Сотнямі знаёмых вачэй зірнуў хутарок на Лабановіча, зірнуў, здавалася, дакорліва, бо ён, Лабановіч, забыўся аб гэтай беднасці, аб гэтай пустэчы, заняты сабою, сваімі мыслямі, сваім замкнута асабістым жыццём, хоць яшчэ летась меркавалі яны з дзядзькам Марцінам аб тым, каб завесці тут садок, а ў садку — пчольнік. Успомніліся такія ж звароты дадому, калі вучыўся ў семінарыі, і мімаволі адчуў ён, што адразу папаў у самы асяродак дамашняга клопату, скаргі на цяжкае жыццё, на беднасць. Радасць спаткання з роднымі астуджалася гэтымі адчуваннямі, што былі прыглухлі за час побыту па-за межамі роднага кутка, саступіўшы месца другім. I тут нейк сама сабою ўспомнілася Панямонь і марная страта грошай, праўда, невялікіх, але ў такой бядоце яны мелі б значную сілу. А гэта ўсё разам яшчэ больш памацняла апалы настрой маладога настаўніка.
На хутарку дзень толькі што пачынаўся. Вароты ў гумне былі адчынены, і адтуль даносілася прагавіта-заядлае «хрум-хрум! хрум-хрум». Гэта дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні,— відаць, збіраўся ехаць араць папар.
Першы заўважыў Лабановіча сабака Шукай. Сарваўшыся з месца і кінуўшыся са злымі намерамі, пачаўшы сваё сабачае прывітанне моцным гаўканнем, якое звычайна накіроўваецца на незнаёмага чалавека, ён раптам зарваў злосны брэх, прыпыніўся на момант, каб лепей паўглядацца, завіляў хвастом і з радасным піскам кінуўся сустракаць госця. Спатканне з аднаго і з другога боку было самае шчырае. Шукай вішчаў, круціўся, скакаў, клаў свае лапы на грудзі Лабановіча, стараючыся лізнуць у губы, што яму, нарэшце, і ўдалося і яшчэ больш павялічыла яго сабачую радасць.
Дзядзька Марцін кінуў рэзаць сечку і выйшаў на прыгумень: па тону вішчання ён дагадаўся, што свой чалавек вітае на хутар. Угледзеўшы пляменніка, якога Марцін вельмі любіў, ён засвяціўся радасцю і яшчэ загадзя расхіліў вусы, каб адвесці прастарнейшае месца пацалунку, шурпатаю далонню выцер губы і, стаўшы каля весніц, нарыхтаваўся як належыць спаткаць госця.
— Ну, здароў, Андрэй!
Дзядзька і пляменнік моцна абняліся.
— На ўсё лета прыехалі? — запытаўся Марцін, зварачаючыся да пляменніка часамі на «вы».
— На ўсё лета... Ну, як здаровы і што ў вас добрага?
— Нічога, брат, жывём патрохі.
— Чамадан свой я пакінуў на вакзале, а сам пехатою пайшоў. Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі,— як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд.
Маці ў гэты час дадойвала ў хляве карову. Яна адразу была падумала, што гэта іх Андрэй прыехаў на лета, бо і сон такі прысніўся ёй сёння. Яна спяшалася як мага хутчэй дадаіць і ў той час, калі дзядзька Марцін на той бок веснічак вітаўся з пляменнікам, выйшла з даёнкаю і, прыкрыўшы яе хвартухом, борздзенька пайшла ў сенцы і зараз жа вярнулася, каб павітацца з сынам.
— Сынок мой!.. Вярнуўся!
Лабановіч пацалаваў ёй руку.
— А я даю карову, чую — Шукай забрахаў і адразу сціх, вішчаць пачаў. Дык мне і цюкнула, што гэта напэўна ты...
Маці з некаторымі падрабязнасцямі апісала сваё адчуванне, што было незадоўга перад гэтым, і нават сон расказала, ідучы ў хату разам з дзядзькам Марцінам і Андрэем. На парозе сустрэліся з Юзікам, меншым братам Лабановічавым. Юзік быў адзеты пастухом, з пугаю і торбаю. Ён ішоў выганяць у поле каровы на раніцу.
— Здароў, Юзік! — павітаўся з ім старэйшы брат.
Юзік толькі ўсміхнуўся, павярнуўшы ў бок брата смуглы твар і паказаўшы рад белых зубоў. Нібы трохі засаромеўся.
— Выганяй, выганяй, брат, быдла,— заўважыў дзядзька Марцін.— Сонца, унь, ужо высока над лесам стаіць.
Хата была яшчэ не прыбрана, і не ўсе там паўставалі.
— У самы бярлог ты, сынок, папаў,— казала маці, як бы просячы гэтым прабачэння ў сына.
— Ды яшчэ ж і рана,— азваўся Лабановіч.
— Спаць папрывыкалі доўга,— досыць строга прамовіў Марцін і кінуў погляд у той бок, дзе ляжалі ў пасцелях яго пляменніцы, Маня і Насця.— Параспешчвала іх маці: такія, пане мой, дзявухі!
Мані было ўжо гадоў шаснаццаць, а Насця гады на два малодшая.
— Ім жа так хочацца паспаць,— заступілася за дачок маці.— Маладзенькія яшчэ, напрацуюцца за свой век.
Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая, усё старалася зрабіць сама, за ўсіх заступалася. Яна не раз плакала, будзячы Юзіка гнаць каровы, бо таму так хацелася паспаць. Хоць адну лішнюю хвілінку старалася яна прыбавіць на яго салодкі ранічны сон, а калі хлопец уставаў, стаяла пры ім, памагала сабрацца і рабіла ўсё, што толькі можна, каб улагодзіць сына.