Выбрать главу

Праўда, цяпер часы iншыя, але ўсё ж людзi бываюць розныя, хiба не знойдзецца хто пакпiць з адзiнокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклiчуць на мясцком i дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькi пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць — усё перажыць адной, адасобiцца ад людзей, жыць толькi iм, аглухнуць да ўсяго благога.

Папраўлялася яна добра i праз некалькi дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволiлi ўставаць, i Фрузына, сеўшы на ложку i захiнуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калi прывозiлi малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусiм падобных белых скруткаў на калясцы i, не могучы ўтрымаць замiлаванай радасцi, першая ўзнiмалася насустрач, кармiла i з вялiкай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалiлi яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу — 4800, i мацярынскае сэрца поўнiлася цiхiм гонарам. Нiколi яшчэ так не ганарылася яна ў сваiм жыццi. Гэта было сапраўднае, вялiкае шчасце.

I вось прыйшоў дзень, калi трэба было пакiдаць бальнiцу.

У апошнюю ноч ёй стала асаблiва неспакойна на душы. Звечара яна прыснiла непрыемны, благi сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася i ўжо болей не заснула да ранку. Ёй снiўся Петрачэнкаў, i дырэктар Iван Кузьмiч, i Шаўроў, быццам яны з'явiлiся ў раддом i злосна патрабавалi ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмi спалохалася, бо яе абвiнавачвалi ў крадзяжы дзiцяцi, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзiцёнак, яна чамусьцi не мела сiлы. I яна толькi пакутавала i бегала па пакоях, па вулiцах, хавала малога, а за ёй ганялiся людзi i атукалi, як у полi на воўка.

Яна не стрывала да канца гэтага страшнага вiдовiшча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На свiтаннi яна ўзнялася i стала клапацiцца, каб сабраць свае рэчы, званiла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замянiла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасiла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялiзну. Пасля яна стала чакаць, калi папрыходзяць дактары i напiшуць яе дакументы. Ёй было нiякавата ад таго, што нiхто не прыйдзе за ёю, што i ў апошнюю хвiлiну ёй не мiнуць украдкам кiнутых позiркаў сясцёр, санiтарак, — позiркаў, у якiх празмерная цiкаўнасць, здагадкi i прытоенае асуджэнне.

Час iшоў вельмi марудна. Мiнула ўжо i дзесяць, i адзiнаццаць гадзiн, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалi дакументы — даведку, што ў яе нарадзiўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывiўкi. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку i схавала за пазухай. Яна ўсё хадзiла па калiдоры i чакала, агорнутая клопатам, як данесцi малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купiць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапiла грошай.

Жанчына аж здрыганулася, калi сястра адчынiла ў калiдор дзверы i паклiкала яе апранацца. Там, у пярэднiм прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай — захутаная ў цёплы шалiк, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася насустрач Фрузыне знарок сярдзiтымi вачыма i загаварыла сваiм грубаватым голасам:

— Ну што, выхадзiлася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракi зiмуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён — твой крывапiвец? На вось, сабралi тут. На кватэру я не хадзiла — далёка, ну яе.

Яна сунула ў рукi Фрузыне тугi скрутак — коўдрачка, прасцiнкi, сiняя шаўковая стужка. Жанчына здзiвiлася: чыё ж усё гэта?

— Бяры, бяры, — папiхнула яе Драздова. — Сабралi тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотнi. Я сваiх пару пялёнак загарнула — спатрэбiцца.

— Дзякуй, — сказала Фрузына i прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмi жаласлiва на душы — i да сябе, i да iх, што не забылiся, не пагрэбавалi…

— Ну iдзi, iдзi, паказвай свайго крывасмока, — падштурхнула яе Драздова.

Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавiтае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, i ўсё пазiрала на дзверы, прыслухоўвалася — адтуль у першы свой шлях па зямлi павiнен быў выйсцi сын, яе ўцеха i яе вялiкае шчасце ў жыццi.

Вельмi занятая, рухавая i заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукi i развiталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхiнула ражок прасцiнкi — ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькi ружовы камячок. Драздова таксама зiрнула пад прасцiнку.