— З вамі я чуюся весела і пайду на што хочаце,— разышоўся Янка.— Богу не паддамся і з цара гатоў карону здзіраць. У мяне, браткі, і сны бываюць цікавыя. Я ўсё збіраюся запісаць іх у навучанне патомкам.
— Ну, што ж? Будзем пісаць пісьмы, дзяліцца сваімі думкамі і не губляць адзін аднаго з вока,— перапыніў Янку Лабановіч.
— Дык давайце заключым трыумвірат! — крычаў Янка.
— Давайце!
I сябры з запалам паціснулі адзін аднаму рукі ў знак свайго саюзу.
На карце ў школе Лабановіч не знайшоў свайго новага месца.
«Напэўна, яшчэ большая глуш, як Цельшына»,— думаў ён.
Дасталі «Памятную кніжку Мінскай губерні», дзе звычайна былі адзначаны ўсе ўстановы і школы. У кнізе значылася і Выганаўская школа, што трохі ўсцешыла і заспакоіла маладога настаўніка, але дакладнага адраса не было. Адно толькі дазнаўся Лабановіч: ехаць трэба ў Пінск, а ўжо адтуль дабірацца да школы.
Напярэдадні ад’езду пайшоў Лабановіч у лес, каб апошні раз агледзець свае грыбныя абходы і развітацца з імі.
У лесе было зусім ціха. Скрозь галінкі выносных хвоек прабіваліся цёплыя косы вераснёўскага сонца. Пажоўклыя калюшкі без шуму ападалі на дол, ледзь зачэпіш галінку. Дзесь у небе закрычалі жураўлі, шыбуючы ў вырай. Лабановіч адчуваў нейкую мяккую журботу, навеяную і цішынёю лесу, і гэтым заміраннем жыцця. I розныя думкі, лёгкія, як цені хваёвых галінак, журботныя, як курлыканне журавоў у небе, снаваліся ў яго сэрцы.
Было чагось шкада, як бы нейкая страта напаткала яго. Думаў аб сваім новым месцы, складаў план жыцця і работы там. Успаміналася Цельшына. Цяпер яно нейк адыходзіла ад яго, ахіналася змрокам, рабілася пустым і чужым, бо не было там таго мілага вобраза, што даваў жыццё і радасць. Гэты вобраз неадступна хадзіў з ім па лесе, адганяў іншыя думкі, змушаючы думаць аб сабе. I словы Ядвісі: «Калі вы мяне пацалуеце, то, клянуся памяццю мацеры, я кінуся пад машыну» — ніяк не забываліся, і сама яна, як жывая, стаяла ў яго ўвесь час перад вачамі.
На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка, якога празваў за жвавасць «Ножыкам», каб завесці пляменніка на станцыю. Невялічкі чамадан быў загадзя зложаны, сабраны ў дарогу.
— На добры лад, дык і каня запрагаць не варта было б,— казаў Лабановіч, паважваючы ў руцэ чамадан.
— Навошта ж, сынок, ты будзеш трапаць ногі? Не звярэдзіцца конь, гуляе цяпер.
Пакінуў Лабановіч грошы на дарогу, як заехаць, а рэшту, рублёў сем, аддаў мацеры.
— Прышлі ж, сынок, ліст, заехаўшы, як ужо будзе табе паводзіцца там.
Пацалавала маці сына і слёзы выцерла.
— Ну, Якуб, бывай, брат, здаровы! На другую зіму да сябе забяру цябе. Добра?
— Добра,— кіўнуў галавою Якуб.
Маці стаяла на двары і праводзіла вачамі фурманку, што шыбавала ў бок лесу. Лабановіч азірнуўся, памахаў шапкаю мацеры і сёстрам, кіўнуў ім здалёк галавою. Яшчэ раз азірнуўся назад, як пад’язджалі да лесу. Мільгнуў хутарок са сваім алешнічкам, мільгнуў і схаваўся.
Частка другая - На новым месцы
XIII
Поезд падыходзіў пад Пінск.
Яшчэ не бачаныя краявіды Пінскага Палесся, залітыя святлом вераснёўскага сонца, атуленыя тонкаю павалокаю сінечы, поўныя своеасаблівага хараства, першабытнай дзікасці, мяккасці тонаў і нейкай адвечнай задумлёнасці, вынікалі перад Лабановічам, захаплялі сваімі чарамі, неасяжнымі прасторамі зямлі і роўняддзю паземаў, што зліваюцца з небам ці хаваюцца за цёмна-сіняю стужкаю бясконца далёкіх лясоў. А на гэтай роўнядзі вынікалі палескія вёскі, дзе пад стрэхамі будынкаў высока ўзнімаліся вязы, ліпы і клёны, абсыпаныя золатам восені. Бліскучым срэбрам вывіваліся рэчкі ў нізкіх берагах, раскрываліся шырокія разлогі балотных нізін, заросшых дзікаю травою, аерам і чаротам. Па гэтых дрыгвяных балоцінах, дзе, здавалася, і вады не было, прапіхаліся з чаўнамі рыбакі-палешукі ў сваёй самабытнай вопратцы і шыракаполых капелюшах. Месцамі рассцілаліся цэлыя плошчы жоўтых пяскоў, ашлякованых кучаравымі маладымі хвойкамі. Малюнкі борзда знікалі, замяняліся новымі, і не было калі спыніцца на іх, бо поезд імчаўся вельмі шпарка, мінуўшы апошні раз’езд перад Пінскам.
Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзець гэтую мясцовасць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. У вагоне ён распытаўся аб сваіх Выганах у тутэйшых людзей. Аказалася, што яго новае месца ў пяці вярстах ад Пінска, і гэта вельмі ўзрадавала маладога настаўніка. I яшчэ даведаўся ён, што воласць ад школы зусім блізка. Яму тут і дараду далі, як даставіцца да Выганаў. Для гэтага трэба толькі трапіць на Каралінскі рынак, а там, напэўна, будуць выганаўскія сяляне і за вельмі сходную цану, а то і проста дарма завязуць яго на самае месца.