Выбрать главу

— Гэй! Як цябе там? Вярніся! Чуеш? — гукае а. Мадэст.

Дзед спыняецца, паварочвае галаву да бацюшкі і кажа:

— Не хачу!

— Вярніся ты! — крычыць а. Мадэст.— Табе ўжо і слова нельга сказаць.

Мікіта адпускаецца і, хлюпаючы лапцямі, зноў ідзе да амбону.

Айцец Мадэст прычашчае яго. Дзед бярэ кусочак прасфары, кладзе ў рот і хоча ісці.

— Ці злавіў жа хоць рыбы? — пытае а. Мадэст.

Дзед зусім адпускаецца, глытае прасфару і адказвае ўжо лагодна:

— Дзе там у чорта? Няма! — працягвае ён апошняе слова, махае рукою і выходзіць.

Святая служба канчаецца. Цішкевіч бубніць апошнія малітвы, а. Мадэст скідае рызы. Малітвы скончаны, кніга загорнута.

Айцец Мадэст падыходзіць да Цішкевіча, яны перакідваюцца колькімі словамі і выходзяць.

На цвінтарыку духавенства прыпыняецца, знаёміцца з цельшынскім настаўнікам.

— А вашы вучні добра чытаюць. Учора даў газету вашаму вучню, Рылку; такі маленькі, а як разбірае! Права слова! — гаворыць а. Мадэст.

Цішкевіч панура слухае, потым падымае вочы на бацюшку.

— Э, бацька! Ці ты яго хвалі, ці не хвалі, а на чай нас усё роўна не пакліча!

— Цёмны тут у вас народ! — гаворыць на развітанне а. Мадэст і паволі з Цішкевічам ідзе да Міхалкі Кугая.

XXXII

На чацвёрты дзень Вялікадня вярнуўся Лабановіч у сваю школу. Яшчэ вечарам таго ж самага дня, калі цельшынцы здавалі свае грахі а. Мадэсту, надумаўся ён паехаць дадому, каб крыху праветрыцца і хоць на кароткі час адысціся ад круга тутэйшых уражанняў і сваіх настрояў. Але на першыя ж дні свят яго моцна пацягнула сюды, бо быць блізка ад Ядвісі і бачыць яе хоць зрэдку стала яго патрэбаю. Едучы назад, ён не спаў дзве ночы, а па дарозе, апрача таго, яму прыходзілася віншаваць таго-сяго са святым Вялікаднем і, разумеецца, крыху падвіншавацца. Утомлены бяссоннымі начамі і выпіўкаю, ён пачуў сябе вельмі добра, улёгшыся на сваёй пасцелі, і зараз жа заснуў крэпкім-крэпкім сном.

Даведаўшыся, што прыехаў сусед, пан падлоўчы праз паўгадзіны, прымасціўшыся пад акном, дзе спаў настаўнік, барабаніў кулаком у раму і клікаў:

— Прафесар велькіх букваў! О, прафесар! Чуеш? Уставай піць гарэлку!

Лабановіч спаў крэпка і нічога не чуў. Падлоўчы быў падвыпіўшы і не адступаўся. Яго кулак часцей і шмат мацней пачаў барабаніць па сярэдняй раме. Шыбы зазвінелі, а з некаторых пасыпаўся кіт.

Падлоўчы Баранкевіч, звярнуўшы на гэта ўвагу, засмяяўся і прамовіў сам сабе:

— Чорт яго бяры, прафесара: павыбіваю яму вокны!

Лабановіч на гэты раз пачуў грук і скрозь сон дагадаўся, што яго будзіць падлоўчы, але расчыніць вочы і падняць галаву проста не меў сілы. Калі ж грук пачаўся з новай сілаю, ён громка прамовіў:

— Га-а!

— Уставай, прафесар! — гукаў з двара Баранкевіч.

Лабановіч узняўся, адчыніў фортку і стаў прасіцца:

— Пане суседзе, не спаў тры начы — не магу!

— Што за «не магу»? Зараз жа адзявайся, бо, далібог жа, прыйду і павалаку так, як ты цяпер ёсць. А будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як цяпер ляжыш. А ў мяне і паненкі ёсць.

Лабановіч убачыў, што ад падлоўчага не адчэпішся, і стаў адзявацца. Памыўшыся халоднаю вадой, ён крыху асвяжыўся і прыйшоў да памяці. Ён пералез добра знаёмы яму пералаз і ступіў на ганак пана падлоўчага. Негрусь па свайму сабачаму звычаю забрахаў разы тры, павільваючы хвастом, як бы хочучы сказаць: «Гэта я так сабе брашу, без злосці».

— А што? Збаяўся: прыйшоў-такі! — спаткаў «прафесара» падлоўчы ў сваім пакоі.

Даўжэразны стол, якога раней настаўнік не бачыў у пана падлоўчага, стаяў каля сцяны, прыпёрты да яе шчыльна адным сваім краем. Гэты стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Шынкі, як падушкі, абтыканыя зелянінаю, ляжалі важна зялёнымі ўзгоркамі.

На дзябёлым крэсле старасвецкай работы сядзеў чыгуначны майстар Грыгарэц, з шырачэзнаю спінаю, дубовага складу чалавек, ніколі ў жыцці не ведаўшы страху перад гарэлкаю. Ён быў тоўсты, крэпкі і меў выгляд навоя, на які толькі што навілі кросны ў дванаццаць губіц. Рыжая і ўжо з лысінаю галава яго насілу пакручвалася направа і налева на кароткім, але незвычайна тоўстым карку. Маленькія вочкі яго ўжо замасліліся, але ён не касаваўся перад чаркамі і ліў іх, як у бочку. Тут жа была і панна Людміла са сваім братам Анатолем. Анатоль, паздароўкаўшыся з настаўнікам, зараз жа пайшоў шукаць прыпынку для свае галавы, у якой цяпер малаціла нейкая малатарня. Людміла толькі правяла яго балесным поглядам. Яна была адзета ў лёгкую шаўковую блузку колеру льнянога цвету і выглядала вельмі прыгожаю і цікаваю. Ядвіся таксама была адзета з густам. На ёй была чырвоная атласная кофтачка, якая вельмі ішла да яе смуглага твару, а пышныя цёмна-каштанавыя валасы былі перахвачаны чырвонаю ж, як жар, стужачкаю. Габрынька стаяла каля музычнае скрыначкі, з якой нядаўна грымела музыка.