— Што ж у пана чуваць добрага? — спытала пані падлоўчая.
Лабановіч паведаміў ёй аб экзаменах.
— Калі ж вы паедзеце? — запыталася Ядвіся і ўскінула на яго свае цёмныя вочы.
— Умовіліся з хлопцамі ехаць у суботу вечарам.
Панна Ядвіся прыпыніла сваю работу і задуменна кудысь пазірала.
— Люблю я гэту станцыю,— прамовіла яна.
Пані падлоўчая выйшла — яе паклікалі.
Лабановіч сядзеў моўчкі і думаў.
Вечар быў ціхі, ясны і цёплы. Цень ад хаты пана падлоўчага паволі закрываў палісаднічак і свежыя клумбачкі з краскамі, нядаўна пасаджанымі, і пасуваўся па вуліцы. Бойкія вераб’і чылікалі на хаце і снаваліся па палісаднічку.
— Што вы сёння нешта не ў гуморы? — запыталася Ядвіся і глянула на настаўніка.
— Скажыце вы мне, праўда ці не: я чуў — вы збіраецеся кудысь паехаць адгэтуль надоўга?
Панна Ядвіся ніжэй нахіліла галаву. Лабановіч пачуў, што адказ для яго будзе невясёлым. Не падымаючы вачэй, яна ціха сказала:
— Так, збіраюся паехаць.
Яна ўздыхнула ледзь прыметна, падняла галаву і паглядзела доўга-доўга на настаўніка.
— А вы б хацелі, каб я не ехала?
— Я ведаю, вам тут цяжка,— сказаў настаўнік,— і пэўна там, дзе думаеце вы жыць, вам будзе лепей. I тут ужо не прыходзіцца лічыцца з тым, як бы я хацеў. Але калі вы выедзеце адгэтуль, то я тут болей не застануся.
Ледзь прыметная радасць прабегла па яе твары. Ядвіся борзда ўскінула на яго цёмныя вочы і, смеючыся імі, зусім ужо весела прамовіла:
— I вам не шкада будзе панны Людмілы?
Лабановіч маўчаў.
— Скажыце,— прамовіў ён,— як даўно надумаліся вы выехаць адгэтуль?
— О, я ўжо даўно думала! Яшчэ і вас тут не было.
— А чаму вы са мною ніколі аб гэтым не гаварылі?
— А што мне было гаварыць? — сказала яна.— Вы і так смяяліся многа з чаго такога, што я гаварыла.
— А калі вы думаеце ехаць? — спытаў ён.
— Я і сама не ведаю: гэта будзе залежаць ад таткі. Запражэ каня, скажа ехаць, тады і паеду.
— I можа стацца так, што я вярнуся з экзаменаў, а ластавачка ўжо вылецела ў вырай?.. Скажыце мне, нашто гэта ластавачка вясною ў вырай вылятае?
— Што ж? Як прыходзіцца! — прамовіла яна.— Чаго гэта вы сёння так павесілі нос? Як бы ў вас за пазухаю свечка, якую вы мне павінны на скананне даваць?.. Я б раіла вам пайсці да панны Людмілы... Праўда, яна цікавая панна?
— Проціў яе грэх сказаць што-небудзь: слаўная дзяўчына!.. Чаму вы раіце мне схадзіць да яе?
— Чаму? Самі ведаеце чаму: як толькі вашы ногі пераступяць парог яе дома, то душа ваша пападзе да яе ў палон.
Лабановіч усміхнуўся.
— Вы нават і гэтага не забылі.
— Хто вам казаў легенду аб палескіх прыгожых паннах? — запытала панна Ядвіся, палажыла сваю работу на стол і глянула на настаўніка.
— Гарэлка пана падлоўчага з аднаго боку...
— I панна Людміла — з другога,— падказала Ядвіся.
— Што вы мяне ўсё паннаю Людмілаю папракаеце?
— Я не папракаю і не думаю нават, але панне Людміле вельмі спадабалася гэта легенда.
— А вам яна спадабалася?
— Каб яна для мяне казалася, тады і мне спадабалася б, а чужое любіць — толькі сэрца пераядаць.
— Ну, вы мяне, панна Ядвіся, хочаце ўсердаваць, але вам гэта не ўдасца. А покі што бывайце здаровы.
Лабановіч затрымаў яе руку і з нейкаю просьбаю ў голасе сказаў ёй:
— Вы не выедзеце, покі я не вярнуся?
— Калі я паеду, я і сама яшчэ не ведаю. А можа, і зусім не паеду.
— А вы пад машыну не будзеце кідацца? — ціха спытаў ён яе, усміхаючыся.
— Не буду,— яшчэ цішэй прамовіла яна, азірнулася і апусціла вочы.
Ён умомант нахіліўся да яе і пацалаваў крэпка-крэпка. I, п’яны ад гэтага пацалунка, борзда выйшаў з палісаднічка. А панна Ядвіся сядзела, нахіліўшы галаву, і аб чымсьці моцна-моцна задумалася.
У нядзельку раненька, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі вучнямі, правёўшы ноч на станцыі, садзіўся ў вагон. Прабілі тры званкі, гучна і адрывіста азваўся паравоз, абуджаючы ранічны пакой бясконцых балот, і поезд зрушыў з месца. З шумным шыпеннем выпускаючы пару, усё быстрэй і быстрэй бег паравоз, і ў нейкую своеасаблівую, глухую музыку злівалася тухканне цяжкіх ног поезда.
Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Штось прыемнае і радаснае ўлівалася яму ў душу ад гэтых новых малюнкаў і ад гэтага размашыстага бегу машыны. Борзда адыходзіла назад станцыя з высокаю вадакачкаю, закрываючыся свежаю зеленню раслін. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Хутка вынікалі і беглі ўсё новыя і новыя малюнкі гэтага зачараванага краю. Балоты з густымі зараслямі лазы, кустоўніка і маладой асакі рассцілаліся шырачэзнымі круглымі абшарамі, па краях якіх ледзь віднеліся зубатыя цёмныя палоскі лясоў. Балоты канчаліся, побач дарогі ўставалі высокія сцены бору, бор перасякаўся вясёлымі палянкамі; там-сям віднеліся на іх людскія будынкі, а бярвенні гэтых будынкаў, асветленыя сонцам, здаваліся маршчынамі на разумнай галаве чалавека, які многа думае і разважае. Вясёлыя палянкі абводзіліся аправаю пышна-зялёных хвойнікаў на жоўценькім пясочку. Нейкім прыветам, ласкаю і цішынёю патыхала ад гэтых сакавітых хвойнікаў, ад гэтых людскіх будынкаў. А як прынадна і прыгожа павіваліся і беглі ў хвойнік каляінкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх так рэдка пракоціцца сялянская цялежка! А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна купчастых хвоях у полі! Чымся родным, мілым, даўно знаёмым веяла ад аксамітных абрусаў маладога жыта і ад кволых бледна-зялёных усходаў ранніх аўсоў!