Выбрать главу

На першае месца сеў інспектар, ён і быў старшынёю камісіі, на другое — Пражорыч. Трэці член камісіі быў той настаўнік, чые вучні экзаменаваліся. Вучні ж адчувалі сябе мала чым лепей за тых цялят, якіх загналі на разніцу.

Вучнёўскія сшыткі даюцца інспектару. Ён па спіску выклікае вучняў. Вучань, трасучыся, падыходзіць да стала.

— Што трэба напісаць у слове «телега» пасля л? — пытае вучня інспектар.

— Трэба напісаць яць,— адказвае вучань.

— А чаму ж ты напісаў е?

— Спужаўся,— адказвае вучань.

— Ну, чытай тут,— інспектар дае вучню кнігу, а сам, грозна насунуўшы бровы, зварачаецца да настаўніка: — Чаму вы падчыркнулі «не смотря»? Якая ж тут памылка?

Малады настаўнік пазірае на падчыркнутую памылку, на яго твары адбіваюцца рашучасць і смеласць.

— «Несмотря», гаспадзін інспектар, трэба пісаць злучна.

— Вы самі слаба знаеце граматыку,— адказвае громка інспектар.

— Выбачайце, гаспадзін інспектар: «несмотря» пішацца злучна,— стаіць настаўнік на сваім.— Па Гроту «несмотря» — пішацца разам.

Які ні важны інспектар, якое ні вялікае яго начальніцтва, але пры слове «Грот» ён перастае спрачацца, хоць лёгка здавацца і не хоча.

— Трахім Пятровіч,— зварачаецца ён да Грынько,— прынясіце сюды Грота.

Трахім Пятровіч кажа:

— Так, гаспадзін інспектар, «несмотря» пішацца злучна,— але ідзе і выносіць з шафы Грота.

У тыя часы Грот сядзеў незвычайна крэпка на сваім троне. I калі ты казаў свайму супярэчніку, што па Гроту пішацца так, то ўжо ніякія довады чалавечага розуму не маглі зрушыць цябе з пазіцыі. Калі сказаў Грот, то — аман. Тут канец, і далей ісці няма куды.

Чарга прыходзіць да вучняў Філюка. Інспектар разглядае дыктоўкі.

— Вашы напісалі добра. Але па сінтаксісу яны значна крапчэйшыя, чым па этымалогіі,— зазначае інспектар.

— Не наладжана сігналізацыя па этымалогіі,— робіць ціхенька ўвагу Грынько на вуха Лабановічу.

Філюк, як ні ў чым не бывала, адказвае інспектару:

— Я наогул на граматыку зварачаю ўвагу.

— Гэта і відаць,— хваліць яго інспектар.

Вучнёўскія пакуты канчаюцца, іх пускаюць, а інспектар робіць увагі то таму, то другому настаўніку, вельмі важна кланяецца ім і з папом Пражорычам ідзе абедаць.

Настаўнікі застаюцца на некаторы час, абедаюць з выпіўкаю, віншуюць адзін другога са сканчэннем вучэбнага года і распаўзаюцца па сваіх трушчобах.

— А вы, калега, можа, паначуеце? — сказаў Грынько Лабановічу.

— Не, калега, я і так адну лішнюю ноч правёў у дарозе, трэба ехаць.

Лабановіч даўно ўжо маркоціўся па Цельшыне і вельмі быў рад, калі скончыліся экзамены. Ён яшчэ цэлую гадзіну чакаў на станцыі, пакуль прыйшоў поезд. Позна ўночы выехаў ён дадому.

XXXV

«Гэта мой апошні тут вечар,— казала сама сабе Ядвіся.— I я не ўбачу яго!»

Яна задумалася, прыслухоўваючыся да голасу свае думкі. Няўжо ж і не ўбачыць яго? Ніколі не ўбачыць? I нашто яна зманула яго? Яна ж і тады ўжо ведала аб тым, што заўтра, у панядзелак, паедзе, а яму сказала, што не ведае, калі будзе выязджаць. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Дом толькі тады жывы, калі ў ім жыве гаспадар, бо гаспадар — душа свайго дома. Як смутна і тужліва пазіраюць гэтыя шкляныя вочы пустой і мёртвай кватэры! I дарэмна гэты малады бліскучы месячык стараецца ажывіць пагаслыя вочы: яны свецяцца, а жыцця няма.

Ёй нават страшна. Яна нізавошта цяпер не падыдзе да іх, як падыходзіла калісь, калі гэтыя вокны жылі і так прыветна пазіралі на іх двор светла-зялёным святлом. О, тады ёй было весела, і яна так ціхенька падыходзіла, як начны матылёк, да гэтых вокан, яшчэ цішэй падымалася на плот перад вокнамі і доўга пазірала туды. Шчаслівая ўсмешка прабягала па яе губках, бо ён нічога не ведае, сядзіць якраз насупраць, схіліўшы галаву над кнігай, і толькі зрэдку правядзе рукою па сваіх цёмных, зусім яшчэ маладых вусіках. Смешны ён, калі падымае свае вочы, такія добрыя і ўдумныя, і пазірае ў акно. I гэтыя вочы, напэўна, шукаюць яе. Яна ж тут, але яго вочы не бачаць яе. I смешна ёй, і радасна. Але ён гэтага не ведае...

«Не! Ён многа не ведае чаго — і ніколі ведаць не будзе!»

I чаму салгала яму? Ну, чаму? А можа, заўтра не ехаць? Ад яе залежыць. Татка ж не гоніць яе. Ён цяпер такі добры з ёю! «Пагуляй ты, кажа, Ядвіська: не гарыць жа там у цябе!» Яе татка добры, але чагось яна баіцца яго. Ёй страшна, калі ён прыйдзе дадому, а вочы яго пазіраюць кудысь далёка-далёка, як бы яны сышлі з яго твару, а гэтыя грозныя, жорсткія вусы, як хмары ў навальніцу, апусцяцца ўніз.