Выбрать главу

Развіднялася.

Як лагодная ўсмешка, заяснелася неба на ўсходзе, заяснелася і паружавела. Прасторы зямлі шырыліся, разгортваючы свае малюнкі-чары. I хто не паддасца гэтым чарам?

Палессе засталося дзесь ззаду. Іншая краіна, іншыя малюнкі. Месцамі рассцілаліся прасторныя даліны рэчак, а самі рэчкі пакручастымі завітушкамі вельмі прыгожа вырысоўваліся ў сваіх высокіх беражках. Над далінамі ўзнімаліся роўненька акругленыя схілы ўзгоркаў, аздобленыя зеленню маладой ярыны. На маладых аксамітных усходах палёў, на прыдарожнай траве, сакавіта-жыццёвай, на лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы. Выступалі цёмна-сінія сцены высокіх лясоў, прыгожа раскіданых па бясконцых прасторах зямлі.

I радасць жыцця была разліта ў прыродзе. Пульс гэтай жыццярадаснасці біўся кожны момант у кожным куточку гэтых вясёлых прастораў. На полі сям-там паказаліся людзі з сохамі і плугамі. У прасторах надзем’я замільгалі вольныя птушкі. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Ляціць доўга, паволі адстае, зварочвае кудысь убок і знікае.

Дзень зачаўся.

Лабановіч пільна ўглядаецца ў гэтыя далі, у гэтыя ўсё новыя і новыя малюнкі. Спаць яму зусім не хочацца. Ён адчувае, што чым далей ад’язджае ад Палесся, тым меншую ўладу маюць яго чары над ім. Тое, што так моцна захапіла яго там, што непакоіла яго мыслі,— усё яно заціхала, як бы ніжэй асядала на дно душы. У яго цяпер было такое адчуванне, нібы ён толькі што пачаў ачуньваць пасля нейкай хваробы.

«Дарога, вандроўка — самае лепшае лякарства ад усякіх напасцей»,— зазначае сам сабе Лабановіч і сам сабе ціха ўсміхаецца.

У гадзін адзінаццаць раніцы ён выйшаў з поезда са сваімі двума чамаданчыкамі. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Але ехаць ён не хоча: навошта на такое глупства грошы траціць, калі чамаданы можна пакінуць у стоража, балазе ён добры знаёмы, а самому пехатой пайсці? Ён так і зрабіў: будуць у мястэчка з дому ехаць — і чамаданы забяруць.

Хвілін праз пяць сустрэчны пасажырскі поезд прыйшоў. Лабановіч намерыўся ўжо рушыць у дарогу, аж чуе — аклікае нехта, семінарскаю мянушкаю называе:

— Стары! Стары!

Азірнуўся — зямляк-аднакашнік Алесь Садовіч. Ідзе-калыхаецца, чамадан з распёртымі бакамі тарабаніць, а цераз плячо накідка звешваецца. На смуглым твары разліваецца самы шчаслівы смех.

Лабановіч шпарка пайшоў яму насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню. Прыяцелі спыніліся, паглядзелі адзін аднаму ў вочы.

— Га-га-га-га! — басістым смехам загрымеў на ўсю станцыю Садовіч.

— Не смейся, Бас, бо ў сківіцу дам!

Сябры шчыра абняліся. Блізка года яны не бачыліся і за гэты час значна змяніліся, галоўным чынам змяніліся таму, што з семінарскіх скур павылузваліся.

— На лета прыехаў?

— На лета. А ты?

— Няхай яно згарыць. I я, брат, на лета да бацькі... Уцёк, можна сказаць,— прамовіў Садовіч.

Зноў апанавалі балаголы і пачалі тузаць. Ледзьве адбіліся ад іх.

— Пехатою пойдзем, Алесь, а чамадан Марозу нясі — там і мае ляжаць.

Аддаўшы чамаданы пад ахову стоража, юнакі-настаўнікі пусціліся ў дарогу. Усяе дарогі было вёрст сем-восем. Ішлі весела. Ідучы, дзяліліся сваімі ўражаннямі, навінамі, і гаворка іх часта перарывалася дружным смехам.

Мінулі пераезд.

— Стой, старына, прысядзем, дружа!

— Давай прысядзем.

Яны звярнулі з дарогі, выбралі слаўную мясцінку — зялёны грудок сярод жоўценькага пясочку — і спыніліся. З аднаго боку перад імі ляжала досыць убогае тарфяное балота. Нізенькія кусцікі, хірлявыя алешынкі ўперамежку з ялаўцамі кучкамі раскідаліся па балоце. Па другі бок дарогі цягнуліся пясчаныя груды. Купінкі белага моху, разложыстыя нізенькія хвойкі надавалі характар нейкай маркоты гэтаму пейзажыку.

Садовіч разаслаў сваю накідку.

— Лажыся, брат! — сказаў ён і выцягнуўся на спіне, упёршыся абцасам у пясок.

— Эх, Стары! Добра, брат, расцягнуцца на сваёй роднай зямлі, ляжаць і лічыць, колькі вёрст да неба.

— Адным словам, хоць на кароткі час Манілавым зрабіцца,— дадаў Лабановіч.

Хвілінку паляжалі моўчкі.

— А я, брат, не спаў усю гэтую ноч.

— Гэ,— загуў басам Алесь,— ці адну ноч не спаў я! Няхай яно, брат, запаветрае.

— Што ж ты рабіў, у карты дуў?

— Усяго, брат, было: і карты, і піятыка, і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела.

У голасе Садовіча пачуліся ноткі нездавалення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць.

— Думаю пераводзіцца ў другое месца і ўзяць ужо сябе ў рукі, а то гэтыя зборышчы, гарэлка, карты і ўся местачковая брыдота зацягнуць зусім. I самае важнае — ніякае стравы для галавы. Не чытаў нічога і школу апусціў... Бесхарактарны я, брат Стары,— на тон самабічавання з’ехаў Садовіч,— але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Я ўжо намеціў сабе праграму — гатавацца буду за курс гімназіі.