Выбрать главу

Лабановічу стала незвычайна шкада яе. Ён выпусціў яе руку, глянуў у вочы.

— Бедная вы, мілая, харошая, слаўная Ядвісечка!

— У, усе вы такія гэрады, тыраны! — з нейкаю нянавісцю прамовіла яна.

Лабановіч хацеў адказаць, што яна памыляецца, але не паспеў. Яна раптоўна абхапіла рукамі яго шчокі і, у момант прыблізіўшы яго галаву, пацалавала, а потым з сілаю адштурхнула яго і кінулася за дзверы. А ён, як бы апалены маланкаю, стаяў на месцы колькі моманту. Потым, як дзікі звер, кінуўся даганяць. Ядвіся стаяла на парозе, трымаючыся за клямку. Яна была зусім спакойная.

— Калі асмеліцеся пацалаваць мяне, то, клянуся памяццю мацеры, я кінуся пад машыну! — I цёмныя акруглыя вочы яе бліснулі іскрамі гневу.

— Мілая, родная Ядвісечка! Не, не, не буду... А пагуляць мы пойдзем?

— Дурань! — злосна прамовіла яна. Потым ускінула на яго свае добрыя, чыстыя вочы, усміхнулася і знікла за дзвярамі, трымаючы ў руцэ вузенькую паперачку.

Лабановіч вярнуўся ў пакой. Яго рукі і ногі дрыжалі. Ён прысеў каля стала на край канапы і сядзеў, не думаючы ні аб чым. Пасля ўстаў, хістаючыся пайшоў у кухню, выпіў вады. Унутры ўсё кіпела ад нейкага шчасця і радасці.

«Што за дзяўчына! Што за натура! — колькі разоў паўтарыў малады шчаслівы настаўнік.— Яна любіць мяне!.. Ці ж можна не любіць яе, гэтую лепшую, прыгажэйшую казку Палесся. Ядвісечка!.. Мілая, любая!»

Два старэйшыя вучні, якія рыхтаваліся да экзамену, прыйшлі і сказалі настаўніку, што ўсе ямкі пакопаны.

— Збярыцеся ў школу, я вам скажу колькі слоў і пушчу дамоў.

Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом.

Настаўнік увайшоў, пахваліў дзяцей за работу і сказаў ім:

— Заўтра ўжо кніг не прыносьце. Вазьміце колькі рыдлёвак (ён назначыў большых вучняў) і збярыцеся тут. Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. А цяпер ідзіце дамоў!

Настаўнік не хадзіў нікуды ўвесь вечар. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў яго шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Ён перажываў кожны момант свайго шчасця, над некаторымі затрымліваўся доўга... Чаму яна сказала, што кінецца пад машыну, калі ён пасмее пацалаваць яе, і нават паклялася памяццю мацеры? Чаму кінула яна яму «дурань», а потым як бы пакаялася ў гэтым і падарыла яму такую добрую ўсмешку, як бы ёю перапрашала за гэта зняважанне? Ён хадзіў па пакоіку і ўсё думаў аб ёй. Але чым болей думалася, тым больш хацелася яму зноў пабачыць сваю мілую Ядвіську, пачуць яе голас, зазірнуць ёй у вочы, каб прачытаць, што робіцца ў яе душы. Ён часта паглядаў у вокны, каб убачыць яе. Яе імя гучала ў яго вушах незвычайнаю музыкаю і мела нейкае асаблівае значэнне.

Назаўтра Лабановіч прачнуўся пазней, бо заснуў толькі тады, як пачало развідняцца, прачнуўся з думкаю аб сваім шчасці, аб Ядвісі. Ён устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Успомніў, што сёння субота перад Вербніцаю, што ў гэты дзень ён скончыць сваю работу ў школе, бо пасля Вялікадня прыйдуць усяго толькі тры вучні, якім трэба падгатавацца да экзамену.

З вясёлым шумам ішлі дзеці ў лес са сваім настаўнікам, збіўшыся вакол яго цеснаю грамадкаю.

Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Сяляне з сохамі, з каробкамі і мяшкамі з аўсом выязджалі на поле. Жалобна крычалі кнігаўкі, снуючыся над балотамі, над вадою, як бы шукалі вельмі дарагую страту і ніяк не знаходзілі. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Гэта буханне на далёкай адлегласці будзіла лясы, прыдаючы агульнаму настрою Палесся асаблівыя тоны. Сталыя і важныя буслы з незвычайнаю сур’ёзнасцю хадзілі па краях балота або ляталі да гнёздаў на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя на зіму палацы. Там і сям на ўскраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак. Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб — мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны.

Настаўнік спыніўся з вучнямі на сухім месцы ў лесе і вёў з імі размову аб тым, што бачылі перад сабою, і аб значэнні тае справы, дзеля якой яны прыйшлі.

Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Лабановіч доўга шукаў маладую грушку. Ён хацеў знайсці прыгожанькую грушку і пасадзіць яе на памяць аб сваёй каханай.