Выбрать главу

Першым прыйшоў Базыль Трайчанскі. Яго яшчэ звалі коратка «База». На твары яго красавала прыемная ўсмешка, і сам ён быў чалавек даволі прыемны, хоць трошкі мешкаваты. Маючы размову з кім-небудзь, ён крыху ківаў галавою і глядзеў як бы спаднізу, наўперад адным вокам, а потым, перакінуўшы галаву ў другі бок, другім. У гэтым пункце ён меў падабенства з курыцаю, калі яна шукае па хаце крошак.

Базыль прывітаўся з калегамі, распытаў іх, ці на ўсё лета прыехалі, як ім паводзілася на настаўніцтве, ці збіраюцца быць летам на курсах. Кожны адказ маладых настаўнікаў Базыль сустракаў дабрадушным смехам.

Тупат на ганку сведчыў аб прыбыцці новых асоб. Іх было дзве: сядзелец Кузьма Скаромны і панямонскі жыхар Мікола Зязюльскі. Жылі ж яны на свеце і займалі ў ім пэўнае месца: аб іх таксама трэба сказаць хоць колькі слоў. Скаромны быў чалавек з прэтэнзіямі на інтэлігентнасць. Любіў ён збіраць грыбы і меў нахіленне да брудных анекдотаў; любіў яшчэ гуляць у карты, але пабойваўся жонкі. Мікола Зязюльскі быў калісь багаты чалавек, задаваў форсу і прагульваў цэлыя сотні рублёў. Аб ім гаварылі з пашанаю. Але непрыметна з’ехаў ён на бзік, адышоў на задні план, страціў пашану і былую славу. I толькі нядаўна ў яго жыцці здарылася адна праява, якая зрабіла яго ледзь не героем сярод панямонцаў. Месяц таму назад, ужо калі Зязюльскі меў 53 гады, у яго жонкі радзіліся блізняты. Гэты факт значна падняў курс Зязюльскага на біржы панямонскага жыцця. Аб ім зноў загаварылі. Сам жа Зязюльскі пасля гэтага заганарыўся і казаў таму-сяму з панямонцаў:

— Ну, куды ж вы варты.

А панямонцы чухалі галовы.

— Вось табе і Зязюльскі.

Зязюльскі прыйшоў ужо выпіўшы. Худы яго твар быў ружовы і блішчаў, як вычышчаны рондаль. Генеральскія вусы рабілі яго важным, нават да некаторай ступені грозным, і толькі нізкі рост яго значна перашкаджаў гэтай грознасці.

Ён падышоў да маладых настаўнікаў, моцна паціснуў ім рукі і кожнаму па чарзе сказаў досыць доўгае слова прывітання і пасля гэтага пацалаваў аднаго і другога.

Зязюльскі падсеў да Лабановіча.

— Любачка мая,— казаў ён,— гляджу я на цябе і ўспамінаю твайго бацьку: тваё аблічча так напамінае мне нябожчыка! — Зязюльскі цяжка ўздыхнуў, журботна звесіў старую галаву, як бы акамянеўшы ў вялікім смутку.— Пятрусь, Пятрусь! Нашто ты памёр? — голасам бязмежнай жальбы выкрыкнуў ён і, падняўшы завільгочаныя слязамі вочы на Лабановіча, сказаў:— Гэта быў мой першы прыяцель, дружака... О, колькі разоў выпівалі мы з ім! — I яшчэ ніжэй апусціў галаву.— Эх...— Ён не мог далей гаварыць і толькі безнадзейна махнуў рукой.

V

Пакуль Зязюльскі выліваў смутак свайго сэрца, сабралася амаль што ўся кампанія. Падышоў вядомы ўжо старшыня Брыль Язэп, памочнік пісара Савось Карэнчык, бяссочны, як таран, вяртлявы хлопец, і дзяк з царквы Св. Магдалены Майсей Памахайлік. Яго яшчэ называлі «Месца пячаці». Гэта мянушка выйшла з валаснога праўлення, бо там галоўным чынам былі бланкі з літарамі М. П. на тым месцы, дзе і ставілася пячаць. Дзяк належаў да тыпу людзей, якіх звычайна называюць цвілымі або сметанковымі. Ён быў крыклівы, гарласты і сваё права бараніў з такім жарам, што толькі Тарас Іванавіч Шырокі, стукнуўшы кулаком-молатам перад носам Памахайліка, наводзіў на яго страх і змушаў заціхаць.

Садовіч і асабліва яго прыяцель на першых часах адчувалі сябе трохі нялоўка сярод гэтае кампаніі і чакалі, што будзе далей. То той, то другі з гасцей перакідаўся з імі адным-двума словамі, але агульнай тэмы для гутаркі не знаходзілася, як бы гэтыя людзі выпадкам сышліся дзесь на вакзале, чакаючы поезда.

— Што ж гэта Найдуса няма? — запытаўся Тарас Іванавіч. Ён добра ведаў, чаму няма Найдуса — фельчар пакручваўся каля новае настаўніцы,— але трэба ж было даць тон і неяк прыступіць да справы.

— Найдус ведае, дзе трэба хадзіць,— чмыхнуў сядзелец.

— Ды яны зараз прыйдуць,— сказаў Карэнчык,— Тамара Аляксееўна і мяне заклікала разам ісці, але я не хацеў ужо станавіцца Найдусу ўпоперак дарогі.

— Чуеш, брат Стары,— шапнуў Садовіч прыяцелю,— давай, брат, адціснем Найдуса!

— Ну, што ж? Папрабуй,— ціха адказаў Лабановіч.

Садовіч, яшчэ не бачачы новае настаўніцы, кашлянуў басам, падаў наперад грудзі,— словам, прыняў пэўную кавалерскую паставу.

Карэнчык яшчэ дадаў:

— Яна дачулася, што прыйшлі маладыя настаўнікі, і хоча пазнаёміцца з імі,— і паказаў галавою на сяброў.

Садовіч непрыметна штурхануў локцем Лабановіча, а той ціхенька азваўся:

— Грунт ёсць.

— Прыйдуць,— пераконана адазваўся Скаромны.— Давай, Тарас Іванавіч, абразікі, каб не так маркотна было чакаць шчаслівай пары.