Ля вачэй ляглі першыя неглыбокія зморшчакі, і самі вочы страцілі сваю былую рухомасць і неяк старанна разміналіся з вачыма бацькі. І ўжо не скакала, як раней, без усякае дай прычыны па пакоі, забылася на ранейшыя песні, не чутно і «кірпічыкаў».
«Што б гэта такое з ёй, - думаў часам, седзячы за сталом, Антось. - Няйначай перамена нейкая. І з якое б, сказаць, прычыны? Закахалася б, скажам, дык чаго галаву вешаць... Не, нешта нейкае ёсць».
Заўважыўшы вечарам, як сядзела Валя ў невясёлай задуме, бацька падышоў да яе, палажыў на яе плечы свае апаленыя, шурпатыя рукі і запытаў:
- Валечка, ну што з табой? Дзіўлюся я, нешта ты ходзіш, нос апусціўшы...
- Ат, татка, што гэта вам уздумалася.
- Бачу ж я, ну чаго ты такая?
- Ды нічога, татка, гэта я так сабе.
- Так сабе? Ідзі хоць прагуляйся крыху. Годзе ў хаце сядзець - пракіснеш. Сёння ж вечар спайкі. Мне дык што, старому, лепш паляжу вось, а твая справа другая. Дый кажуць - весела будзе там. Музыку вунь нанялі хутарскога, скокі будуць... Схадзі ж ты.
- Я схаджу, татка...
У далёкім дзяцінстве чула Рахіль прыгожую казку ад мацеры. А мо і не казка, мо сапраўдная быль. Але ж падобна надта на казку: і цар, і дзіўныя дочкі, і аксаміт.
Галоўнае - аксаміт.
...Едзе цар па вуліцы горада, і пасцілаюць перад ім аксамітныя дываны. Аксамітам і сцены пакрыты, высачэзныя сцены гарадскіх дамоў. Пасецца сонца па аксаміце і скача па ім рознакаляровымі праменнямі. А цар едзе, і едуць красуні дочкі - па аксаміту едуць па дарагому. І ні пылу, ні бруду. Бясшумна імчацца залатыя колы, і навакол - кветкі, кветкі.
- А зачым, мамка, кветкі?
- Кветкі? Ну, кветкі затым, каб цвісці... І пах, прыгожа.
- А які, мамка, цар?
- Цар? Адчапіся, ці мне бачыць яго, ці што?
- А чаму ў мястэчку вуліцы без аксаміту?
- Яшчэ што скажаш? Дурная...
- А чаму няма ў мястэчку цара?
- Яшчэ чаго захацела, хопіць табе і ўрадніка.
І ўжо спужаным шэптам, азіраючыся чамусьці на дзверы, мамка казала ціха-ціха:
- Дурная, чаго вярзеш немаведама што. Падмяці ідзі сенцы.
Але не забывалася на аксаміт Рахіль і часта думала, якім бы прыгожым было мястэчка з аксамітнымі вуліцамі. І па аксаміце краскі, краскі... Гады ішлі, старэліся вуліцы, касабочыліся местачковыя хаты, і па ўсяму відаць было, што не быць мястэчку ў аксаміце, не ўбачыць Рахілі аксамітных вуліц.
Гэта было ў дзяцінстве. А дзяцінства заўсёды такое смешнае і такое дзіўнае: то было ўсё прыгожым і чаруючым, а падрасцеш - і вочы другія. Зірнеш - брыда непралазная, злосныя людзі. І чаго ім трэба, і чаго б ім, здавалася, мала? Без нажа рэжуць адзін аднаго.
І адна за адной каціліся слёзы. Хацелася плакаць, каб заліць слязьмі ўвесь свет, і мястэчка, і закурэлы завод, і гэту страшную ванную печ, дзе блішчыць палаючае шкло, і гэтых майстроў.
Рахіль плакала... У інтэрнаце нікога не было. Пад свята ўсе разышліся, хлапцы падаліся ў клуб на спайку. Адтуль чутно было праз акно, як іграе гармонь, і прыглушаны тупат ног далятаў і нікнуў у Нютчыным пакоіку. Нютка - адзіная таварышка Рахілі (яшчэ ведаліся ў мястэчку, дзе Нютка была наймічкай) - суцяшала яе:
- А ты не глядзі. Лезе хто - дай здачы, чаго там...
- Дзе там, Нютачка! Каб ты толькі ведала. Ну, сягоння... Хоць бы я адно шкло разбіла. Дык дзе там... Стараешся ж патрапіць. І ўсё роўна - жыцця не даюць. І майстры нашы... Дый куды ні павернешся, толькі і чуеш: морда пархатая, сялёдачны хвост.
- А ты плюнь, не зважай... Ці ж ты не ведаеш, што ім кавалка хлеба шкада для нашага брата - чалавека чужога. Вось апанавалі ўсім заводам, калі хто чужы, так і стараюцца выжыць. Бачыш, і мне работы быццам нямашака там на заводзе, дык вапхнулі ў гэтую кануру. Колькі ні прасіла дзесятніка, каб паставіў у красільню, дык дзе там... «Усе месцы, - кажа, - пазаняты». А нябось вунь дзве пляменніцы з хутароў пазаўчора прыняў, ніхто і не ведае. А калі і ведаюць, дык ніхто слова не скажа. Як жа, дзесятнік, вышэй ад майстра... Дый майстры - добрыя цацы, адна хеўра. А ты ўсё ж ткі кінь, ну чаго ты.
Рахіль усё плакала. Часам змаўкала і пачынала зноў жаліцца:
- Ты вось паглядзі, Нютка, што зрабілі мне пазаўчора...
Яна расплікнула блузку, і калі Нютка зірнула туды, яна адразу з жахам адвярнулася і стала без прычыны глядзець на падлогу.
- Ты ж бы ў бальніцу хутчэй, чаго чакаеш?.. - з ціхім дакорам прамовіла яна, не адрываючы вачэй ад падлогі.
- У бальніцу? Не, Нютачка, гэта ж такі сорам, гэта ж... Не... Толькі не ў бальніцу. Каб даведаліся людзі ды пачалі языкамі плясці... Не, ніколі, ніколі. І з чаго б ты думала? Ну, разбіла я шкло, паслізнулася, калі на відэльцы брала... Дык Сідаронак як дасць у грудзі трубкай, аж уваччу пацямнела, ледзь устояла. «Гэта, - кажа, - табе на навуку... Пачакай, яшчэ будзе...» І як жа жыць далей, калі ніхто табе ў вочы не паглядзіць як чалавек, а ўсё не па-людску, усё зневажаюць.
- А ты б скардзілася ў заўком.
- У заўком? Ты смяешся? Ты ж сама хадзіла скардзіцца на Лузанчыка і на Сцяпана. Дапамаглі?
Нічога не адказала Нютка, толькі ўздыхнула. І абедзве маўчалі.
Праз акно ўляталі прыглушаныя гукі клубнага гоману, дзесьці на пасёлку нехта заліваўся блытанаю п'янаю песняй, якая то рассыпалася высокімі гучнымі ноткамі, то зніжалася да вільготнай асенняй зямлі і пасцілалася ў змроку няяснымі шэптамі, якія ўліваліся ў начную цемрадзь.
- Мусіць, Зіркута ад Амелькі ідзе падвыпіўшы. Час і мне дахаты.
- Заначавала б ты сёння ў мяне. Чаго ісці да мястэчка?
- Не, Нютачка, трэба ж дзядзьку сім-тым раніцай памагчы ў хаце. Недарма ж жыву ў яго. Хоць і свой, але ж дарма ніхто цябе трымаць не будзе.
- Ну, як сабе хочаш. А пажаліцца ўсё ж ткі трэба, Рахіль. Не скажаш ты, дык я скажу. Скажу хоць бы Яшку.
- І не думай, Нютка, гэта ж такі сорам.
- Дык чаго ты нос павесіў? Вальку ўсё сніш? Што з воза ўпала, тое прапала, кажуць старыя людзі, кінь, забудзь назаўсёды, не будзь мяшком пыльным.
- Ат, адчапіся ты. Пры чым тут Валя?
- Пры чым, кажаш? Ах ты, раскіс зусім, як бачу. Не ў Вальках справа, мой голуб.
- А годзе ўжо табе да мяне чапіцца... Вось кіну завод, абрыдзеў ён мне больш горкай рэдзькі. Пайду куды-небудзь у саўгас, буду зноў працаваць на полі, касіць пайду. А важнецкі касец з мяне, са старымі спраўляўся пакосам ісці. І добра ж, браток, гэта летам. Сонца табе. Лугі, як вокам кінуць... І ў кожнай купіне чмель гудзе, да чаго ж любіў я гнёзды чмялёвыя, мёд, як сляза... пахучы... А там рэчка. А над рэчкай кусты.
- Сам ты куст алешкавы і пад кустам радзіўся, відаць... Калі што - так і цягне ў кусты. Ты вось тут паспрабуй як след галавой раскінуць: і кусты знойдзеш, церабі колькі хочаш, абы ахвота, абы галава на плячах. А ў цябе ж кацялок палуджаны, у спраўнасці.
Каведла і Яшка сядзелі на клубным ганку. Каведла быў у нейкім узнятым, вясёлым настроі. Але ў гэтай весялосці чуваць былі схаваныя ноткі не то нездавалення, не то нейкае злосці.
- Бач, скачуць, аж сцены трасуцца... Няхай бы ўжо толькі скакалі. Дык не, не абыдуцца без гарэлкі. Да Амелькі-самагоншчыка яшчэ паслалі, усё мала... І дырэктар добры. Няхай, кажа, п'юць. Чаму рабочаму чалавеку і не выпіць. І яшчэ прамову выйшаў казаць. Аб рэвалюцыі... Аб Саветах... «Мы - гаспадары жыцця». «Пляваць нам на ўсё праз халяву». А потым ты чуў, як рыкне наш Анатоль: «Смі-ірна... Раўненне направа!» А ўсе ў рогат... «Бач ты яго, які камандзер, адразу відаць начальства». Цяпер адлежваецца на кватэры, майстры аднеслі... А сакратар твой чаго варты? Сарваў і пастаноўку ўсю. Каб не ты - і радыё б наша пабілі... Не, хлапец, трэба тут па-іншаму ўзяцца, нічога, як бачу я, не будзе.
- А нічога і не будзе. Такая ўжо тут павядзёнка - ад веку парадкі пайшлі, ці ты іх зменіш...