Заспакоеная Валя пайшла дахаты, асцярожна, каб не бразнуць клямкай, увайшла ў сенцы, прайшла ў хату і, не павячэраўшы, хутка распранулася і забралася на ложак. І доўга яшчэ не магла заснуць. Ляжала з адкрытымі вачмі і без думак, без жаданняў пазірала ў шэрае акно, якое рабілася ўсё святлей і святлей. Усё гэта стала паступова расплывацца ў шырокія невыразныя плямы, якія калыхаліся, здаецца, рабіліся ўсё большымі і большымі, засцілалі хату, ложак, завод, клуб і ўсё-ўсё, што толькі бачыла, аб чым толькі думала Валя.
І, здаецца, аднекуль здалёк, з недасяжнае вышыні, з якіхсьці прыгожых і нябачаных месц даляталі да Валі ўрыўкі слоў аб нечым знаёмым:
- ...А прывезлі жыдовачку. Перад самай раніцою. Кажуць, ішлі з мястэчка хлопцы, што на складзе працуюць... Ну, і набрылі ў самы раз. Добра яшчэ, што падышлі ў час. А то, чаго добрага, і задушылі б часам, каб гэта, значыцца, сляды замыць. Дык бачаць яны - пабегла трое ў кусты. Глядзяць, ляжыць яна і зусім без памяці... Ну, адзін хуценька сюды ды за каня. Прывезлі. У бальніцы ляжыць.
- А хто? Хто ж зрабіў гэта?
- А хто яго ведае. Кажуць, што... Ну, ды гэта па сакрэту... што Лузанчыкава справа. Ну, ды яшчэ некаторых. Але ж каб дасканала, дык ніхто не ведае.
Гэта дзед Андрэй чуць свет забег да Антона і дзяліўся з ім навінамі апошняе ночы.
Іван Шабурда прачнуўся па звычаю рана, але ўставаць не хацелася. Свята - чаму ж і не адпачыць хвіліну якую залішнюю, гэта ж касцям не завадзіць.
У хаце было сонечна, светла. Выбеленыя сцены з блакітнымі ўзорамі прыемна лашчылі вока, а начыста памытая падлога і бялюткі, без адзінае плямінкі, абрус на стале гаварылі аб тым, што сёння нядзеля, свята, адпачынак.
Аб гэтым жа гаварыў і той падкрэслены парадак у хаце: кожны зэдлік стаяў на прызначаным яму месцы, на вокнах свежыя, не памятыя яшчэ фіранкі з газетнай паперы, начыста абмыты і спырснуты вадой зеляніўся фікус і пад ім старанна выцерты ад пылу высокі шкляны каўпак, у якім цікаў паціху будзільнік. Праменні сонца траплялі ў каўпак, траплялі на вычышчаную медзь будзільніка і адсвечваліся там трапяткімі зайчыкамі, траплялі на бялюткі цыферблат, дзе ў вянку з незабудак безупынна круцілася секундная стрэлка.
Такі самы каўпак стаяў на століку і ў другім кутку пакоя, і ў ім быў вялікі прыгожы букет з засушаных кветак і травы. У кутку блішчалі пазалотай і меддзю «спасы» і «ўгоднікі», і над усімі імі чорнай аблупленаю плямай выглядала «Тайная вячэра».
«Самы стары абраз... блаславенне на шлюб...» - падумаў Шабурда. І, салодка пацягнуўшыся на пасцелі, аддаўся прыемным успамінам. Іван Шабурда аглядаў свой пакой, свае сцены, сваю маёмасць, усё тое, што паступова, з году ў год, упарта, настойліва набываў ён у хату. Кожная рэч, буйная і дробная, пачынаючы з таўстапузага камода і канчаючы драцяной почапкай на сценцы, - усё гэта было звязана з жыццём, з тымі ці іншымі падзеямі. Кожная рэч - кавалачак жыцця, кавалачак сямейнай гісторыі. І нават партрэт Леніна, які прытуліўся недалёчка ад багоў, выклікаў цэлы шэраг успамінаў, якія мелі дачыненне больш да сям'і, да сямейнага жыцця, чымся да чаго іншага. Жонка настаяла, каб купіць... «Ты ж, - кажа, - цяпер заўком, не хто іншы... Вунь у камсамольскага сакратара партрэт, у дырэктара партрэт, у клубе партрэт, а ці ты ж не начальства?»
Ну і купіў...
А жонка, мусіць, цяпер карову доіць. Другая карова не доіцца ўжо, тыдні з два яе запусцілі, хутка цяліцца будзе. Малака пабольшае, можна будзе і прадаваць - дзякуй Богу, попыт ёсць - тут жа, на заводзе.
Ад каровак думкі Івана перайшлі на падсвінкаў, на кормнага парсюка - хоць бы да Каляд вось падкарміць добра... Усё ж прыбытак у гаспадарку. Тут жа ўспомніў Іван свайго суседа па пляцу Нупрэя Ахрэмчыка, успомніў і стаў незадаволена чухаць сваю рэдзенькую вострую бародку.
«І шанцуе ж чалавеку. У мяне два на заводзе, а ў яго аж тры чалавекі, ды яшчэ - на табе, сталоўку завёў, «антылігенцыю» сталуе - канторшчыкаў, дзелаводаў, аграбае сабе грошы, і хоць бы ў вус! Праўда, баба ў яго надта спрытная, маёй - не раўня... Ну, ды і мне пры маім палажэнні не сталоўкамі ж займацца».
Чамусьці прыйшла ў галаву старая думка, якая калісьці не давала спакою ні яму, ні асабліва жонцы.
«Купіць бы вось хутар... І быў бы ты поўным гаспадаром. І зямля твая, і сад твой, хата, хлявы, пуня, гумно гэтакае... І галоўнае, ніхто табе не ўказчык».
Але думка пра гэта даўно страціла ўсю сваю прывабнасць. Мо таму, што не спраўдзілася раней, калісьці, мо таму, што цяпер і без хутара сяк-так абысціся можна - плаці там яшчэ падаткі розныя ды ўсякую іншую там хваробу. А цяпер і так добра. Абы здароўе, а калупаць з сынам рублі не зломкі. І сын ужо ў майстры падаўся - чаго болей трэба.
Ужо Іван Сяргеевіч адважыўся быў скінуць з сябе цёплую коўдру, як у сенцах нехта рыпнуў дзвярмі. Мусіць, жонка...
Але па стуку чобатаў у сенцах чуваць было, што ідзе нехта другі. Хто ж бы такі мог і па якой справе? Мо па саюзу хто, дык чаго перціся ў хату, калі на гэта мясцком ёсць...
Але доўга разважаць і дагадвацца не прыйшлося. У хату ўвайшоў Сёмка Лядун - сухі, вяртлявы хлапец, доўгі, як тая хлабысціна. Сёмка Лядун быў членам мясцкома, і з'яўляўся ён звычайна на кватэру Івана Сяргеевіча толькі ў рэдкіх, выключных выпадках, калі здаралася што-небудзь незвычайнае на заводзе; ці прыязджаў хто-небудзь з раёна або акругі, ці што іншае. І адразу знік вясёлы, дабрадушны Іванаў настрой, нейкі непрыемны, прыдушваючы асадак лёг на сэрцы.
- Бяда, Іван Сяргеевіч, бяда-а...
Аж захалодала ў пятках у Івана, і раз ці два балюча сціснулася сэрца.
- Што ты кажаш? Якая? Дзе? У чым справа?
- Па парадку, Іван Сяргеевіч, па парадку. Работніцу адну нашу згвалцілі.
- Ну-у!
- Вось вам і ну. Сягоння на світанні і ў бальніцу прывезлі.
- Жывая?
- Як сказаць... Вядома, жывая.
- Якую ж работніцу? Дзе? Хто?
- Па парадку, Іван Сяргеевіч, па кожнаму пункту асобна: згвалцілі ноччу ў Чурылаўскім ляску, і, мусіць, нашыя рабочыя.
- Ды што ты кажаш?
- Вось і кажу. А згвалцілі Рахіль, ведаеш, што з Сідаронкам працуе, з новых яшчэ, не так даўно і прынялі.
- А я думаў - з нашых... - палягчона ўздыхнуў Іван Сяргеевіч.
- Што, што вы кажаце?
- Ды нічога... Ну што ж, згвалцілі, толькі і клопату, падумаеш, ці ўпершыню гэта ў нас, скажам... І ў мінулым жа годзе быў такі выпадак з гэтай самай, ну... ды Настулькай Сіваковых, з красільні. І нічога, пажаніліся потым. І жывуць патроху, яна і цяпер працуе там жа.
- Дык то, бачыце, другая справа. Дык хто ведаў, ці там гвалт, ці там што іншае. Дый пажаніліся, кажаце... А тут жа тры рабочыя, вось цяпер і думай, як хочаш. А мясцкому трэба за гэтую справу ўзяцца.
- Ты думаеш? А ліха яго тут ведае. І заўсёды з гэтымі прыхадзяшчымі. Чорт іх ведае, адзін непарадак ад іх. Ніколі не бывае ад іх спакою: то ім інтэрнат дай, то ім падавай сталоўку - падумаеш, графы якія знайшліся, - то ім вар, то ім трасцу якую... Ну і народ.
Але, схамянуўшыся, Іван Шабурда падумаў, што словы яго не зусім адпавядаюць яго палажэнню: як-ніяк - старшыня заўкома, інтарэсы, можна сказаць, працоўных і ўсякія іншыя там калдагаворныя «штукі»...
«Эркака, ка-ка-ка...» - падумаў незадаволены Іван і пачаў апранацца. Непаслухмяны гузік ніяк не зашпіляўся. Відаць было - старшыня нерваваўся. Абкруціўшы нагу анучай, ён пачаў нацягваць чобат, які ўпарта не лез, хоць Іван і біў старанна абцасам аб падлогу, аж да поту на лысіне. Ад стуку прачнуўся сын за перагародкай і запытаў сонным нездаволеным голасам:
- Чаго ты там уз'юшыўся?
- Ат, ляжы ўжо, калі ляжыш, - агрызнуўся Іван Сяргеевіч, нацягваючы сяк-так другі чобат.
Увайшла жонка з даёнкай, прыкрытай фартухом, і здзіўлена зірнула.
- Куды гэта так?
- А табе што?
- Дый я пытаю - куды гэта збіраешся? Снеданне яшчэ не гатова.