Выбрать главу

Ксёндз бэрнадын у касцелі —

Ха-ха-ха-ха!

Відзеў собе анелі!

Тра-ля-ля-ля!

Але далей ён чамусь не спяваў, як яго ні прасілі.

— Габрынька! — скамандаваў ён.— Зайграй нам што-небудзь!

Пад звонкія і меладычныя гукі музыкі сарваўся з месца Грыгарэц і пайшоў тупаць і прытупваць. Здавалася, што гэта не чалавек танцуе, а нейкі добра ўкормлены вяпрук убег у пакой і ў нейкай свіной радасці разгуляўся тут і пайшоў выбрыкваць розныя вепручыныя выкрунтасы. Пайшоў танцаваць і пан падлоўчы са сваёю жонкаю. Усе вельмі хвалілі пана падлоўчага і паню падлоўчую. Праўда, танцаваў ён спрытна. Потым Баранкевіч пайшоў у танцы з паннаю Людмілаю.

Грыгарэц пад шум танцаў кудысь знік. А калі агледзеліся, што ён прапаў, пан падлоўчы сказаў:

— О, злодзей! Ведаю я, куды ён пайшоў! — I, як відаць, трохі яму пазайздросціў.

Анатоль, праспаўшыся, зноў увайшоў у пакой. Гэта быў высокі малады хлапец, не падобны да свае сястры. Яны з настаўнікам падселі да стала і пачалі зноў піць, як бы гарэлкі ў вочы не бачылі.

— Ну, Толя, ці не пара нам дамоў? — падышла да іх Людміла.

— Гуляйце: Вялікдзень раз на год бывае,— сказаў ёй Лабановіч.

— Ну, хто вам больш падабаецца з хатовіцкіх маладых людзей? — спытала яна Лабановіча.

— Усе слаўныя хлопцы,— адказаў ён.

— Ну, гэтым вы мала сказалі.

— А што мне пра іх казаць? Я больш цікаўлюся дзяўчатамі.

— Ну, а хто ж вам больш падабаецца з паненак?

— Калі аб гэтым пытаецеся вы, то я павінен сказаць вам — вы.

— Не, вы скажыце праўду.

— Хто цяпер гаворыць праўду? Нават «святыя» і тыя пачынаюць ілгаць.

— А я ведаю, хто вам не толькі падабаецца, але каго вы і кахаеце.

Лабановіч паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў доўга і сказаў:

— Так, вы ведаеце.

— А па чым вы ведаеце, што я думаю?

— Па вашых вачах прачытаў.

— О, пані! — падхапіў падлоўчы.— Наш прафесар шаптаць і варажыць умее.

— Ну, паваражыце мне! — Панна Людміла працягнула Лабановічу руку.

— Пані,— адказаў за яго падлоўчы,— наш прафесар па каленях гадае.

Людміла засаромелася, ускочыла і села на канапу.

Пан падлоўчы качаўся ад смеху, пазіраў на «прафесара», а вочы яго казалі: «Вось як трэба з паненкамі гаварыць!»

Ад’язджаючы дамоў, Людміла доўга ціснула руку настаўніку, заглядала яму ў вочы і казала:

— Памятайце, я чакаю вас у Завітанкі.

— На тое ж яны і Завітанкі, каб у іх завітаць,— адказаў Лабановіч і моцна паціснуў ёй руку.

XXXIII

Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет. Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Экзамены назначаліся на панядзелак па Вялікадні, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за пяцьдзесят... У той жа самы дзень, калі было атрымана гэта паведамленне, прыйшлі і вучні.

Тут яны ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Гэтыя тры дні, якія заставаліся да экзаменаў, пайшлі на паўтарэнне курса.

Гэтымі ж днямі даведаўся Лабановіч, што Ядвіся збіраецца выехаць з Цельшына, калі не назаўсёды, то ва ўсякім разе на доўгі час. Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як бы ўжо расчыняецца нейкая пустота, і гэтыя пышныя малюнкі зазелянеўшага Палесся, узбуджанага вясною, поўнага спеву, шуму і жыцця, патускнелі ў адзін момант і як бы адыходзілі ад яго. Усё, здавалася яму, мела цяпер такі выгляд, як бы хацела сказаць яму: «У цябе гора, але мы ў гэтым не вінаваты», і пачынала жыць сваім клопатам, сваімі інтарэсамі, зусім для яго чужымі, а ён заставаўся адзін як ёсць.

Яшчэ адна акалічнасць засмучала яго: вестку пра ад’езд пачуў ён не ад самой Ядвісі, а ад бабкі. Разам з тым была надзея, што гэта, можа, яшчэ і не зусім праўда. Ён вырашыў сягоння ж пастарацца пабачыць Ядвісю і пагаварыць з ёю. Цяпер толькі пачуў, як дорага яна і якая будзе невыказная страта, калі прыйдзецца тут жыць без яе. Не, тады ён не застанецца тут! Уяўленне ўжо малявала асірацеўшы двор і пакой пана падлоўчага, і ён незвычайна востра пачуў тыя настроі, якія агорнуць яго тады, калі ўжо не будзе мілай суседкі.

Пасядзеўшы да самага вечара ў школе з вучнямі і крыху адцягваючыся заняткамі і блізкімі экзаменамі, ён пусціў дадому хлопцаў і пайшоў на кватэру. Зірнуўшы на дом пана падлоўчага, ён згледзеў Ядвісю на ганку. Яна сядзела за столікам, на якім стаяла швейная машына. Панна Ядвіся штось шыла. «Напэўна, гатуецца ў дарогу»,— тужліва зазначыў сабе настаўнік.

Лабановіч надзеў шапку і выйшаў на двор. Борзда перакінуўшыся праз знаёмы яму пералаз, ён узышоў на ганак пана падлоўчага. Ядвіся была сур’ёзная і як бы крыху чымся заклапочаная. Тут жа сядзела і пані падлоўчая, таксама з шыццём у руках.