Выбрать главу

Ганна НАВАСЕЛЬЦАВА

НА ВЕКАВЕЧНЫХ МЕЖАХ...

Міфалагічна-легендавае апавяданне

Знаёмы ясень крануў за плечы доўгімі галінамі, калі апошні водбліск сонца знікаў у начным змроку. І табе маё вітанне, высокі. Сем стагоддзяў стаіш тут, мудры, на ўзгорку, куды зладжана падступаюцца лясы і палі, балоты і азёры. Адно не зважаеш на іх, вартуеш крыніцу з жывою вадою. Цячэ яна праз сенажаці ды яловыя пушчы, і няма ў яе пачатку, як і няма ёй канца. Твая вечнасць, маё імгненне. Вартуеш жыццё, як і я не хачу адкрыць шлях смерці...

Не, мне не выпадае кранаць крыніцу, не мая яна. Хачу табе сказаць, што паважаю цябе за тое, што стаіш на шляху ўсіх вятроў. Навошта зноў сюды прыйшоў, парушыў твой узнёслы спакой? Не, гэтым разам не прывёў за сабой цёмных навальніц. І не прагневаліся на мяне ані Белабог, лёгкіх яму шляхоў, ані Чарнабог, хай заблукае ў сваім вечным змроку. Пытаешся, ці буду замаўляць. Не буду, мудры, высокі. Шмат я замовіў скарбаў, шмат закляў курганоў. І шмат людзей, якія нягожа чынілі, пусціў па белу свету ваўкалакамі... Толькі досыць ужо ўсяго гэтага. Дапамажы мне, ясны, блаславіць чалавека... Што, ты здзіўлены? Не чакаў ад мяне такога... Я рады, што яшчэ магу цябе здзівіць. Павер у яго, высокі, не пакінь без мудрай парады. Так, я ведаю, што і ты ў мяне папросіш. Не знікне крыніца з жывою вадою. Я, ведны чарадзей, табе слова даю. Я ж разумею, што такое веч­насць.

Зацікаўлена ўзіраешся, ясны. Што, лёгка згадзіўся? На бясконцы жаль, не магу вас абодвух адчараваць, не пераўзысці мне бацькоўскай волі. Так, любое пакаранне мае межы, любая віна мае выкупленне. Усё мае свой пачатак, усё мае свой канец. Вось і брат твой — разгалісты дуб, што мог ператвараць у каштоўны найпрыгажэйшы бурштын чалавечыя слёзы, пашчапаны на дробныя трэсачкі. Ведама, злы ты з-за гэтага на людзей. Але зрабілі тое людзі з вялікага гора. Табе не зразумець яго, ты занадта даўно быў чалавекам. Пытаешся, якое гора можа быць большым, чым сем вечнасцей цягнуцца да сваёй каханай, чым сем вечнасцей бачыць яе слёзы. Можна ўбачыць, як закопваюць людзі крыніцу з жывою вадою. А можна глядзець, як высыхае яна, як знікае яе гаючая

сіла. Што злуеш. Хочаш дачакацца, калі з цябе зробяць сані? Так? Тады дазволь мне ўчыніць, каб жа наш жыццёвы скон ды стаў пачаткам. Я, ведны, усё прадбачу. Усё табе раскажу.

У самую чарадзейную ноч прыйдзе да цябе залатакосая дзяўчына. Ад нараджэння разумее яна галасы зямлі. Але мовіў я звярам ды птушкам, каб звялі яе да цябе, і не парушыць лясун маёй волі. Што мне да яе? Да яе нічога, але закаханы ў залатакосую хлопец, над лёсам якога варажылі зоркі. Яму прадказалі зашмат. Яго і хачу блаславіць чарамі, яму і прашу тваёй дапамогі. Якой дапамогі? А ўсё проста. Ты сам ведаеш, што значыць страціць каханую, ясны. Ведаеш найлепей. А ў тую чара­дзейную ноч гойдаецца на тваіх галінах усялякая нечысць. Хай сабе, збірай такіх сяброў у сваім вялікім горы. Дык няхай твае сябрукі і зацягнуць золатавалосую ў ясную крону. Хоча яна чарадзеіць, няхай здзейсніцца тое. У мяне ж іншы клопат. Я хачу, каб ён быў гатовы на ўсё. Ты ж сам такое перажыў, ясны. Я хачу, каб стала яму балюча. Толькі ты можаш такое ўчыніць.

Гаворыш, што горшы я ад роднага брата. Мы яшчэ памерымся сіламі. Не параўноўвай нас, мы розныя. Гаворыш, што горшы я нават за бацьку. Што ж, табе лепей ведаць. Мой бацька замовіў вас у крыніцу і ясень, таму што быў закаханы, таму што помсціў за здраду. Не плач, высокі ясень, я не ведаю такога пачуцця. каханне. Але я скарыстаю яго вялікую сілу. Гэта проста. Як і валодаць чарамі. Як і бараніць тое, што мне належыць. Дык ты са мною? Са мною. Я і не чакаў іншага. Ты яшчэ парадуешся за сваю вечнасць, за маё імгненне на гэтай зямлі. Што? Я таксама доўга жыву? Не зайздросць. Няма чаму. Дык памятай, у чарадзейную ноч.

Удалася яна пагоднай, самая чарадзейная ноч, тая ноч, пра якую складуць леген­ды. Ды што мне легенды. У іх жа ўсё прыхарошана так, што і цяжка дазнацца праўды. Але я быў сведкам таго, як усё рабілася. Скінуўшыся кажаном, незаўважаны нікім, акрамя самой ночы, кружляў я над закаханымі, над шляхам іх расстання, над высокім ясенем. Шмат я смяяўся, але не толькі смешна мне было.

Ім не было наканавана быць разам. Зразумеў гэта з першага позірку я, ведны чарадзей, які шмат чытаў у людскіх вачах, у людскіх сэрцах. Крыўдна прызнацца, але тая залатакосая была лепшая за яго, хлопца з абраным лёсам. Яна хоць бы ведала, да чаго імкнулася. А ён, небарака, ён зусім яе не разумеў. На нейкае імгненне мне зрабілася яго шкада. Мабыць, я сапраўды горшы за брата, што задумаў учыніць з ім такое. Але не, не адмоўлюся ад сваёй задумы. Таму што ўчуў сказаныя словы:

— Навошта табе нейкія чары? Забудзься на іх. Проста пакінь, як незразумелы сон. Не вядуць яны да добрага.