Лысы, лоб круты, маршчыністы. Сам сутулаваты, прысадзісты. Адзеты бедна, але па-інтэлігенцку. Зверху цёмная, па канцах рыжаватая барада яго пачыналася ледзь не ад самых вачэй. Бровы навіслыя, густыя. Твар пануры і часта мяняецца. Вочы неспакойныя, часамі глядзяць нейк дзіка, і іх выраз таксама змяняецца часта. З вушэй тырчаць цэлыя кусты густых валасоў. Гаворыць чотка, выразна, гладка, нават красамоўна. У некаторых пунктах размовы звонка б’е далонню аб далонь. На выгляд яму гадоў пад пяцьдзесят. Гэта быў не хто іншы, як «рэдактар». Сапраўднае ж прозвішча яго было Бухберг.
Рэдактар таксама быў настаўнікам. У яго выйшлі нелады з народам Іеговы, сынам якога ён быў, і школу прыйшлося пакінуць. Ён рэзка нападаў на звычкі свайго народа, жорстка высмейваў яго забабоны і, як той старажытны біблейны прарок, бічаваў яго акасцянеласць і кансерватызм. Праціўнікі называлі яго «місюгінэ», што значыць вар’ят, і хацелі пабіць каменнямі. Была раз рукапашная стычка з імі, але ён паразмятаў іх сілаю і крэпасцю кулакоў сваіх.
Ніхто не даваў яму дапамогі, і рэдактару прыходзілася вельмі цяжка. Але ён гнуў сваю лінію і ні на якія кампрамісы не ішоў. Ён быў дапісчыкам правінцыяльнай газеты і выкрываў «язвы на грамадскім целе». Але рэдактар не здавольваўся роляю дапісчыка. У галаве яго было многа ўсякіх ідэй. Адна такая ідэя — прыступіць да выдання панямонскай газеты. Ён развіваў і прапагандаваў гэтую ідэю сярод панямонскай інтэлігенцыі. Але словы яго падалі на камяністы грунт і засыхалі, не даўшы прорасці, бо ніхто на іх не адгукнуўся. Тады рэдактар махнуў на ўсіх рукою і ўзяўся за газету сам адзін. Яго газета называлася «Панямонскія ведамасці». Уся яна ад пачатку да канца складалася самім рэдактарам. Газета выходзіла раз у два тыдні. Тыраж яе быў ад 10 да 15 экземпляраў. Рассылалася яна не па пошце: сам рэдактар прыносіў яе на кватэры сваіх падпісчыкаў у рукапісным выглядзе. Цана нумара значылася: 10 кап.
Досыць дзіўныя былі адносіны паміж рэдактарам і падпісчыкамі: падпісчыкі пабойваліся рэдактара, а рэдактар пабойваўся падпісчыкаў, каб яны часамі не адмовіліся купляць яго газету. Рэдактару прыходзілася ламаць галаву, хітрыць, пускацца на ўсякія выдумкі, выбіраць жанр і форму ў дастасаванні да панямонскага жыцця і да характару саміх панямонцаў.
Рэдактара часта можна было бачыць у розных кутках Панямоні. Хадзіў ён сур’ёзны, задумлены, да ўсяго прыглядаўся, прыслухоўваўся і часамі нешта запісваў у сваю патрэпаную кніжачку, прасякнутую потам.
Рэдактар спыніўся каля стала, шырока развёў рукі.
— Што я бачу! Змаганне на зялёным полі!.. О, людзі, людзі!! Як далёка адышліся вы ад законаў разумнага жыцця!
— Так, дружа рэдактару, жыццё — гэта адвечнае змаганне. I гора тым, хто будзе пераможан! — тонам філосафа адказаў Тарас Іванавіч. Ён нават не павярнуўся ў бок рэдактара і не ўсё чуў, што той сказаў: трэба было сачыць за платаю.
Памахайлік дадаў:
— У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб твой.
— Не трудзівыйся да не яст,— уставіў і сваю ўвагу Найдус.
А рэдактар як бы не чуў нічога гэтага і казаў далей:
— Там, за гэтымі сценамі, вялікі дом прыроды. Столь яго — неба, расквечанае зорамі. Памост — зямля, дзе чуецца дыханне травы і красак. Там прастор, якому няма граніц. Там кніга адвечнай мудрасці разгортвае свае таямніцы. Вы, у каго ёсць вушы, каб чуць, і вочы, каб бачыць! Ідзіце на прастор, разніміце крылле мыслі, каб пазнаць парадак рэчаў і атрэсці фуз, бруд і пыл, бо імі заслеплены вочы вашы, бо вы замкнуліся ў цесныя сцены, вы прыйшлі ў катух, поўны смуроду, вы атруцілі яго сваім дыханнем.
— А сам рэдактар чаго прыйшоў у катух? — запытаўся Найдус, не зводзячы з карт вачэй.
— Дзівак, дзівак, а што-небудзь ды змарозіць наш рэдактар! — адгукнуўся сядзелец і пусціў смех у вусы.
I гэтыя словы рэдактар прапусціў між вушэй. Ён трагічна патрос лысаю галавою.
— Эх, людзі, людзі! Адзябёлела сэрца ваша, і вушамі вы дрэнна чуеце. Як далёка, кажу вам, стаіце вы ад жыцця! I калі вы, соль зямлі, страцілі салёнасць, то што сказаць аб гэтых малых? Я бачу трупныя цені на вашых тварах. Рука прагавітасці кладзе на іх свае пячаці і выводзіць звера з глыбінь вашае істоты. Бяссонныя ночы запісваюць на іх доўг свой, і вы аддасце яго бясчаснаю старасцю і болем змучанага цела...
Рэдактар яшчэ гаварыў, але яго ніхто не слухаў. Да вушэй ігракоў даляталі толькі словы, але не значэнне іх: звон срэбра і шолах бумажак глушыў іх. I да гэтага бічавання рэдактара панямонцы прывыклі, лічылі з’яваю звычайнаю, сам жа рэдактар для іх быў чалавек, у якога «не ўсе дома». А для вуха Лабановіча гэтыя словы гучалі дакорам, чуліся ў іх горкая праўда і захованы сэнс.