I Вольга Сцяпанаўна і госці ўрэшце паддаліся ўладзе гэтай шумлівай крыніцы жыцця і вясёласці. Смяяўся Тарас Іванавіч, смяялася і Вольга Сцяпанаўна, і маладыя настаўнікі, гледзячы на іх, смяяўся і Лёня, і час за сталом праходзіў весела, а наліўка яшчэ больш дадавала вясёласці.
Непрыметна і вечар надышоў.
Лабановіч і яго прыяцель заварушыліся, ці не пара ўжо ім дадому?
— Куды ж вы так спяшаецеся? — сказала Вольга Сцяпанаўна.— Жонкі вас чакаюць або дзеці плачуць? Пагасцюйце ў нас... Ды вы яшчэ, мусібыць, не знаёмы з нашаю новаю настаўніцаю?
Пры словах «новая настаўніца» Тарас Іванавіч падскочыў, як на пружынах, не даў жонцы дагаварыць.
— Браткі мае, родненькія! Паглядзіце на яе — і пальчыкі абліжаце!.. Вочы!.. Што за вочы! Неба Італіі свеціцца ў іх. А бровы! А губкі! А фігурка!.. Эх! — выкрыкнуў Тарас Іванавіч і сашчаміў зубы.— Усё на свеце, здаецца, аддаў бы, каб абняць ды прыгарнуць яе...
Тут Вольга Сцяпанаўна замахнулася на мужа чарпаком, а Тарас Іванавіч, ратуючыся, крута падаўся ўбок.
— Нашто ж ты пра яе ўспомніла?
— Тут ёсць кавалеры, а ты што?
— Я, брат, таксама пудла не даю.— I Тарас Іванавіч зноў затросся ад смеху.
— Уй, мяшок! — сказала яму жонка.— Куды табе? Унь хлопцы ёсць нежанатыя, кавалеры... Яна вас у паганскую веру прыводзіць будзе,— звярнулася Вольга Сцяпанаўна да настаўнікаў.
— У якую паганскую веру? — запытаў Лабановіч.
Вольга Сцяпанаўна засмяялася:
— Ну, заставайцеся — будзеце ведаць.
— Дык хіба застанемся, Стары? — запытаў Садовіч прыяцеля.
Лабановіч паглядзеў на яго, уздыхнуў і патрос галавою.
— Алесь, Алесь, не спакушайся, брат, цяжка будзе жыць на волі, калі будзеш мець сэрца ў няволі!
— Гэта вы з практыкі гаворыце? — запыталася Вольга Сцяпанаўна.
Лабановіч адказаў:
— Ён называе мяне стары. Па праву старога я павінен мець усякую практыку і перасцерагчы блазна.
— Го-о-о, браток ты мой! — падхапіў Тарас Іванавіч.— Ці не ў Палессі пакінуў ты сваё сэрца?
Усе засмяяліся.
— Маё сэрца са мною... Вось жа я на злосць вам застануся, у паганскую веру не пайду і на «неба Італіі» пазіраць не буду.
Вольга Сцяпанаўна запляскала ў ладкі: яна была рада, што настаўнікі застаюцца, а Лабановіча яна тут жа паставіла ў прыклад свайму мужу, на што Тарас Іванавіч адгукнуўся:
— Я пакрыўдзіўся б на месцы Лабановіча. Хіба ты, брат, не мужчына, ці што?
Тым часам надыходзіў і вечар. Сонца схавалася за вапельную гару, цень ад яе закрыў усё мястэчка, але дзень ніяк не хацеў саступаць месца вечару, і неба доўга заставалася ясным і светлым.
А ў Панямоні ўжо ўсе ведалі, што да Шырокага прыйшлі два настаўнікі, значыць, збор сёння будзе ў Тараса Іванавіча. Найдус і старшыня і паведамілі аб гэтым знаёмых сваіх, бо іх можна было спаткаць некалькі разоў на дзень. А калі б нават Найдус і старшыня нікому не сказалі, то ўсё роўна ведалі б усе: на гэта ў Панямоні і быў Ёсель.
Ёсель не меў пэўнай прафесіі. Гэта быў бедны местачковы дзяцюк гадоў за дваццаць, бязвусы, безбароды, трохі заіка, трохі гультай і трохі прыдуркаваты. А можа, ён проста прыкідваўся такім, каб мець больш права на тую ролю, якую выконваў ён, жывучы ў Панямоні. Усё яго жыццё праходзіла каля панямонскай «інтэлігенцыі». Ад яе і жывіўся ён, слугуючы ёй і церпячы яе кпіны. З ранку да самага вечара шнураваў Ёсель па мястэчку, непрыметна заходзіў то да аднаго, то да другога, так што і заўважыць яго было трудна. Але варта было падгуляўшаму «інтэлігенту» толькі крыкнуць «Ёсель», як ён зараз жа з’яўляўся, як бы вырастаючы з зямлі. Яму давалі даручэнні збегаць з запіскаю да тае ці іншае асобы, прынесці піва ці схадзіць купіць новую калоду карт. Пры гэтым, каб ён быў рухавейшым, яму давалі чарку гарэлкі ці шклянку піва. I Ёсель весела бег, куды яго пасылалі, а невялічкая здача з’яўлялася яго заработкам.
Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсякіх сямейных свят у Панямоні. Дзён за два, за тры да такіх свят ён абходзіў сваю парафію і напамінаў «парафіянам», што такі і такі тады і тады будзе імяніннікам. Яму казалі з’явіцца ў пэўны дзень, каб занесці павіншаванне. I Ёсель прыходзіў акуратна ў назначаны тэрмін і выконваў свой абавязак. На вечарах Ёсель быў неадлучна, стаяў убаку, каб з’явіцца па першаму слову ў патрэбную хвіліну.
Праўда, была яшчэ ў яго і здольнасць пасмяшыць, павесяліць гасцей, калі яму ставілася такая задача. Тады яго частавалі — ну, разумеецца, недаедкамі, і Ёсель, уплятаючы свініну, строіў жарты і насмешкі над законамі свае веры.
Ледзь толькі пачало цямнець, Ёсель ужо быў, як на варце, у Тараса Іванавіча і чакаў загадаў.