Выбрать главу

У жаночы дзень — 8 Сакавiка Фрузыне якраз быў выхадны, i яна, прыбраўшы зранку ў пакоi, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любiла такую работу, любiла прымерваць, прыкiдваць, каб зрабiць што як мага танней i лепей. З гэткiм жа стараннем яна ўзялася i цяпер, але спакваля неяк цiкавасць да работы пачала знiкаць. У думках усё часцей з'яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважлiва, не як другiя, паставiўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на каленi шыццё i затуманеным зрокам доўга пазiрала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалi зiмой ён ладзiў машыну. Чамусьцi ёй усё болей i болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлiвы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго — сям'я, дзецi. Урэшце, колькi ёсць i маладзейшых, i прыгажэйшых, а яна — саракагадовая баба, — нi хараства, нi шчасця — навошта каму такая? Але звыклае iмкненне да яго ўзгаралася з новай сiлай, i яна ўсё пазiрала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткiм сэрцам ды не магла.

Урэшце перад змярканнем яна трохi адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценнi, начала думаць аб iншым — аб людзях iхняй установы — трошкi ганарыстых, але нiштаватых супрацоўнiках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбiральшчыцах, вахцёрах. Успомнiлася, што чагосьцi радзей стала смяяцца Нонка — мусiць, нешта не ладзiцца ў яе замустве; усплыло ў памяцi, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узiмку хварэў на нейкi цяжкi грып Петрачэнкаў i як усе клапацiлiся i непакоiлiся аб iм.

I вось у такую хвiлiну ўспамiнаў-роздумаў, адкусваючы нiтку, яна незнарок зiрнула ў акно i спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака iшоў Пархомаў.

Ён, вiдаць, раней яшчэ прыкмецiў яе ля акна i цяпер здалёк усмiхаўся. У руках яго i пад пахай былi папяровыя скруткi. На iм непрывычна тапырыўся добры чорны гарнiтур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмi спалохалася, кiнулася да дзвярэй, пасля — да стала, скамячыла кавалкi тканiны, кiнула iх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусiм разгубiлася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нiчога не адказвала на гэты стук, толькi шаптала роспачнае "ай Божачка!", а ён усё ветлiва пастукваў i чакаў дазволу ўвайсцi.

Трохi счакаўшы, яна сцямiла, што трэба сустракаць госця, i, прыдушыўшы ў сабе сарамлiвую збянтэжанасць, адчынiла дзверы. Ён з усмешкай зiрнуў на яе, далiкатна пераступiў парог, зняў кепку i пачаў старанна выцiраць аб палавiчок забруджаныя чаравiкi.

— Дзень добры, гаспадынька. Са святам! З жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павiншаваць, бо я таксама адзiн…

Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзiцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды-туды. Ён, перш чым сесцi, паклаў пакункi, выняў з кiшэнi бутэльку гарэлкi, паставiў на стол. Фрузына здзiвiлася i спалохалася, не ведаючы, навошта гэта i што яно можа азначаць, але прыкiнулася, што не заўважае тае незвычайнасцi, i дрыжачымi ад хвалявання рукамi круцiла рагi хусцiнкi.

Ён быў нязвыкла прыбраны — пры гальштуку, паголены, нейкi вясёлы, не падобны на будзённага, запэцканага i сур'ёзнага Пархомава. Цi то з прычыны сваей прыўзнятасцi, цi мо разумеючы стан гаспадынi, ён нi аб чым не пытаўся, а ўсё гаварыў сам.

— Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з'езджу, добра, недалёка.

— Ого, недалёка, — упершыню ўсмiхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялiкiя нязграбныя рукi.

— А якое там далёка? Тры-чатыры кiламетры — не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? — спытаўся ён i агледзеў пакойчык. — Што, цячэ? — кiўнуў ён на мокрую пляму ў столi. — Рамонту дабiвацца трэба, а то што ж гэта такое — жаночае свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзiрка, трэ паглядзець. Э, ды i падлога тут рук просiць. Пераслаць бы, калi яшчэ лагi не згнiлi, а то што ж?

Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкiя прылады — блiшчасты партабак з папяросамi, запалкi. У пакоi прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, i ад гэтага паху Фрузыне чамусьцi стала лягчэй i весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабiць, i, счакаўшы колькi хвiлiн, пачала даставаць са стала сякi-такi посуд.

Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскiя справы, пра парадкi ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завiхалася ля стала — дастала гуркоў, дробнымi кольцамi парэзала каўбасу з пакунка, абчысцiла селядца. Да гарэлкi, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставiла талеркi, напаследак дастала шклянку i невялiчкi кiлiшак. Пархомаў добра не адмытымi ад мазуты пальцамi ўзяў кiлiшак, пакруцiў у руках, незадаволена адставiў убок.