Калі гутарка скіравалася на сяло, Лабановіч улучыў момант, каб перавесці размову на грэблю.
— Ведаеце, хлопцы, што? Вот мы тут успамінаем усякія, праўда, вельмі цікавыя, драбніцы. А варта было б грэблю наладзіць. Усім яна ў косці ўелася, і ўсе адчуваюць, што яе трэба наладзіць, так наладзіць, каб перастала быць стрэмкаю ў жыцці сяла... Давайце паднімем народ на работу!
Ён хацеў сказаць болей, што зрабіць добрую грэблю зусім не цяжка пры дружнай рабоце грамады, але трохі саромеўся старэйшых таварышаў і адчуваў сябе ў іх кампаніі не вельмі ўпэўнена.
— Ты што ж? Хочаш быць Оберлейнам? — запытаў яго Лабада.
— Не мяшайся ў жыццё,— заўважыў з бярлогу Іванок,— няхай яно ідзе, як ідзе. Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе.
— Тут, брат, трэба ўмяшанне начальства, наказ строгі і сур’ёзны, а цябе ніхто не паслухае,— дадаў Курган.
— Распанелі вы і не хочаце пальцам паварушыць, каб зрабіць добрую справу,— жартам адказаў Лабановіч і сціх.
Гутарка павялася на іншыя тэмы, але яму было як бы трохі крыўдна за сваё выступленне. Ну, што ж? Ён зробіць гэта і без іх. Болей ён не чапаў ужо гэтага пытання, бо відаць было, што ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім ён так няўдала высунуўся.
Кожны, хто хацеў бы пагутарыць з мікуцічанамі, заўсёды знойдзе сярод іх уважных слухачоў, асабліва ў святочны дзень і ў пагоду. Падсядзь толькі да двух-трох чалавек на прызбе, толькі расчыні рот і скажы некалькі слоў, як зараз жа каля цябе пачнуць збірацца людзі, і праз паўгадзіны іх назбіраецца не адна сотня. Вось і на гэты раз каля хаты дзядзькі Базыля, на горцы, адкуль так добра відаць і брод і грэбля за Нёманам, сабраліся мікуціцкія сяляне. Між імі быў і Лабановіч. Гутарка зачалася з Палесся. Лабановіч расказаў некалькі смешных здарэнняў з цельшынскага жыцця, як палешукі свята згубілі і як яны прычашчаліся пасля споведзі.
Мікуцічане слухалі і смяяліся.
— Дык яны, падлы, дзікія,— заўважыў дзядзька Сымон.— Я раз бачыў іх. У Нясвіжы лесніка-палешука сустрэў. Валасы доўгія, бы ў папа. Узялі яго ды агалілі, як калена. Ото ж ён гараваў! Хапаўся за галаву і ўсё казаў: «Што ж мне зробілы? Як жа я пакажуса на родыму? Скажуць — таўкач, та і ўсэ».
— Але паміж імі і, скажам, намі, мікуцічанамі, ёсць многа падобнага і агульнага,— заступіўся Лабановіч за палешукоў.
— У чым жа? — пацікавіўся дзядзька Яхім.
— А вось у чым. Там, у Цельшыне, страшна гразі многа, не вылезці, праз вуліцу нельга перайсці ў мокрае надвор’е. Двары ж і вуліцы бярвеннем завалены. I нікому ў галаву не прыйдзе палажыць кладку каля хаты. Гаварыў я з імі аб гэтым не раз, а яны хоць бы што. «А,— кажуць,— мы ўжо да гэтага прывыклі, спрадвеку так у нас вядзецца». А вы ж паглядзіце — бачыце? — Лабановіч паказаў на грэблю.— Ці не тое самае?
— Верна, брат,— чуюцца галасы.
— Дык яна, падла, вялікая! Гэта не тое, што бервяно выкаціць з двара на вуліцу, каб палажыць кладку,— апраўдваецца дзядзька Сымон, не хочучы, відаць, у адзін рад з палешукамі стаць.
— Але праехаць з возам па грэблі гэта не тое, што прайсці пешкам па гразкай вуліцы.
— Што казаць! Вось дзе сядзіць яна, гэтая грэбля.— Дзядзька Базыль паказвае на горла.
— Вось я сумыслу і пачаў з палешукоў, каб пагаварыць аб грэблі. Папраўдзе, як гэта вы цярпіце да гэтага часу такое ліха, як наша грэбля? Такое вялікае сяло, столькі рук, столькі сілы! Кінуліся б гуртом — хто пяску падвёз бы, хто камянёў — імі поле, дарогі завалены,— хто выйшаў бы з рыдлёўкаю, хто з сякераю... Тыдзень часу, і грэбля была б як яечка.
— Каб жа гэта дружна ўзяліся,— гудзе голас.
— Гэта, брат, не так лёгка,— выступіў стары Сёмка, краснабай і заядлы курэц. Ён так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць.
— Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе к чортавай матары.
Тут падняўся шум. Некаторыя стаялі за тое, што грэблю можна зрабіць вечную. Уся бяда ў тым, што народ на работу не падымеш, бо нядбайны. Другія даводзілі, што з гэтае грэблі толку не будзе. Тут мост рабіць трэба, лес вазіць, майстроў ставіць. Часамі завязвалася паміж некаторымі сварка: вось, напрыклад, Сцяцок — колькі працаваў на грэблі, а Гаронім туляўся, як сабака ад мух.
— Вы ніколі і не браліся дружна, грамадою, і не ведаеце, якая вы сіла ў дружнай грамадзе. Хто ж за вас рабіць будзе? I для каго вы будзеце рабіць?