— Пакланіся ім ніжэй, гулугала ты! — накінуўся Шырокі на старшыню.
У той час, калі старшыня вітаўся з настаўнікамі, Шырокі ўхапіў яго за карак і нагнуў галаву.
— Гэта — святыя мучанікі за ідэю народнае асветы, не тое што ты, камінар цёмны: толькі тое і робіш, што за нядоімкі апошнюю цялушку цягнеш са двара, або ты, рыцынная душа: стружа чалавека жывот, а ты з яго рыцынаю пазалеташняе выганяеш.
— Не чапай ты ўжо лепш медыцыны: нічога ты ў ёй не разумееш,— заступіўся фельчар за сваю прафесію.
Зняважліва глянуў Шырокі на фельчара, галавою паківаў.
— Ды хіба ж я проціў медыцыны кажу? Трубка ты гутаперчавая.
Словам, Тарас Іванавіч Шырокі разышоўся на радасці, што калег спаткаў, бо толькі ў сваіх калегах ён бачыў сапраўдных людзей, з якімі адчуваеш сябе, як з братамі.
З’яўленне новых людзей прынесла значнае ажыўленне. Найдус і Брыль таксама заварушыліся, бо была надзея перакінуцца картамі з дарагімі гасцямі.
Азірнуўшы спотайку маладых настаўнікаў, Брыль, здавалася, абнюхаў іх кішэні, але гэты агляд не выклікаў вялікіх надзей на скарбы, бо настаўнікі былі адзеты не надта фарсіста. Ну, але гэта не так ужо важна! Важна было тое, што каля новых людзей можна сабраць кампанію. Брыль зараз жа заспяшаў да воласці, бо якраз трэба было адсылаць пошту і падпісваць паперы. Што б там ні казаў Шырокі, а не падпісаная старшынёю папера з воласці не пойдзе. Ён развітаўся і на развітанні перамігнуўся з Найдусам і Шырокім. Сэнс гэтых мігаў быў прыблізна такі: «Банчок можна лічыць наладжаным. Склікай брацію».
Усё гэта зрабілася, разумеецца, вельмі борзда, мімаходам, між іншым.
— Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі.— Ты, п’яўка, заклікай гасцей ды па пляшку пасылай.
— Далібог жа няма за што! — і Найдус некалькі разоў пастукаў сабе кулаком у грудзі.
— Тфу! — плюнуў Шырокі і акінуў фельчара зняважлівым вокам.
— А нашто тая гарэлка?
— Кіньце вы гарэлку! Паседзімо трохі — і дадому...
— А браткі ж мае родныя, куды дадому?! I не думайце нават. Я рад, што сваіх братоў-настаўнікаў бачу: хоць душу адвесці ёсць з кім.
— А мы, прызнацца, і выбралі такую дарогу, каб Тараса Іванавіча не мінуць.
— Малайцы, ей-ей малайцы!.. Пойдзем, хлопцы, да мяне!
Шырокі ўстаў, як бы паравоз зрушыўся, узяўся за рукі калег.
— Пойдзем! — пазваў ён і Найдуса.
— Мне да хворага зайсці трэба.
— А чаго табе ісці? Пашлі рыцыны — і ўсё.
— Я потым прыйду.
— Дык прыходзь.
Шырокі і два калегі выйшлі на пясчаную вуліцу. Правей ішла яшчэ адна вуліца. На самым канцы яе стаяла камяніца Базыля Трайчанскага. Адгэтуль яна бадай што была і не відна — яе закрывалі хаты, і толькі ганак, вышклены разнастайнымі каляровымі шкельцамі, выступаў на вуліцу і як бы казаў, што камяніца — не якая-небудзь пустая мара, а рэальны здабытак рэальнага чалавека. Гэтая камяніца ў сваім часе была выдатнейшаю праяваю ў жыцці Панямоні. Аб ёй было многа гутаркі сярод панямонцаў, а сам уласнік параўноўваўся з суседнімі дваровымі панкамі — Пласкавіцкім, Дашкевічам, Лабоцкім. Базыль, слухаючы гэта, толькі пазіраў з-пад казырка шыракаверхае настаўніцкае шапкі і дабрадушна пасмейваўся. Разумеецца, пры гутарках прабівалася людская зайздрасць, бо ніхто з панямонцаў не адмовіўся б ад такой камяніцы.
Прайшоўшы колькі крокаў, настаўнікі павярнулі ўлева. Мінулі кузню, Лабановіч, ідучы каля кузні, акінуў яе поглядам. Яму ўспомнілася, што тут спрытны каваль Хаім нацягаў шыны на колы, што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарскіх справах. I кузня і само мястэчка тады неяк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы. I яму стала чагось смутна, але гэты смутак быў мімалётны, няясны. Недалёка ад кузні працякала малюсенькая рэчачка Панямонка, над якою прыгожа нахіліліся крохкія шыракаверхія вербы, як бы ўслухоўваючыся ў шолах і бульканне малюпасенькіх хвалек.
Усю невялікую дарогу, хвілін на пяць хады, Шырокі не пераставаў у значна павышаным тоне расказваць аб затхласці местачковага жыцця, аб нікчэмнасці інтарэсаў панямонскай інтэлігенцыі. Ён энергічна махаў рукамі, соп, жаліўся на гарачыню, знімаў сваю белую шапку з двума значкамі і хустачкаю абціраў коратка астрыжаную галаву.
— I толькі калі сустрэнеш свайго брата-настаўніка, то пачуешся так, нібы на цябе бліснуў промень сонца з-за хмар пасля зацяжной нягоды,— грымеў Шырокі ўжо каля двара свае школы. I, як бы абурыўшыся затхласцю панямонскага жыцця, ён з сілаю таўхануў нагою веснічкі. Яны бразнуліся аб вароты, і настаўнікі ўзышлі на двор.
Ступіўшы на ганак, Шырокі з шумам сеў на лаўку, адкінуўся, выцягнуў здаравенныя дзябёлыя ногі і пагладзіў свой жывот-ночвы.