Выбрать главу

I расказаў аб непатрэбстве, якое зрабіў ён перад абразом Мікалая Цудатворца.

— У цябе, брат, усё крайнасці, няхай ты згары,— заўважыў са смехам Садовіч.

— Трэба ж нейкі падрахунак падвесці пяройдзенаму кругу і тычку паставіць,— смяяўся Янка.— Не, браткі, цяпер я хачу жыць іначай. Годзе гэтага лайдацтва. У іншыя гарызонты перавяду я вочы свае. Перш за ўсё — месца перамяніць трэба, хоць з другога боку — не месца красіць чалавека, а чалавек месца. Я хачу Басавым суседам быць, а яшчэ лепш — у адну школу з кім-небудзь з вас папасці, бо калі я адзін, я зноў нейкае глупства зраблю — натура мая такая сабачая. Думкі ўсё нейкія ў галаву лезуць.

— А я, хлопцы, пераведзены ў другое месца,— пераняў Янку Лабановіч,— у Выганаўскую школу.

— Цябе ўжо, як нейкую жывёлу, пагналі на выган,— пажартаваў Янка.

— Гэта, напэўна, святы Мікалай памыліўся і замест цябе мяне пакараў.

— Ён яшчэ, глядзі, і мне каб фефару не задаў. Чорт яго, брат, ведае.

Пажартавалі трохі сябры, а потым пачалі гаварыць аб сваіх школах, пераводах, аб сваіх адносінах да так званай інтэлігенцыі, з якою прыходзілася жыць.

— Можа, яны шчаслівейшыя за нас, усе тыя, што ў карты гуляюць і гарэлку п’юць? Ім гэта люба, у гэтым іх радасць, і яны ніякіх чартоў знаць не хочуць. А я дык і піць не хачу — праціўна! Карты не горнуць мяне, а дзяўчаты хоць і хіляць, але я з сваім «імбрычкам»,— так назваў Янка свой нос,— саромеюся паткнуцца да іх. Мне ўсё здаецца, што яны смяюцца з мяне. Што ж мне рабіць? — пытаў Янка. Сур’ёзнае і жартлівае перамешвалася ў яго прамове.— Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Сёння яна — мерка, а заўтра — глупства, і я сам адмяняю яе сваёй уласнаю рукою. Я кідаюся ад аднае тэорыі да другой, бяруся за адно, хапаюся за другое і ўсюды адстаю. Чытаеш адну кнігу, здаецца — тут праўда. Возьмешся за другую і з ёю згаджаешся. Цяпер вось захапіўся Ніцшэ «Так казаў Заратустра», і мне хочацца быць «надчалавекам», чорт вазьмі! А калі строга падумаць, то выходзіць, што ты проста чалавек з пакалечанымі семінарскім выхаваннем мазгамі. А аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме.

— Ну, гэта — вельмі песімістычнае прызнанне, Янка,— азваўся Садовіч.

— Янка, дарагі! Руку, брат!

— Ты, значыцца, згаджаешся са мною? — і Янка са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча.

— А ні на валасок,— адказаў Лабановіч,— дый у чым з табою згаджацца? Ні да якога ж заключэння ты не прыйшоў, ты толькі паказаўся з новага для мяне боку. Але я люблю цябе за пакуту тваю, як гэта сказана ў Дастаеўскага, за тое, што ты не стаіш на месцы, што ты мітусішся, праўды шукаеш і «хочаш свае пагібелі» — так жа казаў Заратустра. Няхай мы — тыя дрэвы ў полі, што стаяць пад ветрам, няхай нахіляюцца галіны ў той бок, куды дзьме вецер. Але ж ветры веюць з розных бакоў, і галіны хіляцца і туды і сюды. Аднак здаровае, моцнае дрэва будзе стаяць роўна, а галіны яго больш нахіляцца ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца.

— Ты ўжо, я чуў, намацваў «галінамі сонца», калі думаў падняць мікуцічан зрабіць грэблю? — запытаў, смеючыся, Янка.

— Дык і ты намацваў гэтае самае сонца, калі думаў знайсці яго ў валаамскіх манастырах! — заступіўся за Андрэя Садовіч.

— Падняць сяло, зрабіць добрую грэблю, па-мойму, у тысячу разоў важней, чым блытацца пад кустамі сівабародага Іеговы, як ты казаў. Але я цябе за гэта не асуджаю і не смяюся. А што не ўдалося падняць сялян, каб зрабіць самім жа ім карысную работу, то гэта не значыць яшчэ, што іх наогул не падымеш і падымаць не трэба: не падняў цяпер, падымеш потым. Ды брацца за гэта трэба, можа, нейк трохі не так. Неабходна лічыцца з тым, што народ, малакультурны, кансерватыўны, не ўмее цаніць сваіх грамадскіх інтарэсаў і не прывык выступаць грамадою. Але ж яму трэба гэта гаварыць, будзіць яго, катурхаць. I, па-мойму, гэта ёсць наш абавязак... Але што казаць аб народзе, калі настаўнікі не разумеюць гэтага!

— Праўда, брат,— сказаў Садовіч.— Народ наш спіць, воля яго спаралізавана, у яго многа нянек, апекуноў, з яго рук выбіта ўсялякая ініцыятыва... Вось дзе карэнне яго бяды... Я, хлопцы, вельмі задаволены, што мы спаткаліся і пагаварылі. Праўда, мы, як у лесе; ходзім вобмацкам, як сляпыя. Мы павінны перш за ўсё шчыльней адзін аднаго трымацца, каб разам выбіцца на нейкую дарогу, павінны падганяць самі сябе, каб не заснуць і не ўгразнуць у балоце. Я цвёрда намерыўся тут застацца. Янка будзе маім блізкім суседам. Вось шкада толькі, што ты, Андрэй, забіўся ў гэтае Палессе.