Выбрать главу

Лявей чыгункі — другое мястэчка, большае за Панямонь, хоць і Панямонь мястэчка не малое. А вапельная гара! А Сіняўскі гай... Хіба толькі той не паддасца чарам іх хараства, хто ў харастве нічога не кеміць.

У мястэчку Панямонь многа розных выдатных будынкаў і ўстаноў. Тут ёсць цагляная лазня, царква Св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Але вы яго, напэўна, не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Адным словам, мястэчка вельмі выдатнае, і калі, бывала, уваходзіш у яго, дык несвядома пачынаеш прасякацца вялікаю павагаю і пашанаю.

Заслугоўваюць увагі і самі панямонцы. Гэта ўсё мілыя і добрыя людзі, і многа ў іх далікацтва. Калі іх моцна што здзівіць, то сваё здзіўленне,— а гавораць яны борздзенька,— выказваюць так:

— Ва! Ва!

Пры гэтым некаторыя дабаўляюць «браток ты мой». Але ў слове «браток» літару «а» вымаўляюць, як «ы», і такім чынам яны кажуць:

— Ва! Ва! Брыток ты мой.

Вось у гэтае мястэчка і накіраваліся нашы вандроўнікі — Лабановіч і Садовіч.

Прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Чыстая вада, жоўценькі пясочак на дне, прыгожы беражок — усё гэта вабіла такой спакусаю, што маладыя настаўнікі змушаны былі спыніцца. Сам Нёман, здавалася, казаў ім:

— А можа б, вы, хлопцы, пакупаліся?

I, нягледзячы на тое, што час для купання быў заранні, бо каноплі былі яшчэ не настолькі высокія, каб у іх магла схавацца варона1, настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асвяжыліся і пачуліся як не трэба лепей, пасля чаго пайшлі ў Панямонь малайцы малайцамі.

У той час, калі сябры купаліся, на ганку фельчарскага пункта сядзеў гурток панямонскай інтэлігенцыі. Гэта была група найболей дзейных карцёжнікаў, самых, што называецца, заядлых канаводаў. Тут быў сам фельчар Мікіта Найдус, зухаваты хлопец-праныра. Супраць яго сядзеў валасны старшыня Брыль Язэп, нізенькі, кругленькі чалавек накшталт французскай булкі, з носам драпежніка. У колах карцёжнікаў ён больш быў вядомы пад мянушкаю «Акула», як назваў яго Тарас Іванавіч Шырокі. Гэты «хрышчоны бацька» Брыля сядзеў тут жа поруч з ім. Шырокі — тутэйшы настаўнік, загадчык двухкласнае школы, быў шырокім не толькі па прозвішчу, але і па сваёй фігуры, і па сваёй натуры, і нават па размаху гульні ў карты.

Усе яны зрэдку перакідаліся кароткімі сказамі. Але відаць было па тварах, што яны даўно ўжо прыгледзеліся адны другім і што ім чагось бракавала. Душы іх знаходзіліся ў стане тамлення і праглі дзейнасці, шукалі вострасці адчування, але выхаду не знаходзілі. Шырокі задуменна пазіраў кудысь у прасторы. Найдус ціхенька пасвістваў і барабаніў пальцамі, а Брыль Язэп паварочваў драпежніцкі свой нос направа і налева. Ён першы заўважыў маладых вандроўнікаў.

— Хто гэта такія?

Увага трох прыяцеляў спынілася на незнаёмых падарожных. А тыя, у сваю чаргу, пазіралі на гэтых трох і, як відаць, яшчэ здалёк пазналі іх.

Напрактыкаванае вока Шырокага адразу аднесла гасцей да належнай катэгорыі.

— Педагогі! — сказаў ён, і голас яго ажыў, набыў зразу жыццёвую моц, а вочы яшчэ вастрэй уставіліся ў маладых хлопцаў: хацелася ж пазнаць іх. I толькі тады, калі Лабановіч і Садовіч шырокімі ўзмахамі рук паднялі свае шапкі і артыстычна пакланіліся кампаніі панямонцаў, Шырокі ажыў яшчэ больш. Ён усхапіўся з месца, дзябёлая фігура яго рэзка калыхнулася, страсянуўшы ганак. Гучным голасам прывітаў Шырокі маладых настаўнікаў:

— А галубчыкі ж мае! Адкуль жа гэта вы?

Шырокі размашыста рушыўся насустрач гасцям, прычым жывот яго закалыхаўся, як човен на вадзе. Па чарзе абняў ён аднаго і другога госця. А госці ў абдымках Шырокага як бы на момант знікалі з вачэй, закрываліся фігураю яго і траціліся ў ёй.

— Вот люблю свайго брата настаўніка! Гэта — соль зямлі! — крыкнуў ён, зірнуўшы на фельчара і старшыню.

Шырокі выказваў усе адзнакі нястрымнага руху, парывістай, стыхійнай радасці і бушавання: спатканне з калегамі прывяло яго ў гэты надзвычайны стан душы.