Выбрать главу

Знайшоўшы маладое, крэпенькае і стройнае дрэва, ён доўга і асцярожна капаўся каля яго, пакуль акуратненька не было яно выкапана разам з зямлёю. Сам нёс яго дамоў, пасадзіў у куточку на школьным двары, дзе найболей свяціла сонца, і два разы паліў вадою ў гэты дзень. Пасля агарадзіў гэтую грушку высокімі коллямі, каб не патаптала і не паламала яе жывёла.

На кожнае дрэва вызначыў ён вучняў, даручыўшы ім догляд за выхаванцамі.

— Ну, а цяпер, дзеткі, ідзіце абедаць. Па абедзе збярыцеся і прынясіце свае кнігі, бо пасля Вялікадня парассыпаецеся вы па лясах і палях. А хто захоча хадзіць у школу і па Вялікадні, той потым і атрымае кнігу.

Прыняўшы па абедзе кнігі ад вучняў і пусціўшы іх на святы, Лабановіч пачуў, як бы яму стала чагось шкада, хоць, праўду сказаць, крыху дакучыла за зіму гэта работа па восем і па дзесяць гадзін у дзень.

Ён выйшаў на двор, абышоў пасаджаныя дрэвы, над некаторымі затрымліваўся даўжэй. Ён часта паглядаў на двор пана падлоўчага. Вельмі хацелася пабачыць Ядвісю і паказаць ёй гэту слаўную грушку, якую пасадзіў ён на памяць аб ёй. Але Ядвіся доўга не паказвалася на двары. Ён падкаравульваў яе з гадзіну. I калі заўважыў, аклікнуў і папрасіў яе падысці.

Яна, радасная і вясёлая, падбегла.

— Я хачу паказаць вам грушку.

— А вы не будзеце лавіць мяне? — з мілаю і хітраю ўсмешкаю спытала яна.

Ён памог ёй пералезці цераз плот і павёў да грушы.

— Гэту грушку я пасадзіў на памяць аб вас.

Яна доўга разглядала яе. Потым засмяялася і сказала:

— Я вырву яе і выкіну.

— Чаму?

— Бо яна такая ж калючая і дзікая, як я.

— Пойдзем гуляць сёння? — спытаў ён.

— А вы памятаеце, што я вам учора на гэта сказала?

— Зрабіце вы тое самае, што зрабілі ўчора, і тады скажыце мне хоць дзесяць разоў тое, што сказалі адзін раз.

Яна паглядзела на яго строга і прамовіла:

— Больш ніколі! Чуеце! Ніко-о-олі!

XXXI

Вербніца і Благавешчанне ў гэтым годзе прыпалі на адзін дзень. На свята павінен быў прыехаць з Малевіч а. Мадэст з дзякам Цішкевічам, бо ў гэты дзень цельшынцы па старому звычаю зносілі свае грахі папу, пасля чаго ўжо рабіліся як бы святыя. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць не падыходзіла ніякім чынам. I замест таго каб здаць старыя грахі, яны не толькі не здавалі іх, а набіраліся яшчэ новых.

Звычайна а. Мадэст прыязджаў напярэдадні пад вечар. Так і сёння прыехаў ён досыць рана, калі яшчэ сонца не паспела схавацца за дубам, што стаяў збоку раз’езда. Счакаўшы з паўгадзіны, з каплічкі, што стаяла ў зараслі панурых і цёмных могілак, панёсся глухі звон, як бы гэта званілі ў які-небудзь шчарбаты чыгун. Тым не меней звон гэты, такі рэзкі і такі незвычайны для Цельшына, рабіў моцнае ўражанне. I кожны, хто чуў яго тут, так ці іначай аказваўся на гэты звон.

— А што гэта? — пытаўся хто-небудзь з цельшынцаў.— Звоняць, ці што?

— А мабуць, звоняць.

I пасля гэтага вяліся тыя ці іншыя разважанні:

— Ужо, мабуць, піп прыіхаў: штось забомкалі.

— Спавядацісямем?

— А мабуць, шчо так.

Але палешукі не вельмі кідаліся да царквы, бо яны народ дбалы і дасціпны. Таму паляванне ўсміхалася панадна, у другога было асочана месца, дзе яшчэ шчупакі не скончылі нераставаць.

I цельшынскі звон, як відаць, добра ведаў звычаі сваіх парафіян, бо не спяшаўся канчаць скліканне. Толькі праз гадзіну, калі ўжо на цвінтарыку збіралася досыць многа палешукоў і паляшучак, а з дворыка Міхалкі Кугая паказваўся а. Мадэст, які ішоў роўна, і дзяк Цішкевіч, у якім было ўсё-такі меней «благадаці», з прычыны чаго ён крыху заграбаў нагамі,— ужо тады звон пачынаў залівацца ямчэй, прыхватваючы для гэтага сваіх меншых тонкагалосых братоў.

Каплічка адмыкалася. Каля дзвярэй звычайна стаяла колькі маладзіц з дзецьмі на руках. Яны не смелі самі ўвайсці ў капліцу, бо былі яшчэ «нячыстыя». Маладзіцы мелі розныя тэрміны: каму трэба было «ўводзіцца» каля Сёмухі, каму каля Пятра, каму на Каляды, а хто яшчэ і зусім не вытрымаў свой тэрмін. Але ў Цельшыне гэта не мела значэння. Айцец Мадэст стаўляў цэлы шэраг маладзіц у капліцы па абодва бакі дзвярэй, браў свой трэбнік і чытаў малітвы, а дзяк Цішкевіч спяваў, крыху пагойдваючыся на нагах. Але гэта не шкодзіла яму назіраць і за «благочинием» у капліцы, бо маладзіцы, былі здарэнні, часамі і штурхаліся або выпіраліся наперад.

— «Еліцы во Хрысце...» — спяваў Цішкевіч, і тут ён заўважаў, што якая-небудзь маладзіца парушала парадак. Тады ён прыпыняў спяванне і навучальна казаў маладзіцы: — Не прыся ты, а стой спакойна,— і спяваў далей: — «Крэсці-ісь-це-сяяя!»