І кругом цемра - цёплая, убаюкваючая чэрвеньская цемра. І ледзь шалясціць бярозавы параснік на адхонах кручы, з-пад якой чутны ўсплёскі і бульканне вады ды ціхі-ціхі, як неўлавімыя шэпты ночы, шолах асакі і чароту.
І ў гэтую цішыню ўразаецца параход. Нехта дошкай вялікай лапаціць па вадзе, і шуршаць берагі, абмытыя рэзваю хваляй - адной, другой, трэцяй... Слабеюць нявідныя ў цемені хвалі, нікнуць... Прамільгнулі ліхтары, асвятлёныя акенцы, за якімі нейкі іншы свет, асаблівы. Паплылі ліхтары ў цемру, знік параход за павароткай, і зноў ціха, дрымотна... І крыху жаласна: быў параход і паплыў. І людзі на ім, і кожны едзе кудысьці, далей, у свет у шырокі.
А Анатоль Іванавіч гаворыць, гаворыць...
- Валечка - буду зваць вас так... бліжэй і прыемней... - і адчувае Валя яго руку на сваёй і ціхія пяшчотныя ласкі - гладзіць яе руку, перабірае пальцы.
«Усё роўна...» - мільгае нейкая няясная думка. Валя маўчыць, і ў гэтым маўчанні пакорнасць, замілаванне ўсім: і ракой, і ап'яняючым чаборам, і ціхім шолахам бярозавых лісцяў, і гэтымі словамі-шэптамі, што так блізка-блізка, як гэтыя цёплыя пальцы рукі, такой моцнай, настойлівай.
І з гарбулінкай нос. І такія разумныя вочы.
- Валечка, паглядзі. Падзівіся. Вось пайшоў параход: светлы, вялікі, прыгожы... І ўсюды цемень. Пайшоў, і няма... І жыццё наша, як той параход. Бліснула, і няма. Цемень адна... Дык запалім жа агні, каб было светла і люба. І цёпла. Любіць, любіць, Валечка, - тады шчаслівай дарогай пойдзем мы ў свет, у свет вялікі, бліскучы. Валечка, міленькая...
І такі ап'яняючы чабор... І шалясцяць лісты, перашэптваецца чарот з асакою. І не чуць іх ужо.
- Валечка...
Упалі зоры з неба і распасцёрліся нізка-нізка, парабіліся на кружэлкі вялікія: ружовыя, блакітныя і зялёныя - самыя цёплыя.
Потым зоры ўзняліся, паплылі ў недасяжную вышыню і нібы зняжывелі там у нейкай хітраватай усмешцы. І свет іх стаў скупы, халодны.
Зводдаль закігікала нейкая птушка. Уздрыганулася Валя, нечакана балюча сцялася ўсхваляванае сэрца. І пачала плакаць, нахіліўшы голаў на грудзі.
- Кінь, Валя... ці тут жа што страшнае?
- Як жа я...
- Ну, годзе, раз жывём мы на свеце.
Ішлі берагам моўчкі. Валя ўглядалася ўніз, у сцежку, хацела сабраць думкі, але яны не даваліся і разляталіся абрыўкамі ці хаваліся дзесьці, хаваліся ў старожкую цемень ночы.
У клубе была незвычайная цішыня, хоць народу сабралася і многа. Дый як не сабрацца - навіна - радыё! Павінна загаварыць сёння. Каведла без кепкі - адзнака вялікай турбацыі - часта лазіў пад столь, поркаўся нешта з цянюсенькім медзяным дротам, камандуючы адтуль Яшку і яшчэ двум камсамольцам, якія працавалі на вуліцы, праводзілі дрот у зямлю:
- Гэй, вы там, калі закапаеце, пакладзіце камень, бо яшчэ свінні адрыюць...
Каведла злазіў і бегаў ля стала, поркаючыся ля невялічкае скрынкі з рознымі блішчастымі шрубкамі, медзянымі цвікамі, пласцінкамі. І галоўнае, што прыкоўвала ўсіх да сябе, гэта электрычная лямпачка, якая гарэла немаведама для чаго, для якой патрэбы.
- Ты б загасіў яе, дарэмна псуеш, калі б то сказаць - ноч, а то ж відна.
- Ідзі ты, дзядзька... Пачакай вось крыху, раскажу пасля, а цяпер... вось лепей глядзі за парадкам.
Большасць старых сядзелі зводдаль - ніякавата ж адразу сунуць свой нос ва ўсякія забаўкі. Няхай ужо маладым гэтыя цацкі.
Колькі ні корпаўся Сашка - аж лоб умакрэў, - усё нешта не ішло на лад. Колькі ні надзяваў ён чорныя кружэлкі навушнікаў - нічога, акрамя роўнага гуду і шыпення, адтуль не было чутно.
Ужо дзед Андрэй, не прамінуўшы паглядзець навіну, пачаў гаварыць аб грамафоне:
- То ж, браткі мае! І прывозіць гэта раз пан грамафон гэты. Былі такія вось без трубы. Паставіў гэта ён моўчкі на стол яго ды давай круціць. А тут і старая паня сядзіць. Вось і пытае яна: «Што гэта?» - «А гэта скрынку для цябе прывёз я, ідзі, дзівіся... Вось і ручка». Толькі яна за ручку, а скрынка, браткі мае, як прыўрэжа на ўсе галасы камарынскага... Дык што ж вы думалі, от жа не збрахаць - збялела паня ды хлёп аб падлогу... Хварэла аж тыдзень.
- А ты не захварэў часам?
- Я? Ого! Каб я... Прамудрасць тут невялічкая ў гэтых скрынках... Галоўнае, накруціў ручку, а яно і пайшло, і пайшло... І чаго толькі не захочаш: хочаш «Разлуку» - «Разлука», «Ойча наш» - «Ойча наш» выводзіць, а «Іжа херувімы», ну, не раўнуючы, як у царкве... Бывала, пан пакліча, калі вясёлы...
- Тс... тс... ш-ша...
Усе адразу насцеражыліся. Нават Цімка Статуй, які стаяў да гэтага ля акна і з нейкай, яму толькі ўласцівай, пагардай і знявагай паглядаў нібыта безуважна на Каведлавы практыкаванні, пацягнуўся цяпер да стала і разявіў у немым здзіўленні рот. З невялічкай трубкі вырваўся сноп пярэстых гукаў, спачатку няясных, незразумелых. Потым яны рабіліся ўсё выразнейшымі, гучнелі, набывалі нейкую моц, і прыгожая песня палілася шырокім, мілагучным струменем пад закуранай столлю.
Усе ўглядаліся ў трубку, нібы там сядзеў нехта нябачны і дзіўны, які чараваў сваімі галасамі людское вуха. Ля дзвярэй застыў у нямой постаці Астап Зіркута, і з-пад яго парыжэлых кудраў глядзелі жывыя задуменныя вочы. Прытаіўшы дых, слухала песню Валя. І на міг прамільгнулі вялікія зоры-кружэлкі і зоры далёкія, недасяжныя... І Залатыя Ключы... Толькі на міг - ад песні ўсё забываеш, таму мае яна над табой вялікую ўладу. А тут і песня дзіўная - скінулі яе з недасяжных вышынь, спаймалі рукамі чалавечымі.
А Каведла стаяў, перасцерагаюча ківаў рукой, нагінаўся, нешта падкручваў. І ўсе глядзелі на яго, як на нейкага чараўніка. Быў Сашка Каведла, а цяпер вось - на табе - да чаго дадумаўся.
Цімка Статуй увесь выцягнуўся, і калі замоўкла трубка, ён усё яшчэ здзіўлена ў яе зазіраў.
- Ну што, Цімка? Як?
Гэтае пытанне вывела Цімку з раздумы. Ён залыпаў вачыма, нібы спрасонку, і толькі потым ужо, падумаўшы з хвіліну, ні к сялу ні к гораду адпаліў раптам:
- І ляснуў бы вось я па ўсіх тваіх прычындалах, толькі б шкло пасыпалася...
І ўсе адчувалі, што Цімка сказаў гэта так сабе, абы адчапіцца, не ўсур'ёз, як раней.
- І нічога болей? - запытаў Каведла.
- Як гэта нічога?
- Ды так вось. Толькі б ляснуў і нічога болей?
- Ну...
- Эх, ты... І пастухова Ганна ляснуць можа, а ты, галоўка твая яловая, дадумайся. Разумееш - дадумайся.
- Ат, адчапіся ты.
І ўсе здзівіліся крыху: Цімка без усякага скандалу моўчкі адышоў ад стала і стаў ля сцяны.
Спачатку было ціха. Потым усе загаварылі. Узняліся спрэчкі. Абступілі цудоўную скрынку, заглядалі ў трубку, мацалі дрот, абглядалі лямпу.
- Ну і манцёр! Ну і Каведла! А мы думалі: ну, нахлусіць чалавеча з гэтым самым радыё.
Умакрэўшы Каведла стараўся ўсім растлумачыць сакрэты скрынкі, пускаў яшчэ некалькі раз яе ў ход, частаваў песнямі, музыкай, нават нешта смешнае загаварыла трубка, і ўсе рагаталі цішком, стараючыся не заглушыць трубкі, даслухаць да канца смяшлівыя жарты. І калі пачалі ўжо разыходзіцца, нават дзед Андрэй адазваў убок Каведлу і патаемным шэптам запытаў:
- Вось што, скажы ты мне, хлопец, толькі не мані, скажы як на духу - не грамафон гэта?
- Ды не, дзед, і не начавала з грамафонам.
- Ну і штука... Але ж і майстры вы, каб на вас ліха!
- Майстры, дзед!
- Ото ж я і кажу...
- Хочаш, амалодзяць, дзед, за мілую душу - чык-чык і гатова, - смяецца з дзеда Астап Зіркута.
- Ото ж я і кажу, - мармыча, ідучы, дзед, не ўчуўшы добра жарту.
Прайшло каля месяца. І з кожным днём усё больш сумнай і сумнай рабілася Валя.
«Няўжо ж гэта... Няўжо не пройдзе так? Што ж я буду рабіць, што падумае татка? А Яшка... Аб Яшку казаць не варта - сама вінавата, вось ад стрэч ухіляюся нават. Ды і што Яшка... Мо і любіла калі. Але ж гэта даўно, ці варта думаць аб ім. Анатоль Іванавіч... Мілы і любы. Але ж зачым толькі гэта ўсё, зачым жа так, ці нельга без гэтага... Як страшна падумаць аб тым, што будзе...»