Ва ўсякім разе, начальству варта было б звярнуць увагу на чэмпіёнаў шворна і «зялёнага поля» і выдаць ім медалі за храбрасць.
ТРОХІ ФАНТАСТЬІКІ
Каля падножжа вапельнай гары, непадалёку ад могілак, час ад часу з’яўляюцца таемныя постаці маладой пары. Шмат каму з жыхароў здаралася сустракаць іх там вечарамі. Каваль Хаім быў напалохан імі і ад страху захварэў.
Цікава адзначыць, што ў той час, калі з’яўляюцца гэтыя постаці, хворыя панямонцы не могуць дастукацца на фельчарскі пункт, рыцына застаецца неспажытаю, а болі і хваробы нялечанымі.
Пакуль рэдактар дачытваў і папраўляў сваю газету, агарак свечкі пачынаў канаць. Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала і вось-вось, здавалася, пагасне. Раптам з неспадзяванаю сілаю яно зноў выбухала і зараз жа ў знямозе нікла, як апошні прадсмертны ўздых.
Рэдактар перавёў вочы на агонь, пазіраў на апошнія моманты яго жыцця. I было штось трагічнае ў гэтым змаганні жыцця і смерці. Рэдактар пазіраў і трос галавою. Не, не падняцца табе са дна жыцця: дайшлі да канца, спустошыліся твае жыццёвыя сокі. Кноцік упаў на стол, агонь зусім апаў, але затрымаўся на момант, падняўся, асвяціў яшчэ на адзін міг газету і знік, як бы заліты гэтым варожым змрокам. I цесная каморка рэдактара, і двор за акном каморкі зліліся ў адну цёмна-шэрую пляму, нямую, зацятую, не парушаную ніводным голасам жывога жыцця.
Рэдактар адчыніў акно, абапёр лысую галаву на рукі і доўга сядзеў нерухліва, і толькі калі на ўсходзе забялелася неба, ён уздыхнуў, зачыніў акно і лёг на сваю жорсткую пасцель.
VIII
Зямля яшчэ песцілася ў сонным змроку вясенняй ночы, а неба ледзь-ледзь пачынала святлець на ўсходзе зорамі, калі маладыя настаўнікі выходзілі з Панямоні. Змрок закрываў змучаныя, бледныя твары: дарога, бяссонныя ночы, згрызоты і няўдачы на «зялёным полі» адбілі на іх свае пячаці. З кампаніі сябры пайшлі ціхачом, незаўважана, ні з кім не развітаўшыся, бо былі жорстка пабіты на ўсіх «тэфталеўскіх» пазіцыях, выйшлі са строю поўнымі інвалідамі.
Спакойна, нават неспагадна сустрэлі сяброў маўклівыя панямонскія вуліцы і хаты на гэтых вуліцах, і толькі халодны пясок шуршаў пад іх нагамі няўцямнаю мнагазначнай гутаркай.
Некаторы час ішлі моўчкі. У іх кішэнях была пустэля, у галаве — малатарня, уваччу мітусіліся розныя фігуры карт, а на душы, як кажуць, кошкі скробалі.
— А няхай яно, брат, згарыць,— азваўся нарэшце Садовіч.— Не варта было заходзіць.
— Ну, нічога, брат, бывае і яшчэ горш,— тонам заспакаення адгукнуўся Лабановіч: што ж было казаць? — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Ну яго к чорту!
Відаць было, што ў Лабановіча не так спакойна на душы, як гэта ён хацеў паказаць.
— Ты памятаеш, Стары, як нам дыктаваў калісь Корзун: «Чист кругом я, лёгок и никому не нужен». Цяпер і мы з табою такія ж чыстыя, лёгкія і нікому не патрэбныя.
Садовіч гучна засмяяўся. Гэты смех падхапілі прасторы панямонскіх выганаў, панеслі яго пад масты і перакінулі на той бок Нёмана.
— Усё гэта яшчэ нічога, Алесь. Нашы капіталы, што перайшлі сёння ў чужыя кішэні, не такія вялікія, каб аб іх вельмі многа гараваць. Але справа не ў гэтым: слізнякі мы, бязвольнікі, людзі без цвёрдага грунту. Вот дзе наша слабае месца! Мяне яно мучыць больш, чым паражэнне на «зялёным полі»... I вось жа ведаеш, усведамляеш усё гэта і тым не меней робіш тое, ад чаго потым становішся праціўным сам сабе. Чаму гэта так?
— У чалавека многа такіх супярэчнасцей,— заўважыў Садовіч,— думаеш адно, а робіш другое. Ад гэтага і канфлікты вынікаюць з самім сабою.
— Ну, а скажы, Алесь: а каб мы з табой выйгралі — так рубельчыкаў па дваццаць, якое тады было б самапачуванне?
— Го! — басам выгукнуў Алесь.— Тады, брат, мы казырамі ішлі, чорт пабяры! Нават каб нічога не выйгралі і не прайгралі, і тады быў бы іншы каленкор.
— Значыць, тут усё залежыць ад вынікаў гульні. I стала быць, калі б шанцавала ў карты, то гуляў бы і гуляў, і ніякага там табе ні самааналізу, ні згрызот і наогул ніякага чорта... Дык гэта, брат, ужо швах справа!
Садовіч хацеў нешта сказаць, але ўвага яго звярнулася на штось іншае. А можа, проста гаварыць аб гэтым не хацелася. Ён раптам спыніўся, набраў духу і, моцна падаўшы наперад грудзі, загукаў старанна, разлічана, у двух тонах, нават з замахам на некаторую музычнасць:
— Э-э-э-вуу!
Росны луг страсянуўся вільготным паветрам, падхапіў гэтае «э-ву», панёс яго ў лес, што стаяў досыць далёка за Нёманам. Краем лесу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім крылом лесу, і нарэшце зусім заціхла на яго заломе.