Выбрать главу

Так праходзілі першыя дні дома. Лабановіч нікуды не хадзіў, снаваў па двары, па полі, часамі выбіраўся ў лес у свае знаёмыя абходы, дзе ў грыбныя часы так любіў збіраць грыбы, але цяпер іх яшчэ не было. Хадзіў ён, хадзілі з ім і думкі яго, і яго мары, і ўспаміны. Спакой і цішыня лясная так хіляць да такога думання. I ў гэтай адзіноце-глушы неадступна хадзіў з ім і вобраз Ядвісі, чысты, недасяжны і бясконца мілы і дарагі. I дзе яна цяпер? Ці ўспамінае яго? I чаму ўсё ж такі нічога не напісала, не сказала яму, куды паедзе? Няўжо яна не хоча знаць аб ім нічога? А можа, там, у Хатовічах, у воласці ёсць пісьмо ад яе. Ён напіша туды. Як добра, што такая думка прыйшла ў галаву. I ў сэрцы абуджаецца надзея, што ліст, напэўна, ёсць там. Прыйшоўшы з лесу, ён піша да Дубейкі і просіць, каб усякая пошта перасылалася яму сюды. З гэтым лістом ідзе ён у Панямонь. Якраз і другую справу можна зрабіць — камерцыю з Гэсалем. З Панямоні вярнуўся ён павесялеўшы і падвесяліў у значнай меры сваіх родных, бо дваццаць рублёў грошы для іх немалыя.

Асталяваўшыся, Лабановіч увайшоў у каляіну дамашняга жыцця. Чытаў, аднаўляў у памяці навуку, набываў новыя веды. Часам надвячоркам хадзіў у Мікуцічы, каб пабыць у кампаніі сваіх таварышаў, а летам іх тут ніколі не бракавала.

Мікуцічы — сяло вялікае, вядомае ва ўсёй акрузе. Стаіць на лясках каля Нёмана. Народ тут бедны, малазямельны. Жыць з гаспадаркі трудна, і мікуцічане перабіваюцца заработкамі. Але гэтых заработкаў мала. Зімою возяць калоды, вясною і летам ходзяць на сплаў — на згоны і на плыты. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак, а моладзь расходзіцца па свеце, каб выбіцца ў людзі, знайсці сабе кусок хлеба і бацькоў падтрымаць. Выб’ецца адзін, за ім цягнецца другі, памагаюць адзін другому. Чыгунка, тэлеграф, пошта, школы розных гатункаў, пачынаючы настаўніцкімі семінарыямі і канчаючы вышэйшаю школаю, маюць сваіх прадстаўнікоў з Мікуціч. Такім парадкам, Мікуцічы маюць сваю інтэлігенцыю, пераважная большасць якой прыходзіцца на настаўніцтва, і гэтая група найболей цесна звязвалася з родным сялом.

Як толькі канчалася работа ў школах, настаўнікі з’язджаліся на лета да бацькоў. Гэта ўвайшло нейк у традыцыю, дый дома пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. У цяньку гумен і адрынак знаходзілі яны спакой душы і адпачынак целу. Хто рыхтаваўся ў настаўніцкія інстытуты, хто ўзбройваўся філасофіяй жыцця, хто лавіў рыбу на ўлонні прыроды, хто ўходжваўся каля гаспадаркі, памагаючы бацькам, а хто проста біў бібікі. Але ў гарачы час сенакосу і жніва высыпалі яны ўсе на луг, на поле, і толькі ўжо самыя важныя і салідныя, прасякнутыя «панскім духам», упарта сядзелі пад сваімі стрэхамі. А калі хто і выходзіў у крытычны момант вязаць ячмень, то не іначай як у пальчатках, даючы гэтым багатую страву для жартаў вясёлым мікуцічанам.

Вечарамі, калі спадала дзённая гарачыня, выходзілі настаўнікі халадком на шпацыр, хадзілі па вуліцах, а часамі збіраліся ў каго і ладзілі выпіўку. А некаторыя цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Такіх «абранніц» называлі ў Мікуцічах «панскімі» дзяўчатамі, і гэты парадак рэчаў быў тут законным і натуральным. Але трудна было ступіць крок па лініі кахання, каб не стаўся ён вядомы назаўтра ўсім у Мікуцічах.

Сярод настаўніцтва былі свае групы, якія складаліся на грунце тых ці іншых інтарэсаў. Настаўнікі болей сталыя, што ўжо мелі пэўную жыццёвую практыку і працавалі па колькі гадоў, трымаліся свае кампаніі і на маладых глядзелі трохі звысоку, як людзі больш дасведчаныя, больш развітыя і больш заможныя, калі толькі заможнасць наогул можна прылажыць да вясковага настаўніцтва.

Маладыя ж настаўнікі лічылі сваім абавязкам сяды-тады зайсці да сваіх калег, пагаварыць з імі, а часамі паспрачацца і паказаць ім, што і яны не лыкам шыты і казённую кашу не дарма елі. А ў Мікуцічах сцяг навукі і годнасць «развітога» чалавека трымаліся высока сярод настаўніцтва.

Першая пазіцыя, якую заваёўвала моладзь у сваім змаганні за права называцца «развітымі» людзьмі, звычайна было абвяржэнне рэлігіі і Бога. Можа, у гэтым выяўляўся пратэст супраць семінарска-папоўскага выхавання і славянскіх тэкстаў Філарэта, але хто не чытаў Бокля, Дарвіна і Дрэпера, той проста лічыўся невукам, чалавекам, які нічога не ведае і з якім няма аб чым гутарыць. Мікуціцкія гумны і адрынкі былі школамі бязбожніцтва і вальнадумства.

З адрынак вальнадумства пераходзіла і пад стрэхі сялянскіх хат. Сталыя людзі наўперад з дакорам ківалі галовамі, калі прачувалі аб якой-небудзь бязбожніцкай штучцы таго ці іншага настаўніка.