— Мы гэта, брат, ведаем, ды вось рады не можам даць. Калі б прыехаў прыстаў з бізуном ды даў перцу, то паставіў бы ўсіх на работу,— кажа стары Гілёрык.
Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць.
Некаторы час Лабановіч і ў сяле не паказваўся, бо нейк прыкра было слухаць насмешкі сяброў.
XII
Канчалася лета.
На лугах ужо рассцілалася зялёнымі аксамітамі пяшчотна-кволая атава. Парыжэлі стагі. Збіраліся ў вырай буслы. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца.
Пачалі раз’язджацца з летніх вакацый настаўнікі.
— Пажыў, брат, і годзе: збірайся на сваё седала! — У гэтым голасе восені чуваць нейкі смутак, а здаецца, так нядаўна яшчэ гучаў другі голас, радасны, свежы голас вясны: — Разгарні крылле, рушся з месца, ляці на прастор, жыві, як толькі ты здолен жыць.
Назначыў сабе дзень ад’езду і Лабановіч.
Дубейка пераслаў яму пошту, але таго пісьма, якога так прагна чакаў, аб якім так многа думаў і аб якім не гаварыў нікому, а толькі насіў у сваім сэрцы, не было і не было. I не будзе. Лета прайшло, прайшла і надзея. Ну, што ж? Пажартавала дзяўчына, а цяпер гэтыя жарты прайшлі; там, у глушы, дзе, апроч яго, нікога не было, можна было і з ім пажартаваць, пасмяяцца з яго, дурнога. Але такі канец, такі вывад спакою не дасць, не, не дасць!
Нядаўна прыйшоў казённы пакет — назначэнне ў Выганаўскую школу. Углядаўся Лабановіч у гэтае слова: якраз яно і падыходзіць яму. Проста аж нейк дзіўна трохі, бо ў гэтым слове чуецца як бы нейкае выгнанне. I чаму ў гэтым «выгнанні» чуваць сугучныя акорды яго сэрцу? Што выгнана з яго? Хто выгнаў?
Ён думаў і аб сваёй новай школе. I гэтая школа, і гэтыя Выганы, аб якіх ён ніколі раней не чуў, уплятаюцца ў яго жыццё, уяўляюцца ў тых няясна прывабных тонах-абрысах, што такія прыгожыя здалёк, але ніколі не супадаюць з рэчаіснасцю. I аднаго гэтага паэтычнага вобраза новага месца было мала. Пайшоў у Мікуцічы ў школу, каб знайсці на карце свае Выганы, паглядзець, якія там ёсць болей значныя пункты. Настаўнікі амаль усе раз’ехаліся, і ніхто не раскажа аб новай школе.
Зайшоў да Садовіча. Хацелася ж з прыяцелем падзяліцца навіною. Садовіч таксама чакаў назначэння. Нечакана спаткаў Лабановіч там і другога свайго таварыша па семінарыі, Янку Тукалу. Гэта быў замкнуты ў сабе юнак, круглагаловы, бялявы, з задраным трохі ўгору носам і шэрымі вачамі. У семінарыі ён трымаўся ўбаку ад сваіх таварышаў і ўсё нешта думаў. Што займала яго мыслі, ён нікому не гаварыў. У яго душы, відаць, адбываўся нейкі балючы працэс, і ён перажываў гэта моўчкі, патаемна. Часамі ўдавалася яго разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму.
Выпадкам Тукала адкрыў у сабе адну ўласцівасць. Было гэта на другім курсе. Тукала заўсёды быў каротка астрыжаны. Валасы ў яго былі жорсткія, стаялі тырчаком. Раз, кладучыся спаць, знімаў ён суконную кашулю. Шаргануўшы ёю па валасах, ён пачуў нейкі дзіўны трэск і зацікавіўся. Шаргануў яшчэ раз, зноў пачуўся той жа трэск.
— Гэй, хлопцы,— гукнуў ён, накрыўшы галаву кашуляю,— ідзіце сюды — у мяне, аказваецца, не галава, а машына электрычная!
Вакол Янкі збілася чалавек з дваццаць семінарыстаў. Затаіўшы дыханне, слухалі трэск у яго валасах, калі па іх шоргала кашуля, а потым заліваліся дружным рогатам.
— Плаціце, пся маць ваша, грошы,— смяяўся і сам Янка, забаўляючы таварышаў.
I вось гэты самы Янка Тукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч.
— Янка! Ты ж гэта адкуль узяўся? — здзівіўся Лабановіч і патрос Янкаву руку.
— Дзён майго вандроўніцтва сто сорак,— нейкім біблейным тонам адгукнуўся Тукала.— Абышоў я чатыры ветры зямлі, узважыў чалавечае жыццё і знайшоў, што яно падобна быдлячым ляпёшкам, параскіданым па выганах.
— Бадай жа ты згарэў са сваім вывадам,— смяяліся яго сябры.
— Га-га-га! — рагатаў Садовіч.— Ты ведаеш,— звярнуўся ён да Лабановіча,— ён жа святым хацеў быць — на Валаам ездзіў Бога шукаць!
— Не можа быць!
Янка вінавата пасміхаўся і не пярэчыў. Лабановіч і Садовіч пазіралі на яго і рагаталі.
— Чаго вы рагочаце, вельзевулавы дзеці?
— Бадай жа ты скіс, Янка! Святым хацеў зрабіцца!
— Чхаць я хачу на святых — баста! Не знайшоў я праўды і болей шукаць яе там не буду. А цяпер помсціцца пачну. Сцеражыцеся, багі, бедната гуляе,— перайначыў ён верш Нікіціна.— Жыў я, браткі, адзін. Глуш, нікога няма, часу многа. Начытаўся я ўсялякай душазбавеннай дрэні, і пацягнула мяне пад царкоўныя сцены, у кусты сівабародага Іеговы. Пасціў, брат, збіраў грошы, каб на Валаам паехаць. А скончыў я тым, што, вярнуўшыся, прынёс такую ахвяру святым у асобе Мікалая Угодніка, якой ніякі жрэц на свеце не прыносіў.