- Ды я ж...
- Ды я, ды я... Дудукала ты старое. Дзяцінець пачаў, дык пра ўсё і забыўся.
- Кінь ты дзеда зневажаць, чаго ты да яго прычапіўся, - абрывае Арцёма Антон.
- А няхай не вярзе немаведама што, - злосна кажа Арцём і пачынае круціць цыгарку. Ён доўга дзьмухае на лісткі паперы, бо тоўстыя апаленыя пальцы ніяк не спаймаюць аднаго лістка. Арцём круціць цыгарку, смачна слініць і склейвае яе і, сабраўшыся прыпаліць, падае капшук дзеду.
- На вось, закуры лепей, а пустабрэхі свае кінь, не гожа так, ды яшчэ чалавеку старому.
- Ды я ж, братачка, хіба я са зла, ці што? Так вось, узбрылі гуркі на памяць, дык я аб іх, значыцца...
Ніхто не слухае больш дзеда, новыя гутаркі займаюць увагу. Згрудзіўшыхся на мастках рабочых нехта пытае пра грошы, калі палучка, у які дзень.
- Грошы, кажаш, а вось запытаем у заўкоме.
- Не чуваць яшчэ, браткі, - адказвае Іван Сяргеевіч Шабурда, не стары яшчэ рабочы, з маленькай казлінай бародкай, якая мае звычай палахліва затрэсціся пры кожным пытанні, і тады яе кончык выпіраецца далёка ўперад раскудлачанай вострай купінкай, якая нібыта так і кажа: «Слухаю».
- Не чуваць, браткі, не чуваць. Бачыце, гэта ж справа трэста. Мы анодысь і казалі Анатолю Іванавічу, каб гэта, значыцца, паспяшыць крыху. Але ж ён кажа: «Спяшацца няма чаго, трэст сам ведае, калі і што...»
- Яму-то спяшацца нечага, яму што - бізун бізуном, - а вось паспрабаваў бы на шэсць ратоў раскінуцца, тады паспытаў бы, ведаў бы...
- Дык яно як быццам і так, браткі, але ж...
- Што але?
- Ды начальства, бачыце, як-ніяк, але ж яно начальства, і павінна яно, скажам, ведаць, калі і што...
- Дый чалавек жа ён парцейны. Гэта Анатоль Іванавіч, значыцца... павінен паклапаціцца... - і казліная бародка заспакоена прымае сваё звычайнае палажэнне.
Ля печы цёпла. Прыемная млявасць адчуваецца ва ўсіх частках цела, таму і казаць асабліва многа не хочацца. Большасць рабочых сядзяць моўчкі, некаторыя дрэмлюць, некаторыя безучасна разглядаюць павуцінне, якое заткала ўсе вокны, што ўстаўлены ў высокую столь. Там гудзе назойліва муха - мусіць, папалася ў павуцінне. У разбітую шыбку заляцела пчала і лётае цяпер каля печы. Кожны назірае за яе палётам, і кожнаму хочацца, каб гэтая пчала ды села каму-небудзь на нос - вось бы смеху было!
Але пчала вылятае кудысьці ў акно, і зноў ціха на заводзе, толькі ў правым кутку, каля печы, чуецца гамонка, чуюцца выкрыкі часам:
- Недабор!
- Вашых няма...
- Цягні, цягні дзесятку!
То маладзейшыя гуляюць у карты, гуляюць з самага рання. Гуляюць чалавекі чатыры. Другія ж, абступіўшы іх, назіраюць, спачуваюць, падбадзёрваюць, паддаюць жару:
- Крый, Ванька, па банку, чаго там...
- Даёш!
- Бяры, чаго сумняваешся, якраз туза выцягнеш!
- Шырэй рот разяўляй!
- Станаві штаны, чаго там. Палучка хутка - новыя купіш.
- Купіла не хопіць.
Толькі сабраліся пачынаць новы банк, як у адчыненыя вокны ўварваўся раптам прарэзлівы роспачны крык:
- Бра-то-очкі!
Усе прымоўклі на хвілінку, зірнулі адзін аднаму ў вочы і, прыслухаўшыся, усе адразу рассмяяліся.
- Астап, мусіць... Жонку вучыць.
- Каму, як не яму! З-за Карлы, мусіць... Айда, браткі, паглядзім! Дый палуднаваць час.
Калі выйшлі на двор, усе заўважылі Астапа, які гнаўся са знятым з аднае нагі чобатам за сваёй жонкай. Астап быў п'яны. Ён бег з расхлістанымі грудзямі, і кудлы валасоў трэсліся над потным ілбом і засцілі вочы. Непаслухмяныя ногі не пераскочылі маленькай канаўкі, і Астап расцягнуўся на зямлі ўсёй сваёй доўгай, як жэрдка, постаццю. Але і лежачы, ён падымаў у правай руцэ чобат і ўсё пагражаў. Жонка даўно ўцякла і схавалася дзесьці ў суседак, а Астап усё кідаў п'яным, заблытаным языком свае пагрозы:
- Я табе пакажу... От я ўжо да цябе дабяруся.
- Што ты кажаш, небарача, - кпілі з Астапа рабочыя.
- От ты пагавары ў мяне, пагавары болей... Тады пазнаеш. От я ўжо цябе навучу.
- На сабак хіба брахаць?
- Пагавары, пагавары болей...
- Астап, каго ж ты лаеш, дзе ж твая жонка?
- Мані, мані, от я ўжо да цябе дабяруся.
Астап доўга яшчэ сыпаў пагрозамі, але словы блыталіся ўсё болей і болей, і ўрэшце Астап замоўк і засоп у канаве, у якой ён даволі часта знаходзіў свой прытулак, прайграўшы звычайна бойку з жонкай.
Цэлая купа дзяцей у Астапа, і пяты, самы меншы - Карла. Акцябрынілі яго гады са тры назад. Супроць быў Астап.
- Нашто мне Карла, каб людзі смяяліся, ці што.
Але ўламала неяк жонка. Яна была дэлегаткай і не раз у другіх спраўляла такое свята - чаму б і ў сябе не зрабіць. Любата адна. Народу поўна, кожны вітае цябе, нібыта ты зрабіла што вялікае, надзвычайнае. Ды і падарункі к таму.
Усё да аднаго. Падарункі і на Астапа падзейнічалі.
- Ну што ж, Карла дык Карла - толькі клопату, усё роўна лішні рот...
Пасля ўжо не раз хадзіў Астап, асабліва калі вып'е, да дырэктара і да сакратара камсамольскай ячэйкі, загаворваў усё:
- Дык вось што... Як-ніяк, сын у мяне, Карла, не абы-хто. Вы ж ведаць павінны, як і што... Павінны вы сыну майму, камуністу майму Карлу, спасобіе даваць ці не? Павінны, таму ж ён Карла, а не які-небудзь там, скажам, Лявон ці Гаўрыла.
І Астапу адказвалі звычайна:
- Ідзі ты выспіся лепей.
Астап кідаў тады гаварыць пра «спасобіе» і пачынаў лісліва і пакорна прасіць на шкалік, пахмяліцца.
- Эх, і раздушыў бы гэта я за здароўе ваша і за здароўе сына майго Карла Астапавіча...
І калі не выходзіла справа - Астап ішоў тады ваяваць з жонкай. Паперад пачынаў з малога. Лавіў дзе-небудзь ля хаты ці ў хаце і, ушчаміўшы між каленяў, пачынаў дапытваць:
- Як завуць цябе, шкнарадзь?
- Калолік...
- Карла, паганец ты, а не Калолік. Ну, кажы.
- Калолік... - І малы пачынае шмыгаць носам і церці кулачком запэцканую шчаку.
- От я ўжо табе пакажу, паганец ты гэткі, як бацькі не слухацца... Станеш ты ў мяне Гаўрылай, не іначай. Ну, кажы, як завуць цябе?
Малы пачынае рымзаць. Умешваецца жонка Домна:
- І чаго ты, п'яная твая галава, да дзіцёнка чэпішся? Насмактаўся, як павук той, дык хоць бы маўчаў, заліўся б дзе-небудзь...
Пачыналася звычайная бойка. У большасці выпадкаў яна канчалася нічым, бо жонка зараней хавала ўсякія рэчы, якія мог пусціць у бой Астап. І апошні прымушаны быў заўсёды сцягваць з нагі чобат - адзінае яго аружжа. Пакуль праходзіла гэта баявая падрыхтоўка, Домна паспявала ўцячы.
Але часам даводзілася ёй хадзіць і з сінякамі, даводзілася іншым разам наведваць і фельчарыцу, шукаючы паратунку ад раз'юшанага Астапа.
- Нешта Валечка сёння засмучоная, - з ветлівай усмешкай прагаварыў Анатоль Іванавіч. І сеў за сваю канторку.
Валя не знайшла што адказаць, пачырванела, завінулася залішне старанна ля сваіх папер, не ведаючы, як трымаць сябе, - ці змаўчаць, ці пакрыўдзіцца, ці хто яго ведае што. І, нічога не прыдумаўшы, усміхнулася. І выйшла ўсмешка такой звычайнай, натуральнай, і на сэрцы таму - супакойней.
Анатоль Іванавіч перагортваў нейкія паперкі, пазіраў з-за іх на Валю і, заўважыўшы радзімку-плямінку каля самага Валінага вуха, задумаўся.
«Сказаць, дык дурніца, пустая - што хочаш, тое і зробіш. І ўсё ж ткі прыгожанькая. І нага нішто, пекная ножка, каб яе ды ў добрую туфельку - цалаваў бы...»
Прыходзілі рабочыя, служачыя, назойліва званіў тэлефон, але не знікала ў думках гэта стройная ножка, цупка абцягненая чорнай панчошкай, з гэтым захапляючым і хвалюючым крыху акругленнем рысак.
І чым больш прыглядаўся Анатоль Іванавіч, тым неадчэпней ішла ўслед думка аб прыгожай і стройнай ножцы. І калі прабіла тры гадзіны, Анатоль Іванавіч сказаў:
- А ведаеце што, Валечка, мне вось справаздачу трэба хутка прадставіць. Прыйдзіце вы ўжо сёння вечарам на якую гадзіну-другую, мо падгоніце справу хутчэй.
- Добра, я прыйду.