— Тут, пане мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся,— адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы.
Падышоўшы да Людмілы, Лабановіч спыніўся і сказаў ёй:
— Чаму вы, панна Людміла, не перахрысціліся, убачыўшы мяне?
Ядвіся зірнула на Лабановіча, потым на Людмілу, Людміла, асвятліўшы свой твар усмешкаю, пазірала на яго, штось прыпамінаючы, а потым весела засмяялася:
— Аднак жа вы злапомны.
— Зусім не,— адказаў настаўнік,— я толькі хацеў вам напомніць, што, угледзеўшы «святога», трэба перахрысціцца.
— Ну, годзе табе тут любошчы разводзіць,— падышоў падлоўчы і ўзяў настаўніка пад руку.— Вып’ем!
— Ой, паночку, за што вы на мяне ўгневаліся? З раю ў пекла цягнуцца? — скардзіўся Лабановіч, гледзячы на паненак.
— I ў пекле паненкі ёсць, ды яшчэ такія, якіх і ў раі не знойдзеш,— прамовіў падлоўчы і, пакланіўшыся паненкам, папрасіў прабачэння, што забірае ад іх кавалера.
— Але нічога,— заспакоіў ён іх,— пан прафесар шмат цікавейшы будзе, вярнуўшыся ад стала.
Падлоўчы Баранкевіч наліў чаркі.
Грыгарэц вельмі спрытна кульнуў сваю чарку; здавалася, што ён яе і не піў, а так толькі ўскінуў галаву, каб паглядзець, як высока столь у пакоі падлоўчага. Закусваючы, ён штурхануў локцем Лабановіча і ціха прамовіў:
— Ну, як наконт маладзічак?
Настаўнік нічога не паспеў сказаць, бо перад ім ужо стаяла другая чарка.
— Выпі, тады будзеш закусваць. Мы тут, пане мой, мардаваліся, а ён сабе спаць палажыўся.
I гаспадар прымусіў яго выпіць яшчэ чарку.
Лабановіч пабег да паненак, запрашаючы іх да стала.
— Пойдзем! — прасіў ён іх.— Я раскажу вам гісторыю, як на Палессі такія, як вы, прыгожыя дзяўчаткі з’явіліся.
Паненкі зацікавіліся і ўсталі. Ён узяў іх пад рукі і пайшоў разам да стала. Наліў па чарцы віна і вельмі ўпрашаў выпіць, называючы іх дыяментамі Палесся, божымі летуценкамі. Яму было надзвычайна весела, язык развязаўся, ён забаўляў паненак; яны слухалі і смяяліся.
— Ну, а гісторыю калі скажаце? — пыталі яны.
— А вось як віна вып’еце!
Дзяўчаты выпілі.
— Ну, слухайце... Стварыў Бог Палессе і пайшоў аглядаць балоты. Доўга хадзіў Бог, і стала яму маркотна. I стварыў ён дзяўчыну незвычайнага хараства і сам залюбаваўся ёю. Вочы ў яе былі, як у панны Ядвісі, і такія ж самыя пышныя валасы. Бровы...— тут Лабановіч глянуў на бровы панны Людмілы, а потым на бровы Ядвісі.
— Усё ў яе было, як у панны Ядвісі,— сказала панна Людміла і хітра ўсміхнулася.
— Не, не ўсё,— адказаў Лабановіч,— бровы былі, як у Габрынькі, губы і рот — як у вас. Доўга пазіраў на яе Бог, а потым сказаў: «Не, няможна цябе пакідаць людзям: яны будуць калаціцца з-за цябе». Паставіў яе Бог на сваю руку і дзьмухнуў. Дзяўчына рассеялася і зрабілася хмаркаю. «Ты будзеш хадзіць над Палессем век-векам, і ад тых людзей, на якіх упадуць твае кроплі, будуць раджацца красуні». I вы,— сказаў Лабановіч паненкам,— маеце ў сабе тыя кроплі і радзіліся дзеля таго, каб на Палессі не маркоціліся маладыя хлопцы.
— Ну, годзе табе казанні казаць,— спыніў яго падлоўчы.
Лабановіч ужо не спрачаўся і піў многа. Гарэлка ўрэшце страціла над ім сваю сілу, ён піў ужо сам і падліваў другім.
— Слухайце,— спытала Людміла,— чаму вы ніколі да нас не зойдзеце?
— Добра, што вы запыталіся цяпер,— адказаў настаўнік,— бо я толькі тады і кажу праўду, калі добра вып’ю. Дык слухайце: буду казаць праўду. Я затым і не хадзіў да вас, што баяўся вас, бо душа мая чуе: тады, калі мае ногі пераступяць парог вашага дома, яна пападзе да вас у палон.
— Я вельмі шкадую,— смеючыся, прамовіла панна Ядвіся,— што ніколі не чула вас тады, калі вы добра вып’еце.
— Эх, панна Ядвіся, панна Ядвіся! — як бы ў нейкім незвычайным засмучэнні прамовіў настаўнік.— Калі я гавару з вамі, то тады я не толькі «добра выпіўшы», але і п’яны — і, стала быць, яшчэ большую кажу вам праўду.
— Хіба ж я бочка з гарэлкаю? — засмяялася панна Ядвіся.
— Вы — той напітак, які п’юць толькі багі.
Адным словам, Лабановіч стараўся развясельваць дзяўчат.
Падлоўчы хадзіў перавальваючыся, і здавалася, што яму вельмі было цяжка падымаць ногі. Але ён быў незвычайна вясёлы і, павярнуўшыся да Людмілы, заспяваў: