Выбрать главу

Тарас Іванавіч пацікавіўся картаю, як ні хацеў Найдус выдаваць свае таямніцы.

— Ха-ха-ха! — рагатаў Шырокі.— Тамара Аляксееўна, нашто вы падвялі Найдуса? — і паказаў ёй чырвенную даму.

— Стукаю! — крычаў банкір.— Праменад!

Гэта значыла, што банк патроіўся і будзе апошняя здача карт.

— Прапёр, брат, выйгрыш і сваіх пяцьдзесят капеек,— тужліва прызнаўся Садовіч прыяцелю.— Пушчу яшчэ рубель, і квіта... Ты, брат, маладзец — дзевяты вал узяў.

— А і ты ж узяў.

— Я яшчэ вазьму,— храбрыўся Садовіч.

Базыль раздаў карты. Банк яго рос. Найдус пачырванеў,— відаць, высокія меркаваў стаўкі. А Зязюльскі тым часам даваў дарады Лабановічу, як якую паставіць карту. Паставілі ўвесь папярэдні выйгрыш. Садовіч таксама павялічыў стаўку і заміж рубля паставіў два. Тамара Аляксееўна была зусім спакойная, але чараўнічая ўсмешка збегла з яе губ. Цяпер толькі гульня перайшла ў найвышэйшую ступень напружанасці.

Трывожна акінуў Базыль вачамі поле сваіх праціўнікаў. У банку было рублёў дваццаць. Хацелася захаваць гэты банк, зняць як можна больш. А ігракі прагавітымі поглядамі акідалі кучу грошай, кожнаму хацелася як найбольш выцягнуць адтуль.

Банкір аж закурыў. Яму шчасціла. Нават дзевятага рада нікому не даў. Вылажыўшы апошнюю карту, банкір пазбіраў «мазы» з-пад карт і абедзвюма рукамі пасунуў да сябе грошы.

— Набраўся, як жаба гразі! — з зайздрасцю прамовіў Найдус, хоць ён трохі «адбіўся» за гэты раз.

Лабановіч спусціў свой выйгрыш, але Зязюльскі паддаваў яму духу:

— Выйграем яшчэ! Ты толькі мяне слухай.

Садовіч ціхенька падышоў да Тараса Іванавіча і напомніў яму аб трох рублях доўгу.

— Браток ты мой родненькі! Я ж голы астаўся: сем рублёў прасадзіў!.. Пачакай трохі.

Калі на першы банк банкіраў не знаходзілася, то цяпер іх выскачыла адразу цэлых тры.

— Я дзяржу банк! — загарланіў Памахайлік.

— Банк стаўлю я! — замітусіўся старшыня.

— Шыш аднаму і другому,— грымнуў Тарас Іванавіч і схапіў карты, расчышчаючы месца за сталом.

— Я першы сказаў!

— Паставіш яшчэ, чорт цябе не возьме! — сказаў Шырокі і палажыў на стол тры рублі.

Скрыва глянуў Памахайлік.

— Гэта чорт ведае што! З рук вырываць карты!.. Бочка,— дадаў ён, панізіўшы голас.

— Заткніся, кадзіла... добрасмярдзючае! — Тарас Іванавіч павярнуўся да Памахайліка, акінуў яго грозным вокам.

— Ціха вы, усе нагуляецеся,— лагодненька сказаў да іх Зязюльскі.

Шырокі пачаў раздаваць карты.

— Табе колькі даць, масла ты лампаднае? — спытаў ён Памахайліка ўжо тонам згоды.

— Не хачу на твой банк карты браць.

Памахайлік сядзеў надзьмуты.

— Каяцца будзеш: карты бяручыя.

— Ну, давай.

Злосць у Памахайліка прайшла.

— Піва, горла прамачыць!

— Базыль, пасылай па піва!

Базыль не спрачаецца. Ён нічога не мае супраць піва і адлічвае грошы на тузін бутэлек, бо ён жа выйграў.

На сцэну выходзіць Ёсель, знікае, а праз нядоўгі час тарабаніць поўны кош піва.

Банк Тараса Іванавіча цягнецца доўга. Грошы прыходзяць і выходзяць. Садовіч некалькі разоў даведваецца ў кішэні. Зязюльскі дыпламатычна адышоў ад свайго вучня, бо «настаўніцкія» парады аказваюцца марнымі.

— Ну што? — пытае Садовіч прыяцеля.

— Кепска, брат,— трасе галавою Лабановіч.

Яны адыходзяць ад стала, п’юць піва. Выгляд у іх далёка не геройскі.

— Ведаеш, брат, дзесяць рублёў прапёр... У цябе ёсць грошы? — пытае Садовіч.

— Слаба, брат.

Выпіваюць яшчэ.

Піва шаломіць стомленыя галовы, робіцца трохі весялей. У вачах стаяць фігуры карт, у вушах грошы звіняць, а там, дзесь у нутрах-глыбінях, штось ные, баліць і снуюць неспакойныя думкі. А голас спакусы шэпча — яшчэ ўсё можна паправіць, вярнуць свае грошы...

— Эх, вярнуць бы свае грошы!

Садовіч дыміць папяросаю. Лабановіч прыглядаецца да ігракоў. Нялюдскія цяпер у іх твары: драпежніцкія, прагавітыя, закураныя пылам і дымам. Твар у Тамары Аляксееўны асунуўся, яна як бы пастарэла. Лабановіч думае, рысуе ў думках сваіх вобраз яе ў старасці... Праціўна.

За сталом шум, лаянка.

— Праменад! — грыміць Тарас Іванавіч.

— Пазыч мне рубель,— кажа Садовіч.

— Ведаеш, брат, што,— адзываецца Лабановіч,— давай цішком, як пабітыя сабакі, пойдзем дадому.

— Я чую, што адыграюся. Пазыч рубель. Папрабуем яшчэ.

Яны ідуць да стала, бяруць карты. I ў самы ўрачысты момант апошняй раздачы адчыняюцца дзверы. На парозе спыняецца новая фігура, знімае заношаны капялюш, кланяецца, і па ўсіх кутках класа разліваецца насмешлівы голас:

— Добры вечар, героі зялёнага поля!

VII

Тутэйшым «інтэлігентам» чалавек, што стаяў цяпер каля парога, быў добра знаёмы. Яго з’яўленне нікога не здзівіла. На яго прывітанне ніхто не азваўся, бо ўсе былі ў гарачцы апошняй здачы карт. Новым ён быў толькі для маладых настаўнікаў. Няясная ў змроку постаць яго выплыла на сярэдзіну класа, дзе было светла.