I гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе,— усё гэта памацняла той добры настрой, з якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. З яго знімаўся цяпер і непакой і клопат знайсці сваю школу, дабрацца да яе.
З чамаданам у руках паціснуўся ён на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Прайшоў багатую і прыгожую залу першага класа, прайшоў з выглядам чалавека бывалага, для якога ўсё гэта прыгоства і раскоша як бы былі самымі звычайнымі рэчамі, хоць не мог не заўважыць усю неадпаведнасць свайго ўласнага адзення, у дадатак з гэтым танненькім чамаданчыкам, з убранствам залы і тае шыкарнае публікі, што так важна сядзела за пышнымі сталамі. Усё ж ён пачуваўся як чалавек, папаўшы не на сваё месца, яго ўласная асоба здавалася тут занадта мізэрнаю і нязначнаю. Вось чаму ён пачаў шпарчэй праціскацца, трымаючыся больш каля сцяны, каб не замінаць нікому, каб не вярнуў яго назад гэты высокі і грозны швейцар у бліскучых галунах. I толькі прайшоўшы залу і апынуўшыся ў калідоры, уздыхнуў ён лягчэй. Цяпер перад ім стаяла задача: знайсці Каралінскі рынак. Горада ён не ведаў, бо даводзілася быць тут першы раз. Хвіліну пастаяў на ганку перад пад’ездам, дзе тоўпіліся вознікі, стараючыся перахапіць пасажыраў.
«Лепш будзе ўзяць возніка»,— падумаў Лабановіч. Зрушыў з месца, выбраў возніка пабядней і загадаў ехаць на Каралінскі рынак, што быў на другім канцы горада.
Праехаўшы некалькі вуліц і завулкаў, вознік спыніўся — тут і ёсць Каралінскі рынак. Не спяшаючыся і разглядаючыся, пачаў Лабановіч хадзіць па рынку, шукаючы сялянскіх падвод. Сям-там пападаліся тыповыя постаці палешукоў і паляшучак, надзвычайна паважных і нават гордых, бо яны так зняважліва паглядалі на ўсё, што не было палешуком, і не надта ахвотна ўступалі ў размовы, якія не мелі беспасярэдніх адносін да іх уласных персон. Па іх думцы, хто не паляшук, той басяк або проста жулік.
— Скажыце, будзьце ласкавы,— зварачаўся настаўнік да некаторых сялян,— ці не ведаеце, дзе б тут знайсці каго з выганаўскіх?
Запытаны паляшук разважна падымаў вочы на настаўніка, аглядаў яго і адказваў не адразу. I з гэтага адказу часамі не выплывала ніякай пэўнасці — буркне, каб адвязацца. Але, разглядзеўшы Лабановіча і нешта разважыўшы, часамі гэты ж паляшук, зноў спаткаўшы яго і даведаўшыся, што гэта настаўнік, расказваў ужо болей падрабязна, дзе спыняюцца выганаўцы, дзе іх можна знайсці. Аказалася, што сёння іх тут зусім не відаць было.
Патупаўшы па рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Хоць заплаціць прыходзіцца дорага, затое ж ехаць будзе выгодна.
Рысорная павозка, мінуўшы брукаваныя траскія вуліцы, мякка пакацілася па гладкай пыльнай дарозе, дзе пападаліся часамі прыгожыя адзінокія ліпы і цэлыя купы разложыстых вязаў каля паселішчаў, параскіданых досыць густа ўбаку ад дарогі.
Лабановіч уважна прыглядаўся да ўсяго, што пападала ў поле зроку, стараючыся заўважыць кожную драбніцу, як бы гэта мела для яго нейкае надзвычайна важнае значэнне. I гэтая мясціна яму адразу спадабалася. Зямля навокал была добрая, ураджайная, і народ, відаць, жыў тут заможна. А надвор’е стаяла ціхае, яснае. Хоць дзень ужо змяняўся надвячоркам, але было яшчэ досыць горача. Неба, злёгку агорнутае танюсенькаю белаватаю павалокаю, як бы шоўкаваю кудзелькаю, здавалася, ніжэй нахілілася над гэтымі паземамі, каб папесціць іх пацалункамі сонечнага святла.
Мінуўшы прыдарожны слуп з дзяржаўным гербам і табліцаю, дзе значылася: «Вёска Выганы, двароў 73 (прычым нейкі жартаўнік сцёр літару «д» у слове двароў), мужчын 269, жанчын 284», вознік спусціўся з горкі і павярнуў направа. Зараз жа за Выганамі на шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа, прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Лепшай пазіцыі для яе, як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці. Досыць вялікі прышкольны агарод, праўда, незасеяны і запушчаны, прымыкаў да плятня казённага ляснічага. Уздоўж плятня цягнуўся цэлы рад высачэзных вязаў, аддзяляючы прыгожы парк ляснічага ад школьнага пляца. Лявей гэтага пляца раскінулася вёска Высокае, дзе з-за дрэў весела выглядалі акуратныя чаротавыя стрэхі сялянскіх хат і клуняў. Ніжэй школы, на адной з ёю лініі, выглядалі з-за саду дзякова сядзіба і царкоўны дом, дзе жылі цяпер дзве папоўскія сястры, якіх абмінула замужства, хоць надзеі на яго яны яшчэ не трацілі. У кроках ста ад школы прасторны пляц-выган досыць крута спускаўся да рэчкі Піны, за якою ляжалі неасяжныя прасторы балот, дзе рос густы і незвычайна высокі чарот. Зарэчная балотная роўнядзь злівалася з небам і, здавалася, не мела канца-краю.