— Го-о-о, браткі ж мае, утаміўся!
Лабановіч з Садовічам, зірнуўшы на жывот Тараса Іванавіча, не ўтрымаліся:
— Ну, брат, і жывот жа ў цябе! Мусібыць, на дзесяць тысяч настаўнікаў другі такі не знойдзецца.
Замест адказу Тарас Іванавіч толькі паляпаў рукою па жываце з выглядам самаздавалення.
А жывот у яго быў выдатны. Недарма ж ён паслужыў тэмаю для аднаго паэта. Верш, напісаны невядомым паэтам, не адзін раз зачытваўся Шырокаму ў адпаведных выпадках жыцця. Верш так і называўся: «Жывот»:
Эх, жывот, ты жывот,
Каб ты жыцця не знаў,
I чаго ты за год
У сябе не прымаў:
Бульбы пограб згнаіў,
Засек жыта ты з’еў,
А давольны не быў,
Яшчэ болей хацеў.
Шырокі змоўк у салодкім адпачынку, але гэта быў адзін толькі момант, і Тарас Іванавіч раптам усхапіўся, як спуджаны арол.
— Жонка! Жонка! — загукаў ён на ўвесь школьны двор.
На клік выбег сын яго Лёня, хлопчык гадкоў чатырох. Убачыўшы незнаёмых людзей, ён спыніўся, утаропіўся на іх сваімі яснымі вочкамі.
— Пазнаў ты мяне, Лёня? — спытаў яго Лабановіч.
Лёня прыветна ўсміхнуўся і сказаў:
— Дзядзя, ласказы мне казку!
Следам за Лёнем выйшла і жонка Шырокага, Вольга Сцяпанаўна. Гэта была мілая і добрая жанчына. Яна вельмі была рада гасцям.
— Ты ведаеш — гэта самыя лепшыя людзі на свеце, гэта — настаўнікі!
— Ведаю, ведаю,— сказала Вольга Сцяпанаўна.
Тарас Іванавіч зноў разышоўся і ў натхненні сказаў:
— Эх, каб я не быў жанаты! Свет бы я перавярнуў!
— Сціхні ўжо ты,— сказала жонка,— пляце немаведама што.
— Нічога ты не разумееш, галубка мая!
Вольга Сцяпанаўна заклікала гасцей у дом.
IV
Уваходзячы з гасцямі ў свае апартаменты, Шырокі расказаў, як да яго на кватэру зайшоў нядаўна жандар і, пабачыўшы пакоі, здзівіўся:
— «Какая популярность ваших комнат!»
Шырокі ўсім расказваў пра гэтага жандара і ўсякі раз заліваўся забіяцкім смехам. Так было і цяпер.
— Ну, жонка, шарганіся ты каля буфета ды ці не знойдзеш там чаго.
Такую ўжо натуру меў Тарас Іванавіч. I здавалася дзіўным, каб чалавек яго камплекцыі быў здолен на гэткую рухавасць і стыхійную бурлівасць. У гэтым выпадку маладнякоўскае слова «бурапеністы» падышло б да яго як не трэба лепей.
Вольга Сцяпанаўна выйшла прыгатаваць стол. Лёня ўсеўся на каленях Лабановіча і слухаў казку пра Бабу Ягу. Казка надзвычайна зацікавіла малога, асабліва калі Лабановіч пусціўся на выдумкі і сказаў, што Баба Яга бывае часамі маленькаю, як палец, а потым зноў расце і прымае свой звычайны выгляд. Але ў самым цікавым месцы Тарас Іванавіч грымнуў песню:
Три деревни, два села,
Восемь девок — один я —
і заглушыў казку. Сын запратэставаў рэзка і крыкліва. Тарас Іванавіч толькі павярнуў галаву ў яго бок і, махаючы кулакамі, адбіваў такт і спяваў далей. Сын закрычаў яшчэ грамчэй, каб у сваю чаргу заглушыць бацьку, а бацька, не паддаючыся, падняў голас на некалькі тонаў вышэй. Тады Лёня залямантаваў так, што выйшла Вольга Сцяпанаўна — даведацца, што тут здарылася.
— Ну, дай жа ты дзіцяці казку паслухаць! Добры бацька сам расказаў бы, а ён і паслухаць не дае. Вось вар’ят ужо!
Тарас Іванавіч кінуў спяваць, заліўшыся багатырскім смехам, а потым сказаў да сына:
— Што ж з цябе будзе, калі ты гадоў дарасцеш? Цяпер ужо бацьку злажыцца не даеш, гад ты печаны! — I, павярнуўшы галаву да жонкі, дадаў: — Вось і жаніся ты цяперашнім векам — у труну гатовы палажыць чалавека.
Жонка акінула позіркам фігуру мужа і не то сярдзіта, не то жартліва прамовіла:
— Ото дзіва: паложыш такога ў труну.
Шырокі зірнуў на гасцей і з дакорам паківаў галавою.
— Вось, як пабачыла маладых хлопцаў, дык хоча, каб я памёр.
Раптам ён перайшоў на іншую тэму і расказаў, як у аднаго настаўніка быў у хоры спявак, аб якім ён казаў: «Быў у мяне унісон. Вы ведаеце, што гэта быў за унісон!»
I Тарас Іванавіч зноў затросся ад смеху.
Не пераставаў ён тарахцець і тады, калі селі за стол. У Вольгі Сцяпанаўны знайшлося па чарцы. Смачная наліўка дзесь была прыхована так, што аб ёй і не ведаў Тарас Іванавіч. Наліўка прывяла яго ў вышэйшы стан радасці.
— Ты ў мяне, жонка, малайчына!
Падняўшы чарку, ён сказаў цэлую прамову на тэму, якое значэнне мае ў жыцці беднага настаўніка добрая жонка.
— Пі ты ўжо, малатарня,— смеючыся, азвалася Вольга Сцяпанаўна,— людзі чакаюць выпіць, а ён меле.
Выпілі.
Тарас Іванавіч адкінуў галаву і, гладзячы рукою тое месца, дзе прайшла наліўка, казаў у захапленні:
— А браткі ж мае, а родненькія!.. Іскры вясёлкавыя! Бальзам, амброзія боская!.. Салавейчыкі ў кішках спяваюць!