Выбрать главу

Тарас Іванавіч уступіў месца Памахайліку. Ён вельмі ўдала патроіў банк, пасля чаго пайшоў піць піва.

Рэдактар змоўк. Вочы яго патухлі. Адвярнуўся ў другі бок, апусціў уніз вочы і задумаўся, а потым надзеў парыжэлы капялюш і выйшаў, нічога не сказаўшы. У «Хроніцы панямонскага жыцця» трэба было зрабіць сякія-такія дадаткі. Ён пайшоў дамоў, у сваю цесную каморку, запаліў агарак свечкі і стаў пераглядаць сваю газету — надыходзіў тэрмін яе выхаду ў свет. Перад рэдактарам ляжаў рукапісны аркуш паперы. Буйнымі літарамі ўгары гэтага аркуша было напісана:

ПАНЯМОНСКІЯ ВЕДАМАСЦІ

Газета пачыналася з перадавіцы. Перадавіца памечана:

Панямонь, 10 мая.

Наша мястэчка — досыць значны цэнтр у воласці. Па перапісу 1897 года ў ім значыцца дзве тысячы восемсот сорак чалавек насельніцтва. Прымаючы пад увагу натуральны прырост, мы не зробім вялікае памылкі, калі скажам, што цяпер Панямонь мае тры з палавінаю тысячы насельніцтва. Між тым у мястэчку ёсць толькі дзве пачатковыя школы: двухкласная міністэрская і аднакласная жаночая. Само сабою зразумела, што гэтыя школы не могуць, далёка не могуць абслугоўваць інтарэсы насельніцтва ў сэнсе задавалення яго патрэб у адносінах асветы. Наспела пільная, неадкладная патрэба ў адчыненні новых школ у Панямоні.

Паўстае пытанне: якую ж школу мы павінны прапагандаваць у Панямоні? Якая школа можа найбольш адпавядаць патрэбам і інтарэсам мястэчка і воласці?

Рэдакцыя «Панямонскіх ведамасцей» бярэ на сябе смеласць заявіць і гэтым выказаць жаданне грамадзян Панямоні, што такою школаю можа быць толькі гімназія або прагімназія, але ва ўсякім разе не ніжэй прагімназіі.

Як паказваюць факты, ні ў якой іншай воласці не заўважаецца такога цягнення моладзі да навукі, як у панямонскай. Чым гэта тлумачыцца? Воласць наша малазямельная, зямля неўрадлівая. Стала быць, у аснове гэтай прагі моладзі да навукі ляжыць эканамічны фактар. Ну, фактары, разумеецца, могуць быць розныя: Довід Пінхалес таксама быў «фактарам», а цяпер ён адчыніў сваю краму... Але мы адхіляемся ад нашае тэмы. Куды ж ідзе наша моладзь? Дзе знаходзіць яна задаваленне сваім імкненням, свайму жаданню? Шырокаю хваляю плыве яна ў настаўніцкія семінарыі, у гарадскія вучылішчы, плыве за дзесяткі і сотні вёрст пехатою, з лапцямі за плячамі, без капейкі ў кішэні. Але толькі нямногім шчасліўчыкам удаецца папасці ў гэтыя школы, пераважная ж большасць маладых людзей застаецца за парогам школы.

Колькі гора, колькі трагедый перажывае наша сучасная моладзь! Адгэтуль і ясна, што наша Панямонь павінна мець школу павышанага тыпу, а такою школаю можа быць гімназія. Трэба даць ход нашай моладзі. Шырэй дарогу ў храм навукі! Няхай жа закрасуе Панямонская гімназія!

ПА ВОЛАСЦІ

□ Нам паведамляюць, што ў засценку Пранукі былі ўжо два выпадкі пакражы коней у сялян. Паліцыя на чале з нашым бравым паважаным ураднікам Тупальскім прымае энергічныя меры да вылоўлівання зладзеяў. Да гэтага часу напасці на іх след не ўдалося.

□ Сяляне вёскі Красны Бераг ужо даўно судзяцца з адміністрацыяй князя Радзівіла за сервітутную пашу. Апошнія капейкі выцягваюць з іх розныя дамарослыя адвакаты, але толку з гэтага няма. Акружны суд прысудзіў адабраць пашу ад сялян. Сяляне пераносяць справу ў судовую палату.

Не шкодзіла б успомніць тут усім вядомую прыказку: «З багатым не судзіся».

□ Апошнімі днямі, у звязку з сухою пагодаю, пачалі гарэць радзівілаўскія лясы.

□ Каталіцкае насельніцтва воласці, адміністрацыя князя Радзівіла, дробныя арандатары, а таксама і шляхта робяць захады да адчынення ў Панямоні касцёла, зачыненага з 1863 года. Як нам удалося даведацца, касцёл будзе адчынены; ужо назначаны ксёндз Кісля.

ПА МЯСТЭЧКУ

□ У Малкі Шулькінай пазаўчора адбыўся вобыск. Агенты акцызнага нагляду шукалі гарэлкі: быў зроблен данос, што Шулькіна трымае патайны шынок. Знойдзена паўбутэлькі гарэлкі, пяць засмажаных тараноў, хвост, рэбры і галава ад селядца. Напісан пратакол.

□ На Юр’еўскім кірмашы адбылася зацятая бойка паміж нашым панямонскім чэмпіёнам Петрусём Маргуном і сялянамі вёскі Чыхуны. Нягледзячы на тое, што перавага была на баку чыхуноўцаў, наш чэмпіён, выхапіўшы з цялежкі шворан, разагнаў іх, і поўная перамога засталася за нашым чэмпіёнам.

Як відаць, мы ўступаем у паласу мілітарызму: народ б’ецца шворнамі, а мозг гэтага народа, інтэлігенцыя, практыкуецца ў стратэгіі на «зялёным полі».