Выбрать главу

— Ты мне школу спаліш! — накінуўся зноў Шырокі.

Зязюльскі затаптаў папяросу, падышоў да стала і прыпыніўся за спінамі ігракоў. Калі банкір пачаў класці карты ў рады, на адзін момант стала ціха, як у магіле.

У другім радзе не выйшла нічыя карта.

— Мост кладзе!2 — сказаў Найдус і зірнуў на няверную Тамару Аляксееўну.

— Для банка гэта нядобры знак,— азваўся Базыль.

— Ёсць! — крыкнуў Карэнчык і выкінуў на стол чырвеннага ніжніка.

— Вярнуў сваю стаўку,— падаў голас Садовіч і таксама выкінуў карту.

Перад чацвёртым радам стан напружанасці ігракоў павысіўся.

— Мая! — сказала Тамара Аляксееўна і засмяялася.

Банкір заплаціў грошы і паклаў другую карту чацвёртага рада.

— Мая! — яшчэ грамчэй заявіла Тамара Аляксееўна.

Шум адабрэння пранёсся сярод ігракоў.

— Ёй у каханні і ў картах шанцуе,— гаротна сказаў Найдус.

— Ну, ты так даеш, што зараз іграка страціш. Давай дзевяты рад,— загрымеў Тарас Іванавіч.

Напружанасць яшчэ ўзрасла.

Базыль асцярожненька пасунуў уніз дзевятую карту, зірнуў на яе край, уздыхнуў, кіўнуў галавою направа і налева, каб даведацца, чыя бярэ дзевяты рад. Прыемна ўсміхнуўшыся, ён ткнуў пальцам у карты Садовіча.

— Стары! — гукнуў Садовіч.— Дзевяноста капеек зарабіў!

Тарас Іванавіч з шумам шпурнуў ва стол карты.

— Прапёр шэсцьдзесят капеек,— прызнаўся Памахайлік.

— Скупы ты, Базыль, чалавек! — чмыхнуў сядзелец.

— У яго і снегу на Каляды не дастанеш,— з дакорам прамовіў Шырокі.

— Не па-суседску робіш, Базыль,— упікнуў яго і старшыня.

Тамара Аляксееўна і Садовіч пахвалілі банкіра:

— Маладзец, Базыль!

— Вам заўсёды гатоў! — азваўся з прыемнаю ўсмешкаю Базыль.— Банк падвоіўся.— Банкір пачаў зноў тасаваць карты.

— Вось шанцуе — як няхрышчанаму: з першай кідкі банк падвоіў,— з зайздрасцю сказаў Памахайлік.

Партнёры тым часам зноў палезлі ў кішэні.

— Што ж ты, мілачка, так сядзіш? — запытаў Зязюльскі Лабановіча.— Вазьмі картачку. Па пятачку. Многа не прайграеш і не выйграеш, а час правядзеш з прыемнасцю... Дай папяросу.

Лабановіч і сам памыкаўся папрабаваць — вельмі было спакусна і цікава.

— Дай нам пару картачак,— сказаў Зязюльскі да банкіра.

— Калі ласка.

— Добрыя карты! — шапнуў Зязюльскі, глянуўшы на званковую дзевятку і на храстовага караля. Ён прыняў самы жывы ўдзел у новай ролі Лабановіча.— Пастаў на дзевятку дзесяць капеек, а на караля — пяць... Стой, я яшчэ прымажу пяць капеек на дзевятку.— Зязюльскі пашукаў па кішэнях і выцягнуў мядзяк.— Стаў смела!

Ігракі ўваходзілі ў большы азарт. У банку было даволі многа грошай. Хто прайграў, таму хацелася адыграцца і яшчэ зарабіць, а хто выйграў, таму хацелася выйгрыш свой павялічыць. I грошы ямчэй і часцей звінелі на стале, плывучы ў банк.

Карэнчык варажыў на пальцах: ніжнік — сямёрка, ніжнік — сямёрка. I стараўся пацэліць палец у палец, развёўшы ў бокі рукі і робячы імі некалькі калаваротаў. I калі выходзіла, што пальцы стыкаліся пры слове «ніжнік», то на ніжніка і ставілася болей.

У Памахайліка быў другі спосаб варажбы. Ён клаў карты роўненька на край стала і стукаў у іх далонню: тая карта, што адлятала далей, цанілася вышэй.

Чараваў і Найдус, але яго чараўніцтва было асаблівага парадку. Тут было нешта задумана і загадана. Не адны толькі грошы прымаліся пад увагу: да яго прыйшла чырвенная дама, якая сімвалізавала сабою Тамару Аляксееўну. Найдус адлажыў даму і падсунуў пад яе цішком паўрубель, а потым, падумаўшы, палажыў зверху яшчэ грыўню і сказаў банкіру:

— На карце і пад картаю.

Банкір толькі галавою паківаў і стаў выкладаць рады, сказаўшы:

— Бярыце грошы.

— Рана выйшла! — сказаў Памахайлік, выкідаючы на стол карту.

— Наша возьме! — падбадзёрваў Зязюльскі Лабановіча.

— Гані сюды! — крыкнуў Тарас Іванавіч і адвярнуў сваю карту, пад якою ляжаў рубель.

— Вот угадае паставіць,— здзівіўся банкір, адлічаючы тры рублі.

— Я ж табе чатыры прасадзіў.

У чацвёртым радзе ўзяў кароль Лабановіча па пяць капеек. На смех паднялі, а Зязюльскі сказаў:

— Мы яшчэ дзевяты рад возьмем. Пяць капеек зарабіў — і то добра.

З заміраннем сэрца ўсе чакалі дзевятага вала. Банкір паглядзеў у бок Тараса Іванавіча і Найдуса.

— Не даць бы ім.

— Нам давай! — крычаў Зязюльскі.

— А ў вас што?

Лабановіч паказаў дзевятку.

— Ваша! — радасна крыкнуў Базыль.

— А што?

I Зязюльскі пачаў штурхаць локцем Лабановіча, а ігракі кінулі злосна карты.

Бедны Найдус хацеў непрыметна забраць паўрубля з-пад дамы, але банкір сачыў пільна.

— Гані! Гані! — I забраў паўрубель і грыўню.