Выбрать главу

Сядзельца падтрымалі, і Тарас Іванавіч, слаба пратэстуючы, выйшаў і зараз жа вярнуўся з дзвюма калодамі карт.

Дзеля большай вольнасці і разгону пастанавілі перайсці ў класны пакой. Тарас Іванавіч прынёс туды вялізную лямпу «молнія», запаліў яшчэ і вісячую лямпу, і ў класе стала светла...

Каля карт аб’ядналася перш невялікая група гасцей. Туды падсеў старшыня. Увесь час ён маўчаў і цяпер пачаў прыглядацца да карт. Аказалася, што гэтымі картамі гуляць ужо нельга: на адной ражок здзёрты, на другой падазроная плямка. Адным словам, ігра тут небяспечная... Няма ў людзей веры ў адносінах аднаго да другога. Можа, ад гэтага часамі і цяжка бывае чалавеку.

Тарас Іванавіч сказаў з запалам:

— I чалавек з часам аблупліваецца, і пашпарт мяняеш ты ў воласці, а то дзіва, што карты зашмуляюцца.

Шырокага лічылі іграком не зусім лаяльным, але аб гэтым яму ў вочы не казалі. Сам жа ён у цеснай кампаніі часамі гаварыў:

— На тое ж і шчупак у моры, каб карась не драмаў.

Аблаяўшы старшыню «капшуком», Тарас Іванавіч гучна крыкнуў:

— Ёсель!

Зараз жа дзесь у глыбіні дома затухкалі ногі, а яшчэ праз момант на парозе стаў Ёсель.

— На, збегай да Моні і прынясі дзве калоды карт. Ды жыва — на адной назе!

Ёсель узяў грошы, забалбатаў нешта і, шырока ступаючы, знік за дзвярамі.

— А-а-а! — разам ахнула некалькі галасоў.

Праз тыя ж дзверы пад ручку ўваходзіла пара — Тамара Аляксееўна і Найдус. Найдус быў прылізаны, у чорнай тужурцы з бліскучымі гузікамі. Ясна, што была пастаўлена стаўка на закасаванне ўсіх іншых прэтэндэнтаў на прыгожую дзяўчыну. На губах у Тамары Аляксееўны красавалася ўсмешка, ды такая чароўная, што хіба толькі той не мог крануцца ёю, хто ўжо высах на 90 працэнтаў.

Найдус галантна падводзіў сваю даму да кожнага госця, з якім і віталася яна ўсё з тою ж чараўнічаю ўсмешкаю. Кожны стараўся сказаць ёй пры гэтым самы прыемны панямонскі камплімент, а калі ў каго не знаходзілася такога, то хоць адказнаю і таксама прыемнаю ўсмешкаю выказаць сваё захапленне яе прыгажосцю.

Карэнчык таксама расплыўся ва ўсмешку, але гэта вельмі мала дадало яму хараства. Ён быў нават намерыўся нешта сказаць, але з губ сарвалася адно толькі шыканне.

Тарас Іванавіч перахапіў Тамару Аляксееўну ад Найдуса, сказаўшы:

— Кіньце вы гэтага таўкача: я вас пазнаёмлю з нашымі калегамі,— і сам павёў яе да настаўнікаў.

Тамара Аляксееўна павіталася з імі моўчкі, асвятляючы кожнага ўсё тою ж чараўнічаю ўсмешкай. Паходка яе была плыўкая, мяккая. Цёмна-каштанавыя валасы, завітыя спрытнаю, напрактыкаванаю рукою, спускаліся бясконцымі хвалямі на верхні абрыс твару, даючы яму раскошную аправу.

Знаёмячыся з Садовічам, яна проста-такі асыпала яго іскрамі з «неба Італіі», а верхняя губка яе, з невялічкаю ямінкаю пасярэдзіне, лёгенька задрыжала пад павевам найпрыямнейшай у свеце жаночай усмешкі.

— Гэта — свяцільнік Бабруйшчыны,— рэкамендаваў Тарас Іванавіч Садовіча.

«Свяцільнік Бабруйшчыны» кіўнуўся ўсёю фігураю і толькі кашлянуў басам.

— А гэта — прасвяціцель цёмнага Палесся, вялікі пустэльнік, але не кладзіце яму пальца ў рот.

Тамара Аляксееўна падала руку «пустэльніку», а другою рукою лёгенька шлёпнула па руцэ Тараса Іванавіча і назвала яго «златавустам панямонскім». Гэта былі яе першыя словы.

Шырокі, каб апраўдаць славу «златавуста панямонскага», сказаў аб Лабановічу яшчэ:

— Тут, на тэрыторыі, дзе красуе ваша прыгоства, ён асмеліўся заявіць, што не будзе прызнаваць паганскай веры...

— Ой, скажу Вользе Сцяпанаўне,— пастрашыў Лабановіч Шырокага,— не мінуць табе чарпака.

Тамара Аляксееўна з дакорам паківала галавою, пазіраючы на Лабановіча, а Тарас Іванавіч з жарам выпаліў:

— З-за Тамары Аляксееўны гатоў пад розгі легчы і на крыж пайсці.

Але якраз увайшла Вольга Сцяпанаўна, Шырокі асекся і разыграў ролю дураслівага школьніка ў момант з’яўлення грознага настаўніка.

Тамара Аляксееўна кінулася да Вольгі Сцяпанаўны і, па жаночаму звычаю, пацалавалася з ёю.

— Каго ж вы, Тамара Аляксееўна, у паганскую веру прыводзіць будзеце? — запытала гаспадыня.

Госці засмяяліся, зашумелі, а Тамара Аляксееўна, крадучыся, як кошка, накіравалася да Садовіча. Садовіч стаяў у недаўменні і не ведаў, што будзе далей і як рэагаваць на гэта. А настаўніца падышла блізенька, працягнула руку і ўзяла Садовіча за вуха і павяла яго вакол стала пад громкі смех прысутных. На паўдарозе Садовіч спрытна падхапіў яе пад руку і вызваліў сваё вуха. Потым удваіх яны пайшлі да Лабановіча. Як толькі Тамара Аляксееўна працягнула руку, каб узяць за вуха, ён адскочыў убок.

— Эге! — пачуліся галасы.— Паляшук не даецца.