Выбрать главу

Садовіч энергічна перавярнуўся на бок і смела зірнуў на сябра. Вочы яго загарэліся, і выраз усяго твару свяціўся рашучасцю.

— Ты не прападзеш, Алесь,— паддаў яму духу Лабановіч.— Усе мы, браток, напэўна, за першы год настаўніцтва многа навучыліся мудрасці жыцця. Самае галоўнае, друг ты мой, гэта тое, каб не страціць усведамлення сваіх памылак...

— Правільна, старына,— падхапіў Садовіч.— Трэба ж, брат, знайсці ў жыцці нешта такое, што дадавала б сэнсу гэтаму жыццю. Трэба перш за ўсё пашырыць свой кругагляд, выблутацца з павуціння, што засланяе разумнае жыццё.

Сябры захапіліся гэтаю тэмаю. Але іх разважанне круцілася ў замкнутым коле агульных пытанняў маралі, ідэалізму і ў няясным парыванні да «разумнага» жыцця. Усе ж дарогі, якія маглі б прывесці іх да выйсця з гэтага зачарованага кола, для іх былі няясныя — сяброў шчыльна і моц¬на загрузіла семінарская навука і семінарскае выхаванне. Яны не бачылі таго палітычнага ўціску і сацыяльнага зла, якімі было забіта і прыдушана жыццё. Трэба было саматугам працярэбліваць дарогі, а дзеля гэтага трэба было так ці іначай узысці на іх.

Гэтыя разважанні мелі для сяброў тое значэнне, што падмацавалі іх у шуканнях чагось новага, асэнсаванага і падымалі над забраснявелым балотам грамадскага жыцця; гэтыя разважанні падтрымалі той агонь, які не дае памерці і заглухнуць чалавеку для грамадскай работы,— адным словам, яны былі як бы маральнаю чысткаю, што ніколі не шкодзіць чалавеку.

— Так, брат Алесь, нам трэба шчыльней злучыцца, пісаць адзін аднаму, часцей рабіць паверкі самім сабе і час ад часу пытаць сябе: «Ці ёсць яшчэ порах у парахаўніцах?»

— Ёсць! — заўзята адказаў Садовіч.

Ён зусім настроіўся на ваяцкі лад і ўсё мацней усталёўваўся на сваіх новых пазіцыях — парваць усякія зносіны з местачковай кампаніяй і жыць «разумна».

— А то сап’ешся і прападзеш, як цюцька.

Успомнілі сваіх сяброў-аднакашнікаў, знаёмых маладых настаўнікаў. Шмат аб кім не мелі вестак.

— А ведаеш ты нашага Івана Тарпака? Гэта ты, здаецца, ахрысціў яго Тарпаком? — запытаўся Садовіч і весела засмяяўся.

— Не, не чуў аб ім. А што?

— Пацешны хлопец. Перш за ўсё атэістам зрабіўся. I нікога прызнаваць не хоча. Назначылі яго не то ў Апечкі, не то ў Зарубежжа. Там ужо нікога няма, адзін як палец. Завёў з бабамі шашні, гуляк на сяле знайшоў, кампанію водзіць з імі. Захацелася раз выпіць, а не было за што. Дык ён узяў ды прапіў Ісуса Хрыста: за кварту гарэлкі аддаў мужыку школьны абраз. «Калі, кажа, ён ёсць сапраўды Бог, то зноў у школу вернецца». Вось які наш Іван!..

— Ды гэтага ад яго можна спадзявацца,— заўважыў Лабановіч.

— А цяпер мае намер цара з царыцаю прапіць і ехаць у Амерыку.

Паводзіны Івана Тарпака развесялілі маладых настаўнікаў. Успомнілі яго семінарскую біяграфію. Гэта быў здольны хлопец, але страшэнны гультай, трымаўся з усімі незалежна, да лекцый гатаваўся слаба. А калі яго выклікалі да дошкі і ён пачынаў збівацца, то на заўвагі настаўніка звычайна адказваў:

— Я спужаўся,— і пры гэтым рабіў міну зусім перапалоханага чалавека.

Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех.

Адзін з настаўнікаў, акінуўшы поглядам яго фігуру, сказаў:

— Ды чаго табе пужацца? Ты ж можаш сцерці мяне ў парашок.

I тым не меней на гэтых пярэпалахах Іван Тарпак шчасліва даехаў да канца семінарскага курса.

Сонца звярнула з поўдня, было досыць горача.

Садовіч сеў на сваёй накідцы, зірнуў на дарогу і сказаў:

— Што, Стары, пойдзем, можа?

— Давай будзем рухацца.

Зрабілі кароткую нараду, якою дарогаю ім пайсці дамоў. Дарог было некалькі, і кожная мела пэўныя перавагі ў параўнанні з аднымі і чым-небудзь уступала другім.

— А ведаеш ты што,— сказаў Лабановіч,— давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал...

— А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч.— I ўжо калі на тое пайшло, давай зойдзем там да Шырокага. Ён і мне, гад, яшчэ з Каляд застаўся вінен тры рублі картачнага доўгу.

— Ідзе,— адгукнуўся Лабановіч.

Сябры падняліся, паправілі свае гарнітуры і павярнулі на Панямонь.

III

Мястэчка Панямонь — прашу не змешваць яго з другою Панямонню — было ў трох вярстах ад станцыі, а можа, нават і меней. Гэта старадаўняе мястэчка. Стаіць яно ў прыгожым месцы над Нёманам, на шырокім гасцінцы, што ідзе з Нясвіжа на Мінск. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Улева будзе чыгунка, мост над ракою. А як прыгожа выглядае адгэтуль Нёман! Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален-нартоў, павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах, атуленых лозамі і пахучымі травамі-зеллем, далінамі-лугамі, палямі-ўзгоркамі з залатымі або беласнежнымі схіламі пяскоў... Смела кажу: мала дзе знойдзеце вы такія прыгожыя рэчкі, як Нёман.