Такая легенда звязвалася з грэбляю і з даўнейшым мостам, што быў на месцы яе.
Крайнім будынкам ад Нёмана супраць броду была старая карчма на высозным падмурку. Калісь гэта быў вір сялянскага жыцця, і не адна мікуціцкая душа захлынулася ў ім. З таго часу, як увялі манапольку, карчма заняпала, а потым згарэла. Але па старой прывычцы збіраўся тут народ, як на старадаўняе веча, дзе вырашаліся сялянскія справы і разважалі аб розных пытаннях мікуціцкага побыту.
Мікуцічане — народ грамадскі, любяць пагутарыць аб розных рознасцях: аб замежнай палітыцы, аб вайне, аб заработках, аб цяжкасцях жыцця, аб тым, што нешта на свеце робіцца і нешта гатуецца і што павінна нешта адбыцца, бо далей так жыць нельга. Прагавіта прыслухоўваліся да розных чутак, часамі выдумлялі іх і на гэтай аснове стваралі такія рэчы, што самі пачыналі палохацца іх, а потым самі ж дапякалі сябе смехам. Стаіць, бывала, грамада, а перад ёю за Нёманам, як нейкая гадзюка, ляжыць праклятая чорная грэбля, дыхнуць вольна не дае. Многа было аб ёй гутарак і сварак, калі справа заходзіла аб тым, каб яе паправіць. Бывала, так-сяк і збяруцца і падправяць сям-там, але такая рапарацыя мала давала карысці, і грэбля як была, так і заставалася іх бядою.
Праўда, не заўсёды грэбля з аднакаю сілай бунтавала сялянскія душы. Часамі аб ёй зусім нават забывалі, і толькі ў часе касьбы і жніва, калі трэба было ездзіць з вазамі, аб ёй думалі, яе пракліналі, з-за яе сварыліся. Жыла гэта грэбля і ў думках грамады і паасобных членаў яе. Жыла, як стрэмка ў целе.
Лабановіч не раз чуў размовы аб грэблі і скаргі на яе як з боку дзядзькі Марціна, так і з боку грамады. Не раз і сам хадзіў па ёй пехатою і ездзіў. Не раз перадрыжаў ён тут, везучы снапы ці сена, каб не абярнуцца з возам. У яго памяці абуджаліся легенда і розныя пабаюшкі, створаныя напалоханай фантазіяй цёмнага чалавека. Было на ёй, казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках і шалёстаў па вушах таго, хто позна ехаў з поля.
Дзіўным здавалася Лабановічу, што такое вялікае сяло, як Мікуцічы, не можа справіцца з грэбляю. Ну, што б значыла сялянам адвесці, ну, тыдзень-два часу, каб адвінуцца і збыць гэтую злыбеду? Няўжо так цяжка грамадою выкапаць абапал грэблі канавы, падвезці пяску і камення, падняць яе, насыпаць, зараўняць, утрамбаваць. Пяску ж, куды ні павярніся, цэлыя горы. Каменнем завалены межы. Цэлыя рэчкі каменняў, паскіданых з поля, цягнуцца побач дарогі. I рабочых рук стае, і матэрыял пад рукамі, няма толькі такой рукі, што паставіла б сяло на грамадскую работу.
I вось гэтым летам, калі ў галаве Лабановіча спелі розныя праекты палепшыць людское жыццё, падняў ён раз пытанне аб грэблі сярод настаўнікаў свайго сяла. Чалавек з дзесяць сабралася ў гумне Іванка Перагуда. Сам Іванок ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Валасы яго, даўно не стрыжаныя, ускудлачыліся і, як купіна, ляжалі на падушцы. Настаўнікі размясціліся дзе папала. Каля пасцелі стаяў кволенькі столік, на ім было некалькі кніг, пустая папяровая скрынка ад гільз ды пара акуркаў. Іванок Перагуд карыстаўся славаю дзівака і філосафа. Асноўная формула яго філасофіі казала: «Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе». Праўда, у яго было многа напускнога, і ён трохі фарсіў сваім дзівацтвам. Наогул жа быў добрым работнікам у школе і вясёлым чалавекам у кампаніі.
Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды падавалі рэплікі.
— I вось што цікава, і гэта трэба адзначыць, хлопцы,— гаварыў Міхась Лабада, настаўнік з пяцігадовым стажам.— Сярод нашых мікуцічан ніводнага злодзея няма.
Настаўнікі былі прыемна здзіўлены. I праўда, няма тут злодзея.
— Гэта, братцы, варта таго, каб залатымі літарамі занесці ў гісторыю нашага сяла,— азваўся прыяцель Лабады, Ігнат Курган.
— Так, гэта рэдкасць,— загулі галасы.
— Бо тут і ўкрасці няма чаго, і мікуціцкая галота няздольна выгадаваць злодзея,— азваўся са свайго логава Іванок.
Усе засмяяліся.
— Не, брат, стой! — з жарам выступіў Садовіч.— А Язэп Малюк...
— О ты, чорт! — нібы напусціўся на яго Курган.— Абедню псуеш. Ды што Язэп? Ён тут не жыве і ніводнага цвічка не ўкраў і, такім парадкам, не парушае агульнай чэснасці нашага сяла.
— Праўда! — падхапілі настаўнікі.
Язэп Малюк з’яўляўся ў Мікуцічах разы са два, а цяпер аб ім ніякіх чутак не было.
— Я вам раскажу пра Язэпа,— сказаў Курган.— Як быў ён тут апошні раз, паехаў з нашымі мікуцічанамі ў Панямонь. А ён чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. «Чый жа гэта такі?» — дзівяцца людзі. «А гэта наш — мікуціцкі»,— адказваюць мікуцічане. Рады яны, што іх чалавек такі спрытны. Аж праз некалькі хвілін злавілі Язэпа на кражы. Вядуць. «Хто ж гэта такі? Чый ён?» — пытаюцца людзі. Нашы мікуцічане адказваюць: «А чорт яго ведае, чый ён там».