— Ну, годзе табе расказваць! Няхай Андрэй адпачываць ідзе,— сказала Маня.— Я паслала ўжо табе на палатках у гумне,— звярнулася яна да Андрэя.
— Хадзі, я табе пакажу палаткі,— і Якуб павёў брата ў гумно.— Мы з дзядзькам майстравалі тут,— казаў, ідучы, малы. Ён увесь час круціўся каля брата і шчабятаў сваім дзіцячым галаском.
— Што ж ты цяпер будзеш рабіць? — запытаўся Андрэй.
— Пайду зараз да дзядзькі. Дзядзька казаў, што навучыць мяне араць.
— Пойдзем, Якубка, няхай Андрэй спіць.
Маня паклікала гаваркога Якуба і зачыніла вароты.
Лабановіч раздзеўся і лёг на мяккую пасцель. Змучанае дарогаю і бяссоннымі начамі цела даўно патрабавала адпачынку, але заснуць ён адразу не мог, бо вельмі многа было ўсялякіх уражанняў. Нервы ператаміліся, а мыслі нейк мітусіліся ў галаве і не паддаваліся ніякаму кантролю.
У гумне было досыць свежа і цемнавата, хоць з-пад шчыта сюды ўрываліся косы вясенняга сонца, а праз няшчыльна зложаныя сцены свяцілася яснае неба. З вясёлым шчабятаннем залятала сюды пара ластавачак, аблюбаваўшых сабе месца для гняздзечка, і парушала маўклівасць сялянскага зацішку. З поля сяды-тады даносілася пануканне дзядзькі Марціна. Каля Нёмана — а ён быў тут зусім блізка — пачулася Якубава песня, а потым яго ж імправізацыя:
Нёман, Нёман дарагі,
Залатыя берагі,
Пацячы назад.
Добра Якубу! Ні згрызот, ні клопату. Вольны і шчаслівы, як гэты ясны прамень, як срэбраная Нёманава хваля, якою ён цяпер любуецца там.
Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі і мастацкі сатканую павуціну на кроквах. Над страхой зазвінела песенька палявога жаваранка... Знаёмыя, блізкія малюнкі-з’явы дамашняга побыту, родныя адгалоскі — павевы сялянскага жыцця-клопату...
«Добра, што я дома»,— мільганула ў Лабановіча думка-адчуванне, і ён заснуў моцным-моцным сном.
X
Усё гэтае лета Лабановіч жыў дома. Нельга сказаць, каб яму было вельмі добра. Непрыемна перш за ўсё было адчуванне, што ён тут не такі, як усе, і што на яго ў доме пазіралі як на чалавека іншага круга. I як ён ні стараўся сцерці ўсякія граніцы паміж сабою і роднымі і цалкам зліцца з імі, жыць так, як жывуць і яны, яму гэта ніяк не ўдавалася, бо самі ж родныя падтрымлівалі гэтыя граніцы. Калі ён уставаў разам з усімі, каб узяцца за якую-небудзь работу, дык дзядзька або маці заўважалі, што ён мог бы паспаць і даўжэй і не яго ўжо справа цягнуць гарапашніцкую лямку простых людзей.
— А хіба ж я крывы? — пытаў Лабановіч.
— Крывы не крывы, а раўняцца з намі табе няма чаго. Не на тое ж ты вучыўся, каб капацца ў гэтым смецці і брудзе.
А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Браты і сёстры таксама трымаліся здалёк ад яго, як бы чужаліся, таілі ад яго сваё жыццё, свае патрэбы, і ён, нарэшце, пагадзіўся з роляю адгароджанага ад сям’і чалавека, што нейк рабілася само сабою натуральным парадкам. У сваю чаргу і Андрэй замыкаўся ў сабе. Адзін толькі Якуб быў з ім запанібрата і знаёміў яго з колам сваіх інтарэсаў, сваіх забавак і свайго дзіцячага жыцця, забаўляючы брата несціханым шчэбетам.
Першыя часы побыту дома Лабановіч хадзіў па полі, што яны арандавалі ад скарбу, аглядаў засевы збожжа. Ён радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы, і не згаджаўся з тою ацэнкаю іх, што рабілася дома, бо і ў мацеры і ў дзядзькі Марціна, як здавалася яму, заўважалася нахіленне зніжаць сапраўдны стан рэчаў.
Недалёка ад хаты была нізкая балоціна, дзе расла дзікая трава. Карысці з яе не было амаль ніякай, бо ні да пашы, ні да сенакосу яна не надавалася: трудна было туды даступіцца. Між полем і балоцінаю рос густы алешнік, раскінуўшыся па купінах, дзе пракідаліся маліна і смародзіна. У ценю гэтага алешніку было вільготна. Чорная, як дзёгаць, гразь выглядала з-за высокага куп’я.
«А што, каб гэтай гразі нацягаць на поле,— думаў, ходзячы тут, Лабановіч.— Поле ж пустое, капарні нагою — і жоўтага пяску дастанеш. Трэба будзе параіцца з дзядзькам Марцінам».
Ён пачаў меркаваць, як бы можна было палепшыць зямлю. Сілы малавата, а перакапаць бы зямлю на перавал ды навазіць у канаўкі гразі з алешніку, напэўна, зямля паправілася б і расло б тут збожжа, як лес.
Мыслі Лабановіча пайшлі далей у гэтым кірунку. Яго яшчэ невялікае жыццёвае дасведчанне казала яму аб нядбайнасці людской, аб закаранеласці форм людскога жыцця.
Вось хоць бы і тутэйшы народ: бедны, ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі, таўчэцца, кідаецца ў розныя бакі, шукаючы аддушыны, і мала хто знаходзіць яе. Зямлі мала, зямля неўраджайная, голы пясок. Усе ж лепшыя землі належаць да скарбу. Адчуваецца вострая патрэба ў зямлі, а народ множыцца. Чым жа можна палепшыць яго дабрабыт? Каб людзі грамадою пасталі на работу, яны б асушылі балоты, пазносілі б пяскі з палёў, а балотны гной і яго ўраджайны грунт перанеслі б на пясчанае поле — хапіла б і хлеба, і сенажаці.