышоў ён да дзвярэй і толькі дакрануўся да іх рукою, як у той жа час панна Ядвіся кулём кінулася ў кухню, каб выскачыць на двор. Але дзверы не адчыняліся. Азірнулася — на парозе стаяў настаўнік.

Ах, попалась, пташка, стой,

Не уйдешь из сети!

Не расстанемся с тобой

Ни за что на свете! —

спакойна дэкламаваў Лабановіч, не зводзячы з яе вачэй, любуючыся ёю, шчасліва ўсміхаючыся.

А яна і сапраўды выглядала як злоўленая птушка... Неспадзеўкі, пужлівасць, нейкая вінаватая ўсмешка разам адбіваліся на яе твары. Акруглыя цёмныя вочы пазіралі то на дзверы, то на настаўніка. Адна рука яе была сашчэмлена — напэўна, там была тая паперачка з двума словамі.

— Нашто вы замкнулі тут дзверы? — зусім нявінна спытала яна.

— А каб тыя самыя ножкі, што прыйшлі сюды праз школу, не выйшлі праз кухню.

Лабановіч падышоў да яе зусім блізка. Яна неспакойна заварушылася.

— Пусціце мяне!..

— Вы — мая госця і нявольніца. Ніякаму на свеце паляўнічаму не здаралася злавіць такую слаўную сарначку, як мне сёння. Дайце ж хоць наглядзецца мне на яе! — I ён стаў пазіраць на яе.

— Ну, другі раз вы не зловіце мяне.

— А навошта мне лавіць, калі я вас ужо злавіў?

Яна раптам кінулася яму пад рукі, каб уцячы. Але ён крэпка схапіў яе пад пахі і не пускаў.

— Што вы робіце? — з гневам прамовіла яна.— Не смейце дакранацца да мяне!..

— Вы ж самі кінуліся мне на рукі,— сказаў настаўнік і пачуў, як забунтавалася ў ім кроў.

Лабановіч выпусціў яе і толькі трымаў за руку. Яна зноў стала вырывацца. Цёмна-русыя валасы раскінуліся па плячах пышнымі хвалямі.

— Не, мілая палонніца, нічога не будзе — не пушчу!

З распушчанымі валасамі, з залітымі агнём шчочкамі, яна была незвычайна прыгожая, і настаўнік не мог адвесці ад яе вачэй.

— Не, слухайце,— тонам просьбы прамовіла яна,— ніяк я не спадзявалася, што вы будзеце мяне мучыць!

— А вы мяне не мучыце? — спытаў ён і глянуў ёй у вочы.— Выкуп дайце, тады я пушчу вас.

— Я не маю чым плаціць,— сказала яна і адною рукою старалася паправіць свае валасы.

Настаўнік сумыслу раскідаў іх.

— Ах, адстаньце вы!

— Не, не адстану: каб вы ведалі, якая вы прыгожая з распушчанымі валасамі, вы заўсёды і хадзілі б так.

— У маёй мамы таксама былі раскошныя валасы, але доля яе была нешчаслівая,— у засмучэнні прамовіла яна.