Лабановіч паказаў рукою на ўсход, дзе скрозь проразі далёкага лесу прасвечваўся пазалочаны край неба, абмыты майскімі росамі, і разгортваліся цэлыя панарамы ўзгоркаў.
— Эх, што за мясціна! — пачаў ён і раптам перапыніў самога сябе:— Слухай, брат, слухай.
Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня, і песня расплывалася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу, напаўняючы ясна-сінія разлогі надзем’я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснаю задумлёнасцю. Здавалася, усё навокала занямела, зачараванае цудоўнымі тонамі песні гэтага вольнага песняра ўзлескаў і пясчаных пустак між лесу. Снуючыся высока ў небе, раняла птушка мяккія, ласкавыя мелодыі, сатканыя са звону срэбраных струн, з булькання лясных ручайкоў, з зумкання пчаліных крыльцаў, шолаху красак. I ўсе гэтыя тоны спляталіся так гарманічна-своеасабліва ў песні ляснога жаваранка, што яна даходзіла да самых затоеных глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы.
Ніякая іншая птушка, нават праслаўлены салавей, не можа параўнацца ў спевах з лясным жаваранкам. Толькі свае песні спявае ён у бязлюдных мясцінах, дзе рэдка бывае чалавек, і мала хто чуе іх. Мелодыя ж спеваў надзвычайна багатая, разнастайная, дзівосна прыгожая і такая чоткая, такая выразная, што яе можна палажыць на ноты, а мастак-музыка, напэўна, змог бы выканаць на скрыпцы, але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інструмент.
Лабановіч стаяў і слухаў, як прычараваны, гэты смутна-радасны гімн раніцы, што нейкім дзіўным водгуллем адбіваўся ў яго сэрцы. Здавалася, што ён ужо калісь перажываў тое самае, што звінела цяпер у душы, толькі ніяк не мог прыпомніць, калі гэта было. Ці гэта яму толькі снілася?
— З-за аднае такое раніцы варта не паспаць яшчэ адну ноч,— азваўся нарэшце ён і зірнуў на Садовіча, бо той ужо цягнуў яго за рукаў і некалькі разоў казаў:
— Пойдзем, брат.
I яны пайшлі.
У дзвюх вярстах перад імі раскінулася іх роднае сяло Мікуцічы.
— Выспімся, брат Стары, пасля ўсіх гэтых згрызот, адпачнём і тады будзем думаць — як і што.
— Не ўспамінай ты пра іх. Усё гэта трынь-трава. Мала што было — і гэта трэба перажыць. Для мяне ўся гэтая панямоншчына — проста як нейкі паскудны сон.
Чым бліжэй падыходзілі яны да Мікуціч, тым з большаю ўладаю апаноўвалі іх думкі і настроі свайго сяла, і кожны па-свойму перажываў іх.
— Ведаеш, брат, што: застануся я тут за настаўніка. Што ты на гэта скажаш, Стары?
— Чаму ж табе так захацелася тут быць?
— Сваё, ведаеш, сяло, свае людзі. Буду працаваць для сваіх.
— А я на тваім месцы не застаўся б тут,— заўважыў Лабановіч.
— Чаму?
— Ды так — мне тут нецікава. Усё даўно табе знаёма. А я люблю пабыць на новых мясцінах, сярод новых людзей.
— Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. I ціха, спакусы няма, а я хачу сур’ёзна ўзяцца за навуку.
— Няўжо мы, Алесь, такія бязвольныя, што гэтых спакус не можам здолець? Бо гэта ж ёсць прызнанне свайго бяссілля, раз ты баішся спакусы.
— А на чорта змагацца з імі, калі гэтага можна ўнікнуць? Змаганне, ды яшчэ з няпэўным вынікам, патрабуе траты, непатрэбнай траты энергіі і будзе заўсёды замінаць той ці іншай рабоце над сабою. А тут, у нашых Мікуцічах, нікога няма, хто пацягне цябе на карты, на п’янства... Не, брат, гэта ідэя! А месца тут якраз звальняецца. Падам прашэнне — і квіт.
— Ну, разумеецца, і тут будзеш жыць. Усё гэта справа густу,— тонам згоды адказаў Лабановіч, бо спрачацца не хацелася.— Можа, ты і маеш рацыю. А калі ў цябе ёсць яшчэ і ахвота жыць тут, тым лепей. Хоць мець будзем летам штаб-кватэру.
Садовіч быў хлопец гарачы, борзда захапляўся новымі мыслямі і планамі.
— Ведаеш, брат, сур’ёзна: давай, каб не траціць часу, зоймемся падгатоўкаю. Да нас прыстануць яшчэ хлопцы... А то ведаеш? Зберамося чалавек пяць-шэсць, зложымся ды наймем яшчэ студыёзуса... Што скажаш на гэта?
— Трэба абмеркаваць, можа, тваімі вуснамі прамудрасць глаголе.
Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам.
IX
Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Садовіч пайшоў далей адзін, а Лабановіч звярнуў з дарогі і накіраваўся на маленькі хутарок, што стаяў адзінока ў полі недалёка ад Нёмана. Тут жылі яго родныя.
Хутарок быў пабудаваны нядаўна на арандаванай скарбовай зямлі. Тры гады назад выгаралі Мікуцічы, і тады дзядзька Марцін надумаўся пабудавацца тут, дзе было прастарней і спакайней. За гэты час хутарок не паспеў яшчэ абсталявацца належным парадкам і меў досыць убогі і пустэльны выгляд, бо нават не было ніводнага дрэўца каля хаткі, хоць ямкі для іх і пакапаў дзядзька Марцін.