— Хораша выходзіць! — забыўшы ўсё на свеце, захоплены гулкасцю і выразнасцю водгулля, прамовіў Садовіч і гукнуў яшчэ раз.
— А ну, давай гукнём разам!
Некалькі разоў гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха і будзіла ранічны спакой маўклівых ваколіц.
— Вось дзе, брат, хараство! Прастор! А якое здаровае паветра! Ну, проста як бы на свет нарадзіўся. Чуеш, як жыццё крыніцаю б’ецца ў кожнай тваёй жыле! — яшчэ ў большае захапленне прыходзіў Садовіч.
Мінуўшы масты, сябры павярнулі направа. Разуліся, бо дарога забірала ў лугі, а побач яе стаяла высокая росная трава. Басанож патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу, і расу, і гэтую прыемнасць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе, і свежае ранічнае паветра.
Чым далей адыходзілі яны ад Панямоні, тым спакайней рабілася ў іх на сэрцы, тым з большаю сілаю паддаваліся яны чарам дарогі і яе малюнкаў. Адзін край лугу стыкаўся з лесам, уразаўся ў яго, адхопліваючы дугаватыя лукі і павялічваючы свае травяністыя прасторы. I ўдоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам, сітняком, чаротамі і мяккімі ніцымі лозамі, дзе хаваліся розныя лугавыя птушкі. Срэбнаю стужкаю вывіваўся Нёман, то падыходзячы пад самы лес, падразаючы карэнне дрэвам, то бегучы сярэдзінаю лугу, то падступаючы да поля, апяразваючы бліскучым жывым паскам яго пясчаныя схілы. Сям-там па лугавых грудах раскідаліся бародкі-кудзеркі астраўкоў, дзе буяў малады, сакавіты дубняк, кусты арэшніку, брызгліны, чаромхі і крушыны, а самая понізь засцілалася мяккаю лугавою канапелькаю, што зацвітае летам такімі прыгожымі сіненькімі кветачкамі...
Эх, як прывольны прасторы наднямонскіх лугоў! Часамі над прасторамі зялёнага мора, як вартаўнікі, узнімаліся пышныя постаці адзінокіх дрэў, пераважна дубоў, параскіданых дзе-нідзе сярод лугу, а месцамі і цэлыя дубовыя гаі. Многа тут для іх прастору і сонца. Ёсць дзе разгарнуцца іх магутным карэнням, камлям і галінам.
Між гэтых дрэў асабліва кідалася ў вочы падарожнага старадрэвіна-хвоя, што стаяла зусім адна на высокім грудзе непадалёку ад Нёмана. Тоўсты, гладкі, бы вытачаны, камель з карою накшталт адмысловай чарапіцы высока ўзнімаў верхавіну, заламаўшы яе набок пад простым вуглом; на гэтым заломе змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Ад усяе адзінокае хвоі, ад гэтай пахіленай у бок лесу верхавіны павявала нейкім смуткам, як бы ўзлажыла яна цяжар на свае плечы і схіліла пад ім галаву.
У лузе было пуста і бязлюдна. Адны толькі драчы не ведалі супачынку і не шкадавалі горла. Адзін перад другім, схаваўшыся ў траве, дзерлі яны свае аднагучныя скрыпучыя песні, як бы ўвесь сэнс іх жыцця складаўся з таго, каб перакрычаць адзін другога.
— Драч-драч! Драч-драч! — і так без канца, і так без адпачынку.
Пачынала развідняцца.
Прыбярэжныя кусты ўсё больш і больш вырысоўваліся, выплывалі з ранічнага змроку, святлелі, развясельваліся, і шырэй разгортваліся прыгожыя краявіды, поўныя радаснага спакою і маўклівага задумення.
Дарога павярнула ўлева, пайшла грудамі, шчыльней тулячыся да Нёмана, дзе ён апісваў вельмі зграбную луку, падыходзячы да лесу. Уся гэта лука выглядала пышным старасвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў раслі разложыстыя, дуплястыя, з асмаленымі жараламі дубы, убраныя чорнымі шапкамі буславых гнёздаў. Часамі гэтыя гнёзды, заціснутыя ў развіліны стромкіх аголеных шпянёў, высока ўзнятых над зялёнаю каронаю дуба, што пачынаў сохнуць зверху, здаваліся нейкімі дзіўнымі падвескамі над дубамі, бо самыя шпяні скрадваліся адлегласцю і губляліся ў празрыстых хвалях паветра.
Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою, Нёман забіраў управа, пралёгшы роўнаю, бліскучаю стужкаю паміж лугамі і полем. На адным канцы дугі стаялі кучаравыя пышныя хвоі, звесіўшы над вадою махрыстыя галіны і аплёўшы пясчаны бераг цэлаю сеткаю смаляных карэнняў. За імі пачыналіся маладыя сакавітыя баравіны, перамешаныя са старым лесам. Там-сям з зялёнага мора маладога хвойніку высока ўзнімаліся парасоны-верхавіны хвой-старадрэвін, што як бы аглядалі зялёныя прасторы свае маладое змены, цешачыся яе размахам і сакавітаю жыццёвасцю. I гэты малады хвойнік, і гэты лес, і гэтыя хвоі зліваліся ў адну сцяну лесу, вырысоўваючы прыгожую вычварную лінію паваротаў, разгортваючы сваё цёмна-зялёнае крыло і ахватваючы пясчанае поле, дзе раскінуліся маўклівыя пагоркі. А над усім над гэтым ляжала цішыня і спакой раніцы.
— Стой, брат Алесь,— спыніўся Лабановіч, захоплены спакоем раніцы і хараством таго, што было навакола.— Ты паглядзі, што за слаўнота!