I пачалася беганка. Лабановіч выкручваўся кожны раз, калі Тамара Аляксееўна, здавалася, вось-вось схопіць яго за вуха. Яна ганялася за ім па класе, па лаўках, але дарма. То той, то другі з гасцей стараліся памагчы настаўніцы ўзяць за вуха непакорлівага, але ён вылузваўся, уцякаў і падражніваўся:
— Кароткія ў вас рукі.
Сам Тарас Іванавіч прыйшоў ёй на дапамогу. Не спадзеючыся дагнаць вёрткага «палешука», ён скраўся ззаду, наваліўся ўсім сваім сяміпудовым целам на Лабановіча і ўшчаміў яго жалезнымі рукамі. Ірвануўся бедны хлопец, але вырвацца не здолеў. Тамара Аляксееўна з раскудлачанымі валасамі падбегла і хацела ўжо як мае быць узяць за вушы калегу. Але ў Лабановіча рукі напалавіну былі вольныя, і ён схапіў яе рукі разам з батыставымі рукавамі. Вырываючыся, Тамара Аляксееўна разарвала рукаў.
— Гадасць вы! — сказала яна і пабегла да Вольгі Сцяпанаўны зашываць блузку.
У той час, калі адбываўся абрад «паганскай веры», людзі сур’ёзныя і салідныя, як Скаромны, старшыня і дзяк Памахайлік, прыводзілі ў парадак прынесеныя Ёселем карты, адкідалі непатрэбныя, пачынаючы з двоек і канчаючы шасцёркамі, і пералічалі, ці ўсе карты ў калодах. Калі шум аціх, яны вылезлі з-за лавак і падышлі да стала.
— Ну,— сказаў Памахайлік,— будзем служыць набажэнства.
— Хто закладае банк? — спытаў сядзелец.
Звычайна ніхто першым не называўся. Такі ўжо быў звычай у Панямоні. Наўперад трохі таргаваліся, рабілі выгляд, што нікому іграць у карты не хацелася, а хто проста казаў, што грошай няма. Канчалі ж тым, што цягнулі карты. У каго аказвалася старшая масць, той і садзіўся банкаваць.
Трымаць банк выпала Базылю Трайчанскаму. Павольна сеў ён на самым выгодным месцы за сталом, азірнуў кампанію, кінуўшы направа і налева, палажыў на стол два рублі «банка» і пачаў здаваць, пытаючыся, колькі хто бярэ карт. Потым узяў другую калоду, патасаваў яе на ўсе бакі і ўсімі спосабамі і даў аднаму з партнёраў зняць. Знімаць трэба было асцярожненька, каб, не дай Божа, ніхто не падгледзеў карт. Пасля гэтага Базыль выкладаў дзве карты першага рада. Яны не аплачваліся і замяняліся другімі. Затым банкір патрабаваў ад партнёраў плату. Плацілі, хто колькі назначаў: 15, 20, 10, 40 капеек, у залежнасці ад велічыні банка. Банкір павінен палажыць пяць радоў: чатыры рады па дзве карты, а пяты рад — адну. Хто браў у другім радзе, той меў з банка ўдвойчы болей свае стаўкі, у трэцім — утройчы і г. д. У дзевятым радзе выкладалася толькі адна карта, і калі чыя карта брала ў гэтым радзе, той атрымліваў у дзевяць разоў болей свае стаўкі. Гэтая гульня называлася тэфталем, або дзевятым валам, і была ў пашане сярод панямонскіх інтэлігентаў. Калі на стале зазвінелі грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу:
— Давай, брат, папрабуем. А ну ж!
Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважаную гульню. Была спакуса выйграць, і самы працэс такой гульні быў цікавы, асабліва калі хто браў «дзевяты вал».
— Чорт яго, брат, ведае,— адказаў ён, і ў тоне адказу чулася жаданне папрабаваць шчасця.
Лабановічу ўспомнілася Палессе, Цельшына. Як бы са змроку глянулі вочы панны Ядвісі, і хваля нейкага болю кальнула ў сэрца. Жаль, крыўда адчуліся ў ім. Дзесь, у падсвядомасці, як бы нейкі голас казаў, як неразумна, як брыдка траціць свой час у такіх забавах. А твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне.
Садовіч падышоў да стала, узяў у банкіра тры карты, дастаў свой шчупленькі кашалёк і выняў тры грыўні. А Лабановіч некаторы час стаяў збоку, аддаўшыся сваім думкам аб тым, што так моцна жыло яшчэ ў яго сэрцы.
VI
Банкір толькі-толькі намерыўся выкладаць платны рад, як увайшла Тамара Аляксееўна. Яна зашыла рукаў і прывяла ў парадак прычоску. На губах яе красавалася ўсё тая ж усмешка.
— Тамара Аляксееўна, ці не ўгодна вам картачку? — запытаў банкір.
Тамара Аляксееўна здалёк працягнула руку:
— Пару.
Ёй зараз жа далі месца за сталом, і яна села каля шчаслівага Садовіча. Заплаціла грошы, закурыла папяроску. Лабановіч хацеў падысці і папрасіць прабачэння. Яна ж не падняла на яго вачэй, паціху перагаворвалася з Садовічам і часамі смяялася кароткім смехам.
Не гуляў у карты і Зязюльскі. Ён спярша сядзеў здалёк і пыхкаў папяросаю, скручанаю з махоркі. А каб махорачны дым не біў у інтэлігенцкія насы, ён разганяў яго рукою, бо ўладары гэтых насоў звычайна заяўлялі пратэст.
Так і цяпер Тарас Іванавіч, чмыхнуўшы носам, прамовіў, глянуўшы ў бок Зязюльскага:
— Ты, бацька-дубальтовік! Зноў засмуродзіў!
Зязюльскі шпурнуў сваю суслу-папяросу. Яна ўпала дзесь на лаўку і, як ракета, пырскнула іскрамі.