Выбрать главу

— Змоладу трэба ў работу ўцягвацца,— стаяў на сваім Марцін,— бо як вырастуць гультаямі, то дзякуй не скажуць табе за гэта.

Сказаўшы так, ён падышоў да пасцелі. Накрыўшыся з галавою коўдрай, спаў самы меншы пляменнік Якуб, найлепшы дзядзькаў прыяцель. Нахіліўся да яго дзядзька і стаў шаптаць штось на вуха. Якуб нешта буркнуў, а Марцін зарагатаў самым шчырым смехам, пасля чаго сказаў:

— Якуб у мяне — чалавек. Гэта не Юзік. Таго трэба з музыкаю падымаць, а Якуб, як слова прамовіць, падымаецца, калі трэба. Гэта — першы гаспадар у доме.

Пахвалены Якуб — яму было гадоў шэсць — паказаў галоўку з-пад коўдры, бліснуў на брата цёмнымі вочкамі, усміхнуўся ды зноў схаваўся.

— Мама! Ідзі сюды,— паклікаў ён матку.

Хлопцу трэба была нейкая адзежына, бо ён надумаўся ўставаць, каб апраўдаць сваю гаспадарскую рэпутацыю.

А дзядзька Марцін расказаў гэтым часам, як Якуб шукаў чарвякоў, збіраючыся вудзіць рыбу, адварочваў гнілякі, і калі пад імі чарвякоў не было, сам сабе казаў:

— Тут тожа няма.

Здарэнне, здавалася б, зусім мала выдатнае, але Марціну яно чамусь падабалася, а гэтае «тут тожа няма» выклікала ў яго кожны раз вясёлы смех.

Дзядзька Марцін быў яшчэ не стары чалавек. З ранку да самага вечара не выпускаў ён работы з рук. То на полі, то каля дома ўвіхаўся. А ў часіны больш-менш вольныя займаўся майстэрствам, што мела беспасрэдныя адносіны да спраў гаспадарскіх: то калёсы ладзіў, то саху правіў, у хляве ці ў гумне парадак рабіў або ў хаце ці ў сенцах усякія рыштункі штукаваў. Проста што-небудзь выдумляў для большага парадку ў гаспадарстве. Кароткія перапынкі паміж работаю выкарыстоўваў Марцін для спраў рыбацкіх, балазе Нёман быў, як кажуць, пад самым бокам. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў яго адмысловая. У грыбныя часы, калі задажджыцца і работа спыніцца на полі, дзядзька Марцін браў каробку, і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку.

— Ну, браце, супачынь з дарогі. Я табе і палаткі ў гумне змайстраваў,— сказаў дзядзька да госця,— а я паеду паару трохі, думаем грэчку пад Клінамі засеяць.

Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. Навіны ж гэтыя нельга сказаць, каб былі вясёлыя. Наладзіць гаспадарку так цяжка. Зямля пустая, хоць і многа яе, параскідана «за светам», толькі тае карысці, што з шнура каля дома. I гэты кавалак пусты, але ж яго хоць угнаіць можна. Арэндная ж плата падвышана, а плаціць няма з чаго. Уладзя, старэйшы брат, вось ужо тры тыдні як на плыты пайшоў. А якія заработкі — плыты? Калі прынясе дзесяць рубельчыкаў, то і добра. А колькі нагаруецца, нацерпіцца! I з пашаю цесна, забаронена ўсюды, толькі дзе ступіць жывёла, зараз і штрафы плаці. Ну, словам, чым далей, тым горай. Наогул, нейк цяжэй стала жыць на свеце. А тут і дзяўчаты падрастаюць, адзенне ім трэба спраўляць.

Лабановічу цяжка было слухаць усё гэта. Ён заўважыў, што маці паблажэла за гэты час: клопату многа і жывецца нялёгка. А перад гэтым клопатам знікаў яго ўласны. У глыбі душы ён папікаў сябе за тое, што нічым яшчэ не дапамог дома. Праўда, і памагчы было трудна, бо пенсію меў невялікую, і за два апошнія месяцы ён і не браў яшчэ яе. Тут асвяціла яго думка — даць даручэнне знаёмаму крамніку Гэсалю, што ў Панямоні, на гэтую пенсію. Гэсаль з ахвотаю бярэцца за такія справы, і хоць прыйдзецца яму даць значны працэнт, затое ж без клопату можна дастаць рублёў трыццаць пяць. Дваццаць рублёў ён аддасць на гаспадарку, а рэшту пакіне сабе. На гэтай думцы Лабановіч зусім заспакоіўся і значна павесялеў. I гэта ён зробіць у бліжэйшы час. Можа, нават заўтра сходзіць да Гэсаля.

— Ты, сынок, як бы трохі паблажэў,— заўважыла маці, прыглядаючыся да сына.

— Не, мама, гэта проста з дарогі, бо я дзве ночы не спаў.

— Ты, сынок, выпі свежанькага малачка ды ідзі засні ў гумне.

— Але, такі трэба трохі адпачыць.

Маці прынесла цэлы кубак малака. Якуб ужо ўстаў і пазіраў на брата.

— Ну, Якуб, дык многа назнаходзіў ты чарвей?

— Я цяпер ведаю, дзе іх трэба шукаць: на дрывотні пад трэскамі,— адказаў Якуб.

Вось калі Андрэй захоча, то ён у два мігі прынясе іх поўную бляшанку. Але рыба цяпер лепш бярэцца на аўсянікаў.

— А ведаеш, Андрэй, дзе многа рыбы?

— Ну, дзе?

— У Бервянцы. Там такая букта, што і прысам дна не дастанеш. Там можа хвоя схавацца!.. Вось там многа рыбы!

— Адкуль жа ты ведаеш, што там яе многа?

— Я бачыў, як там яна плавае. I плюхае, страх як плюхае!

Якуб нешта ўспомніў і пачаў смяяцца.

— Чаго ты смяешся?

— Смешна было раз. Дзядзька вудзіў рыбу, а яна як плюхне! Я кажу: «Дзядзька, унь рыба плюхнула!» А дзядзька кажа: «Вось каб яшчэ плюхнула адна такая рыба, дык і квас быў бы!»