Выбрать главу

— Чаму ж яны дзяцей навучаць, калі самі робяць немаведама што?

А потым прывыкалі і гаварылі:

— А можа, і сапраўды няма Бога.

I, нарэшце, проста смяяліся, як вось і са здарэння з Іванком Перагудам. Яго маці — богабаязная жанчына. Балела яе сэрца, што Іванок у царкву не ходзіць, а папа кудлатым чортам называе. А калі яго часамі запытаюць аб чым, дык ён адкажа: «А чорт яго святы ведае».

— Ах, як ты нядобра гаворыш, сынок! Ты ж такі настаўнік і сам павінен ведаць, што гэта — грэх.

— Што значыць «грэх»? — адказвае Іванок.— Можа, ты скажаш, што і сала есці ў пятніцу — грэх?

— А ты запытай у бацюшкі, што ён табе скажа.

Іванок зняважліва трасе галавою.

— Я буду пытацца ў гэтага валасатага асталопа!

— Пабойся Бога, сынок! Што ты гаворыш! Ён жа служка божы.

— Не баюся я таго, чаго на свеце няма.

— Дух Святы з намі, Матка Найсвентшая!

Маці хрысціцца, назад падаецца, а Іванок нападае:

— А ты бачыла Бога? Дык скажы, які ён! Да каго падобны: да каня ці да каровы?

Маці адступаецца і ціха шэпча: «Ойча наш». Яна не можа забыць гэты цяжкі грэх сына. Цішком моліцца за яго Богу.

— Сынок,— кажа яна праз некаторы час,— пайдзі ў царкву, памаліся. На табе сараковачку, пастаў, сынок, свечачку ў царкве.

Гэту саракоўку ён прапіў у адрынцы з сябрамі, а мацеры сказаў:

— Я табе, маці, потым пяць рублёў дам за тваю саракоўку, але цяпер я прапіў яе: лепей прапіць,як аддаць папу.

XI

Каля самага сяла, падмываючы вуліцы, цячэ Нёман. Разложыстыя круглаверхія вербы, узняўшы над вадою карэнне, абступаюць адхонны пясчаны бераг. На мікуціцкіх вуліцах — сыпучы пясок. Гразі тут амаль не бывае ніколі, але калі падымаецца вецер, дык цэлыя воблакі пылу стаяць у паветры.

Шумна і гучна ўлетку на беразе Нёмана. З ранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Сотнямі гукаў разносіцца над ракою плясканне пранікаў. Падаткнуўшы спадніцы і агаліўшы лыткі, выбіваюць палотны жанкі і дзяўчаты, беляць іх, рассцілаюць на беразе. У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. I ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Перайсці ж уброд раку летам — адна асалода. I калі ў мужчын ёсць яшчэ сякі-такі клопат — падкасацца або скінуць нагавіцы, калі вада прыбудзе, дык жанчыны ў гэтых адносінах зусім шчаслівы народ. Падымуцца на хаду, колькі трэба, і храбра рушацца ўброд, не зважаючы, ці ёсць тут хто, ці не, глядзяць на іх ці не глядзяць. Часамі ж некаторыя смелыя і рызыкоўныя асабліва асобы, калі на беразе ёсць гледачы, сумыслу нарыхтуюцца брысці так, як бы тут вельмі глыбока і можна падумаць, што вада зойме па самыя пахі, хоць вышэй калена яна не даходзіць. Бывала, і жартамі перакінуцца ў такіх выпадках па сутнасці справы, а часам які-небудзь Гілёрык, чалавек сталых год, і заўвагу зробіць, выняўшы люльку з зубоў: «Апусціла б хоць ніжэй спадніцу»,— а сам пры гэтым сарамліва ўбок адвернецца. А калі яго закраналі смехам, то, каб у даўгу не быць, так адзавецца:

— Пацягнуць бы бясстыдніцу цыбуком, то шанавалася б. Казырыцца чорт ведае чым!

Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Вярсты дзве будзе да поля. Ляжыць чорная грэбля ўпоперак лугу, адным канцом да ракі даходзіць, другім — у поле ўпіраецца. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Пакуль праедзеш яе — духі вытрасеш і кішкі збоўтаеш, а ў мокрае лета і каня ўгрузіш, і сам, як д’ябал, у гразі выкачаешся. I снасць ламалі тут, і жывёлу калечылі. Паганая грэбля, каб яе людзі не зналі, так жа ўелася яна ў косці.

Колісь тут, як расказваюць старыя людзі, праўда, самі яны не помняць, быў мост. I цяпер яшчэ сям-там па баках грэблі засталіся рэшткі паляў, і тырчаць яны з гразі, як згніўшыя зубы ў сківіцы. Мост гэты быў знішчаны ў часе Шведскага Палення. Жыве яшчэ ў памяці людзей вайна са шведамі. Нават імя сваё мае ў вуснах народа — Шведскае Паленне. Вось і спалілі тады шведы мост. Вялікія бойкі адбываліся тут. А над самым Нёманам, вышэй трохі сяла, ёсць курган-магіла. Размывае рака грудзі гэтай невядомай магілы, вымывае чалавечыя чарапы і старасвецкую зброю. I перадаюць мацяркі сваім дзецям аб гэтай страшнай часіне Шведскага Палення. Многа тады народу пабіта было, а будынкі папалілі. Людзі па лясах туляліся. I кідаліся шведы на хітрыкі. Гукалі ў лесе:

— Тацяна, Мар’яна! Выходзьце з лесу: шведы дадому паехалі.

I калі хто выходзіў на голас, таго забіралі і забівалі.

Тады і жывёла амаль уся перавялася. У Мікуцічах застаўся адзін толькі бык, а ў Сверынаве — карова. Сабралі гэтую пару людзі потым і аралі на ёй. Але нарэшце пакараў Бог шведаў за здзекі над людзьмі — асляпіў іх, і, збіраючыся ехаць верхам, яны садзіліся тварам да конскага зада. Тады іх пабілі.