- Божа мой, Божа, гэта ж дзве гадзіны...
Элінора перапытала:
- Пра што ты гаворыш, Сузі?
Сузан зрабіў такі рух, нібы папярхнуўся, сутаргава схапіў недапітую чарку, асушыў яе. І толькі тады адказаў:
- Я ж гавару, куды гэта варта, калі самалёт спазняецца аж на цэлую гадзіну. Гэта называецца - парадкі...
- А што тут асаблівага, Сузі? Ну, прыляціць маці на гадзіну пазней, і толькі... Падумаеш, такая ўжо бяда, калі твая сястра лішнюю гадзіну прабудзе на аэрадроме, чакаючы маці. Вось мы прасядзелі ўжо тут цэлую гадзіну і не заўважылі, як прайшоў час.
- Не верашчы! - кінуў Сузан, і ў голасе яго пачуліся зласлівыя ноткі. - Гэта ж так непрыстойна, на нас глядзяць людзі.
Элінора разгублена азірнулася па баках.
- Чаго ты крычыш на мяне? Ніхто не глядзіць на нас.
Сузан наважыўся быў агрызнуцца, але махнуў рукой і, наліўшы адну, другую чарку, залпам асушыў іх. Элінора пакрыўдзілася:
- Вось ты заўсёды так: на хвілінку станеш добры, а потым зноў за старое... Не напіўся яшчэ?
- Няхай, выпі і ты... - прымірэнча прамовіў ён і наліў ёй і сабе па чарцы, чокнуўся з ёй. - А цяпер паехалі! Чаго мы будзем сядзець тут...
Дома ён зноў зрабіўся пануры, маўклівы. Другім разам пасля такой выпіўкі ён заваліўся б спаць, а цяпер сноўдаўся па кватэры, не ведаючы, чым жа яму заняцца, да чаго прыкласці рукі. Не раз і не два падыходзіў да радыёпрыёмніка, уключаў яго і тут жа раздражнёна выключаў. Шум і грукат джаза, рэкламныя абвесткі так абрыдлі, што хоць ты ўцякай ад іх на край свету. Толькі затрымаўся быў каля прыёмніка на колькі хвілін, калі будаўнічая кампанія рэкламавала продаж гатовых дамоў разам з зямельнымі ўчасткамі ў працяглую растэрміноўку.
«Што ж, гэта нядрэнна... - падумаў ён. - Толькі які купляць - з трох пакояў ці з пяці? Ва ўласным доміку можна будзе пры выпадку заснаваць і сваю электратэхнічную майстэрню... Але пры чым тут дом, да д'ябла майстэрня! Хопіць яму і без майстэрні, каб пажыць па-людску, пажыць на славу... Да д'ябла ўсё, да д'ябла ўсе нудныя клопаты!..»
Знерваваны, спакутаваны, ён выйшаў на ганак, каб падыхаць свежым паветрам. Змяркалася. Па вуліцы праходзілі рэдкія прахожыя. Яны чамусьці сумна пазіралі на домік, у якім ён жыў. Некаторыя са знаёмых віталіся і паспешліва ішлі сваёй дарогай. Ля газетнага кіёска на недалёкім перакрыжаванні вуліц ён заўважыў некаторае ажыўленне. Чуўся нават гучны голас газетчыка, які выкрыкваў навіны дня, але што ён выкрыкваў, разабраць было цяжка. Тады Сузан сышоў з ганка і машынальна павярнуў у бок кіёска. Ён быў ужо недалёка ад яго, калі ясна разабраў словы газетчыка:
- Жахлівая катастрофа ў паветры! Сорак тры ахвяры, сярод іх нашы знаёмыя!
Ногі ў Сузана адразу нібы наліліся свінцом, а сэрца затахкала хутка-хутка, нібы збіралася выскачыць з грудзей. Ён нават спыніўся на хвілінку, каб перадыхнуць, сабрацца з думкамі. Але неадольная сіла ўжо цягнула яго далей - трэба ж урэшце дазнацца, трэба дазнацца...
Ля кіёска тоўпіліся людзі, усхвалявана перачытвалі кароткае паведамленне, якое вылучалася на першай старонцы вялізным шрыфтам. Заўважыўшы яго, людзі папярэдліва расступіліся. Знаёмы кіяскёр абарваў на паўслове свае выкрыкі, разгублена зірнуў на Сузана, потым узяў яго за руку, моцна паціснуў:
- Мы так спачуваем, так спачуваем вам у горы! Хто б мог ведаць, што такое можа здарыцца. Гэта ж так жахліва...
- Што здарылася? - перапытаў Сузан, адчуваючы, як перасыхае ў яго ў горле.
- Божа мой, няўжо вы яшчэ не ведаеце? Калі ласка, вось вячэрняя газета.
Рукі ў Сузана трэсліся, калі браў ён газету. Зірнуў на аб'яву. Нібы налітыя крывёй, вылучаліся тлустыя радкі. Чытаў пятае праз дзесятае: «...усе пасажыры самалёта загінулі, у іх ліку і пяцёра дзяцей, малодшаму з якіх не было яшчэ года... загінуў і экіпаж самалёта і сцюардэса... Ёсць падставы лічыць, што самалёт загінуў ад нейкага выбуху... рэшткі самалёта падалі аж на працягу цэлага кіламетра... Усяго загінула сорак тры чалавекі... Самалёт...»
«Які самалёт? - мільганула нецярплівая думка. - Аб чым гэта я? Тут жа ясна сказана: самалёт семдзесят пяты... Загінуў праз гадзіну пасля вылету... Так, так, дзве гадзіны, дзве гадзіны...»
Думкі нібы білі важкім молатам па мозгу. Цяжка было спыніцца на чым-небудзь. Сэрца білася часта, ніяк не магло супакоіцца. І не разабраць, ці то ад радасці яно, ці ад гора не можа супакоіцца. Ён яшчэ глуха перапытаў, не зварочваючыся ні да каго:
- Хто гэта сказаў, што самалёт загінуў?
- Божа мой, гэта надрукавана ў газеце. Хіба не бачыце самі? - азваўся адзін голас.
- У якой газеце? - механічна перапытаў Сузан.
Людзі, што стаялі бліжэй і чулі яго голас, няўцямна паціналі плячмі. Ён павярнуўся, не развітаўшыся і не заплаціўшы за газету, паволі пацягнуўся дахаты.
Некаторыя сумна заківалі галовамі, пагаварылі, разышліся. Нікому не ў радасць чужое гора.
Калі ён зайшоў у хату, там было поўна людзей. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Плакалі жанчыны, дзеці. Элінора скрозь слёзы пачала выгаворваць яму:
- І дзе ты ходзіш? І дзе ты ходзіш? Вось заўсёды так!
І яна гаварыла, гаварыла... Ён і жорсткі чалавек, і няўдзячны сын, колькі турбот мела праз яго маці, праз яго, валацугу. І калі толькі возьмецца чалавек за розум...
Ён нічога не адказваў, толькі моцна сцятыя сківіцы гаварылі аб тым, як цяжка яму маўчаць, як цяжка выслухоўваць усе гэтыя абразлівыя выкрыкі. Канечне, у іншы час ён не змаўчаў бы, ён адказаў бы ёй так, што яна месяцамі раскайвалася б, чаму зачапіла яго. А цяпер? Лепш прамаўчаць, няхай супакоіцца, ды і менш будзе крыку, калі не пярэчыць...
На другі дзень газеты прынеслі больш падрабязныя весткі аб гібелі самалёта. Са старонак газет глядзелі здымкі людзей, што трапілі ў катастрофу. Вясёлыя твары, шчаслівыя ўсмешкі дзяцей. І сярод гэтых здымкаў было фота маці. Выраз твару сур'ёзны, задуменны. Яна глядзела са старонкі газеты і нібы пыталася ў яго, у Сузана:
- Ну як, сынок, ці шкадуеш ты хаця мяне?
Сузан паглядзеў на здымак і, прыкрыўшы яго рукой, перачытаў тэкст рэпартажу. Нічога асаблівага ў параўнанні з учарашнім паведамленнем не было. Праўда, было ўказана месца катастрофы. Яна адбылася непадалёк ад невялічкага гарадка, на раўніне ў бязлюднай мясцовасці. Не здымаючы рукі, каб не глядзець больш на маці, ён згарнуў газету і засунуў яе падалей на этажэрку з старымі часопісамі і кнігамі.
Прайшоў тыдзень, другі. Сузан хадзіў на працу. Дома быў негаваркі, агрызаўся нават на дзяцей, калі тыя спрабавалі лашчыцца да яго. Яны заходзіліся плачам, і тады Элінора папракала яго:
- Ну чаго ты такі? Чаго ты дзяцей крыўдзіш? Яшчэ называецца бацька... Ну я разумею, гора... Але што ж тут паробіш, ці ж мы хацелі такога няшчасця?
- Хацелі, не хацелі... Хопіць. Кінь. Адчапіся...
Яна пацінала плячмі, пакідала яго ў спакоі.
Прайшоў яшчэ адзін тыдзень. Багата перадумаў за гэты час Сузан. Уважліва перачытваў святочныя выпускі газет, у якіх звычайна змяшчаліся і спецыяльныя раздзелы па дамаводству, рэкламы на продаж гатовых дамоў з зямельнымі ўчасткамі. Усё прыглядаўся, на чым спыніцца, што лепшае выбраць. І ўрэшце яму вельмі спадабаўся ўтульны катэдж на беразе невялічкай рачулкі з крутымі ляснымі берагамі. Цэлымі вечарамі ён сядзеў, падлічваючы патрэбныя выдаткі. Сродкі ў яго будуць, на ўчастак хопіць. Без яго ўдзелу ўзнікла справа аб укладзе маці ў ашчаднай касе. Туды запрашалі і яго. Справа ўжо амаль што вырашана ў законным парадку. Спадчыну падзеляць між ім і сястрой. Трэба ўрэшце разумна выкарыстаць гэтыя сродкі, пакінуўшы, вядома, і на іншыя свае асабістыя патрэбы - не век жа яму раўняцца на жабракоў. Але колькі яшчэ трэба грошай, каб абставіць свой дом прыстойна, як і належыць паважаючаму сябе чалавеку. Давядзецца збыць старэнькі недалужны «фордзік» і купіць новую машыну. За стары багата не атрымаеш, але ўсё ж грошы... Божа мой, колькі б іх ні было, а ўсё мала, мала. Некалі ён лічыў бы сябе шчаслівым, каб у яго рукі трапіла хаця б чацвёртая частка матчыных грошай, а цяпер мала і палавіны. І ён успомніў пра купленыя ім страхавыя полісы. Іх цэлых дзесяць, гэта ж некалькі тысяч долараў. Ён тут жа дастаў іх з бумажніка, уважліва прачытаў, падпісаў прозвішча маці.