З рэальнага грунту разважання Лабановіч паволі з’ехаў у павабны край прыгожых мар. Ён бачыў сябе ў ролі чалавека, які здолеў заклікаць грамаду на новую дружную работу. Грамада асушае балоты, стварае новыя землі, праводзіць дарогі, абсаджае іх пладовымі дрэвамі, робіць масты, будуе новыя дамы і пачынае жыць шчасліва і багата.
Аглядаючы двор і гаспадарскую надобу, Андрэй спыніўся каля хлява: над страхою ляжалі тры тоўстыя кавалкі чорнага дубу. Яшчэ летась, купаючыся, напаткаў ён выпадкам гэты дуб у пяску на дне Нёмана. Пачаў тупаць каля яго, зацікавіўся знаходкаю. Прынёс рыдлёўку, стаў адкопваць. Работа пасувалася борзда, вада сама адносіла ўзварушаны пясок, і цела старога волата ўсё больш і больш выступала з зямлі. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Камель далёка ўваходзіў у высокі бераг, і адкапаць там яго было вельмі цяжка. Лабановіч з захапленнем увіхаўся. Ён адчуваў тады нават нейкую радасць, выкопваючы на свет гэтага невядома калі пахаванага нябожчыка. I, напэўна, доўгі-доўгі час ляжаў ён на дне, бо ніхто не памятае, калі тут раслі дубы — ніякіх слядоў ад іх не захавалі часы. Калі ўвесь стаўбур быў адкапаны, прынеслі пілу. Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць на тры часці. Набрынялы вадою, ён лёгка, як морква, паддаваўся пілоўцы. Разрэзаныя кавалкі выкацілі на бераг, дзе яны прасохлі і сталі цвёрдыя, як косць.
I гэтыя тры таўшчэзныя кавалкі чорнага дубу, роўныя, гладкія, без ніводнага сучка, ляжаць пад страхою без ніякай карысці, не знаходзяць ужывання, нягледзячы на сваю высокую вартасць. Ад сонца і ветру яны пакалоліся, парыжэлі. I трохі крыўдна зрабілася цяпер Лабановічу, што дзядзька Марцін не паклапаціўся папілаваць на дошкі і скарыстаць гэты дарагі матэрыял. Не дубу шкада было яму, а крыўда брала, што не выкарыстоўваецца тое багацце, якое ляжыць каля нас, а мы не ўмеем даць яму належнага ходу.
— Нічога з іх ужо не будзе, брат. Пакалоліся, падлы, прыйдзецца папілаваць на дровы.
Такі прысуд вынес цяпер гэтым дубовым кавалкам дзядзька Марцін і як бы ў апраўданне дадаў:
— Нам трэба было палажыць іх наўперад у гумно ды прыкрыць саломкаю, каб яны высыхалі павольненька — тады і не пакалоліся б.
Праект жа пляменніка — падвезці чорнай зямлі з алешніку на поле — дзядзька прызнаў вартым увагі, можа, проста каб не пакрыўдзіць «настаўніка». Але... тут знайшлося сваё «але». Па-першае, на гэтую справу патрабуецца многа сілы, часу і працы. Ды гэта яшчэ нічога, можна было б спрабаваць. Другая, самая важная прычына перашкаджала такой рабоце: зямля была не іх, а арандаваная. Невядома, што будзе далей з арэндаю, бо скарб хоча пусціць гэтую зямлю на замену з сялянамі на канцы вясковых шнуроў, якія падыходзяць або ўкліняюцца ў скарбовы лес, каб такім чынам акругліць княжацкія ўладанні.
— Жывеш вось так з дня на дзень і нічога пэўнага не ведаеш. Можа, яшчэ скажуць зносіць адгэтуль будынкі. Тады хоць вазьмі ды падпалі іх, а сам надзявай торбу ды ідзі жабраваць. Няма, брат, простаму чалавеку ні волі, ні разгону. Іх сіла і іх права. Служыў, служыў бацька ўвесь век, а памёр — сям’я куды хочаш дзявайся... I калі ім, халерам, канец той будзе? I ці будзе? Пачалася б вайна ці якое ліха, можа б, людзям палёгка ці не была б.
Жаліўся дзядзька Марцін, што ўсюды ўціск пачаўся. Куды ні кінься, усё ў панскія рукі пападзеш. Свет яны ўвесь загарадзілі, а за простага чалавека ніхто не заступіцца.
Цяжка было слухаць гэтыя жальбы, бо ў іх была голая і горкая праўда. I як пагадзіць гэта ўсё з тым, што ўбівалася ў іх галовы ў семінарыі? Вучылі ж там, дзяўблі на кожным кроку, як апякуецца царскі ўрад, царскае начальства і сам цар аб народзе, як гэты народ любіць свайго бацьку-цара, як ён заўсёды знаходзіць у яго і ласку і міласць. «Бог на небе, цар на зямлі» — вось тыя кіты, на якіх стаіць свет. I гэтыя ж ідэі праводзіў праз школу і ён, Лабановіч. Скуль жа такая няўвязка «навукі» і жыцця?
Лабановіч прыпамінае слова «сацыяліст». Ён першы раз чуў яго ў семінарыі ад аднаго таварыша з Навагрудчыны. Гаварылася яно ціха, шэптам, а самы ж сэнс яго агортваўся нейкаю таямнічасцю, не выклікаючы рэальнага значэння: гэта проста той прапашчы чалавек, які асмельваецца нядобра думаць аб цару, аб цяперашнім парадку.