Выбрать главу

- І ўсё?

- А ты думала? Вядома, усё. От, авечка ты мая дурная, ну скачы, ну спявай, бацьку ж радасць толькі... Але давай, дачушка, пасплю я ўжо трох, бо косці ныюць, дый у грудзях адляжа, а то цяжка неяк.

- А татачка, а я думала, чаго гэта вы да мяне так...

- Уз'еўся, кажаш?

- Не... ну, спі, татка.

Валя папраўляе падушку, накрывае лепей бацькавы ногі, - каб жа ім ды было цёпленька! - а сама бярэцца за працу. Трэба палапіць таткаву кашулю, аб вячэры падумаць, працерці падлогу крыху, свежыя фіранкі з газеты на вокны павесіць... Ды ці мала набярэцца хатняй працы, непрыкметнай жаночай працы... Неўзаметку і час ідзе - вечар у госці просіцца.

Калупае Валя іголкаю, у акно пазірае, а думкі белаю ніткай уюцца. Простыя думкі, звычайныя. Вось пра татку, пра шэры, пачарнелы завод, пра неабсяжны лес, што залёг навокал, далёка ўціснуўся ў зялёныя абшары лугоў, на полі распасцёрся, падмяў пад свае ногі, пад свае карчы старое курганішча. Хутка там расцвітуць суніцы... Такімі белымі, белымі кветачкамі.

«Эх, суніцы!..» - уздыхнула Валя.

Як добра, калі ў сэрцы цвітуць суніцы! Тады на ім пахучая радасць зялёная. І радасць - нібы раса раніцою - вясёлкай іскрыцца, вее холадам - прадсонечным холадам. Так бы і ўзяў - і лес, і завод, і першы промень сонечны, прастроміўшы залатою плямай клубы шэрага дыму з комінаў, - і абняў бы ўсё, да грудзей прыгарнуў і, расой змачыўшы вусны, усяму свету і жыццю маладому паслаў бы шчыры, шчыры пацалунак гарачы...

...Вось татка часам крыўдзіцца... Што ж, цяжка татку... Бутэлькі пякучыя, часта кашляе, часам грудзі яму баляць, нямеюць ногі.

А завод пачарнеў. Дзіва, колькі год стаіць.

А ў панчохах дзірка - не забыцца б... Зацыраваць.

- Эх ты, машыністачка, элемент непрацоўны... - кажа часам Яшка.

Так, мо і непрацоўны, - татка стары, а жыць трэба.

«Не мазалём, дык розумам», - таткава думка.

Чым жа яна вінавата - «машыністка». Кожны грош не залішні, а татку лягчэй. Кашляе часта. А што яна недавучылася, хто вінен у гэтым. Цяжка ехаць у горад без грошай... Ні сясцёр у цябе, ні братоў. Праўда, трохі сорам вунь перад дзяўчатамі другімі, перад пакавальшчыцамі, пазалотчыцамі. Тыя вунь там, пад счарнелым дахам. А ты... «Ундэрвуд», вокны на рэчку глядзяць, і чысценькая блузка, і хусцінка прыгожая. А як жа: у канторы нязручна так, па-простаму, па-звычайнаму. Там жа ўсякія людзі бываюць, зноў жа... дырэктар там.

У дырэктара нос гарбінкай і над левым брывом вялікі рубец, сінявы крыху, - заўважыла, як паперы падпісваў. А вочы - свярдзёлкі, вочы пякучыя. Ад іх чырвань усплывае на шчокі і ні з таго ні з сяго вушы гараць. І нязручна тады, непрыемна. Дзірку ж трэба зацыраваць. А то заўважыць яшчэ часам. Сорам адзін...

А заўтра нядзеля. Эх, каб сонечны дзень! І пагуляць, чаго добрага, пакатацца ў чоўне, прайсціся па выспе, дзе так многа кветак, лапушыстага шчаўя...

І на боршч можна сабраць.

Яго татка любіць - вялікі ахвотнік на кіслае. Так, любіць татка боршч.

І Валя глядзіць на татку. А ён спіць спакойна на ложку, спакойна дыхае, і гэта дыханне прасякае нібыта ў кожную шчыліну хаты, ахінае ўвесь пакой салодкай і такой ліпучай дрымотай - так бы вось і заснуў. Не заснуў - задрамаў бы.

І Валіны вочы сінія парабіліся на ніткі-нітачкі. Вось і зусім іх няма - пахаваліся яны пад ігліцы чорныя, пад расніцы. З-пад іх цені паўзуць пад вачамі - трапяткія і калючыя: блізка лямпа стаіць. І плыве дзесьці думка дрымотная, такая ціхая, непрыкметная:

«Разбудзіць бы татку, час вячэраць...»

І раптам:

- Ой, - уздрыганулася Валя.

Нехта стукае ў акенца, паціхусеньку стукае... Хто б такі?

А-а... хітрунец, ну вось і вазьмі яго! Ну хто, як не Яшка. Ён жа, няйначай.

Валя нахіляецца да акна, да самае шыбкі. А ў шчылінку, паміж рам, у гэтую малюсенькую шчылінку, словы чутны:

- І як табе не сорам у хаце сядзець. І калі? Вечарам, ды яшчэ перад самай нядзеляй...

- Тс-с... татка спіць, ані слова, змоўкні і ш-ша.

- Ну, выйдзі, выйдзі, чаго там.

«Добра - «выйдзі». Колькі дзён ані слова табе, ані звання. Вось вазьму і не выйду, ну няхай сабе і пойдзе, пастаіць, пастаіць дый пасунецца дахаты... Дурань... Вазьму і не пайду...»

Думкі, думкі - дзявочыя думкі... А рукі за клямку - і Валя на ганку.

- Ну?

- Што занукала?

- Сказаць што хацеў?

- Кінь глупства... Валя, ну чаго ты? Ну, прыйшоў вось, да цябе ж прыйшоў, ні да кога.

- А мо і «да кога», адкуль жа мне ведаць?

- Чаму ж так?

- Так ды так, маё ты токала... А дзе ж учора быў, пазаўчора?

- А ты ж у канторы служыш.

- ?

- Ну дык і ведаць павінна, дзе быў, за матэрыяламі ж ездзіў у горад.

Трохі сорамна Валі. Усе нарады на работы ў канторы, і - на табе! - не заўважыла, недаглядзела. Толькі дурнем абазвала дарэмна... Якім жа цяпер мілым робіцца гэты Яшка, не хлопец, а золатка. Не, не так, - золатка маё дарагое. І не так - вяснянкі мае даражэнькія. І гэта не так... Нешта іншае, болей чым даражэнькае, болей чым золатка. Чаму ж не прыхіліцца да яго пляча.

А які ж блазан - месячык... Якая яму справа, дзе што дзеецца, бач, свеціць, вышчарыў свае срэбныя зубы, палажыў іх на паліцы воблачныя, смяецца. Бач, назола.

- Яшка, кінь... - і няведама, на што гэта «кінь»? Мо на тое, што за руку ўзяў, паклаў сваю руку на плячо, глядзіць нерашуча, мусіць, сказаць надумаўся што.

- Валя...

- Ну?

- Нічога, гэта я так сабе.

«Вось няўклюда, так і не скажа нічога...»

- Валя!

- Чаго табе?

- Ну-у... я...

- Ну, ты...

- Я-а...

«Нічога, так сабе?»

Ось жа, заўсёды так, думае нешта сказаць і не дакажа.

І сапраўды, чаму Яшка не кажа і што ён сказаць хоча?

Яшка стаіць, моршчыць лоб, адчувае сябе прыкра-прыкра.

І ліха яго ведае што! Вось ідзеш, і, здаецца, на цэлы свет у цябе гаворкі хопіць, нават словы такія прыгожыя мітусяцца, падбіраюцца адно да аднаго. Толькі, здаецца, кажы, вяжы словы ў прамовы, выкладай ды чаруй, каго хочаш. А тут на табе - замок на язык - пстрык, і гатова.

Яшка да балючай выразнасці адчувае сваю бездапаможнасць. І перад кім? Перад дзяўчатамі, у абыходжанні, у гутарках з імі. Калі яшчэ некалькі, тады нішто... А калі вока на вока - тады хоць язык пракалі: ляжыць ён, не зварухнецца, нібы прышыты да зубоў - не адцягнеш.

- Валя... Ну, ты ведаеш, што з табой цяжка гаварыць мне, не ідуць словы... І не то што не ідуць - з языка не злазяць...

Валі прыемна чуць яго кожнае слова. Яна ўважліва слухае і думае, чаму б гэта так: вось Яшка на сходзе - адкуль толькі ў яго тады бярэцца што, лепшага красамоўцы на заводзе не знойдзеш - прыемна гаворыць, люба паслухаць, і ні шуму тады, ні вэрхалу - цішыня. А вось тут - з ёй - іншы. І нават нешта падобнае на гонар, на своеасаблівы гонар дзявочы на хвіліну з'яўляецца ў думках:

«Саромеецца мяне...»

- Валя... Я не ведаю, чаму толькі з табой мне хочацца гаварыць, а не з кім іншым... Вось і цяпер. З клуба зайшоў я сюды. Ці там уседзіш, - сама ведаеш, што там дзеецца - скачуць усё. Што ні вечар - скокі, і калі ўжо даскачуцца да чаго - не ведаю. Сама ведаеш, колькі раз на ячэйцы казаў я: «Кіньма глупствы, ці мы горш ад людзей, ці ў тустэпе шчасце якое, ці што...» Дык дзе там! Застукалі і загрукалі: «Блазан ты яшчэ, а вучыць лезеш... Што мы, манахі табе або пудзілы тыя гародныя? Нам - жыццё даёш, нам - крый, гуляй, варушы нагамі, падварушвай, пакуль шчокі румяныя, насы ядраныя... А там, калі губой нос падапрэш, тады і справы другія... Таму нішкні, не разводзь анцімоніяў...»

І гэтак кожны раз. І крыўдней за ўсё - хоць бы хто сказаў, хоць бы слова закінуў, навучыў бы розуму.

Дык ніхто, ніводнай душы не знойдзеш. Неяк да дырэктара заходзіў. Як жа, камуніст, - у каго, як не ў яго, параду ўзяць. Зайшоў я па справах нашых. Разгаварыліся. І выклаў я яму пра ўсё, што дзеецца ў нас у інтэрнаце, у ячэйцы нашай камсамольскай, у клубе... Нядобра, кажу, гэтак. Нешта трэба рабіць, і што вы скажаце часам?