- Вялікі клопат мне тут з тваім снеданнем. Паспееш яшчэ!
- Ото галава кручаная! Як зрабіўся на заўкома, дык ні хвіліны спакою, вечна бадзяецца - ні табе свята, ні табе...
- Годзі, годзі...
- Дык што годзі? Не я табе кажу, ці што?
- Цадзі малако лепей, ведай сваю справу.
Жонка паставіла даёнку на лаве і заюшылася ля печы. Не цадзіць жа малако пры людзях - яшчэ часам уракуць!
Іван пайшоў да медзянога ўмывальніка, доўга і марудна, як робяць звычайна ўсе старыя, торгаў яго і пырскаўся вадой.
- Падлогі не замачы, бач, чапурыцца, глядзі, яшчэ вароны скрадуць...
Але Іван Сяргеевіч не зважаў на буркатню жонкі, старанна выцерся ручніком, памкнуўся быў на кут, але схамянуўся назад і, зірнуўшы неяк нерашуча ў Сёмкавы вочы, запытаў:
- Ну дык што ж мы рабіць цяпер будзем? Як ты думаеш?
- Ды я нічога не думаю. Я ж вось і прыйшоў паведаміць вам, бо трэба ж нешта рабіць...
- Трэба-то яно трэба... Як жа... На тое ж мы і заўкомы, недарма нас абіралі... - гаварыў няўпэўнена Іван Сяргеевіч, гаварыў і расцягваў кожнае слова і думаў, што ж сапраўды цяпер рабіць, як прыступіць да справы, якую, скажам, прыняць пастанову ці рэзалюцыю там. І раптам разышліся на яго лбе маршчакі, і ўжо звыклым тонам, не дапускаючы ніякіх там пярэчанняў, ён сказаў:
- А як ты думаеш, ці не зайсці нам, скажам, да Анатоля Іванавіча: усё ж ткі дырэктар, ну і чалавек парцейны... І наогул заўсёды правільную лінію вядзе, ведае, як і што. Якая твая прапанова будзе па гэтаму пункту?
- А чаму ж і не зайсці? Ды ён жа да таго і вольны сёння, і застанем на кватэры. Дык пойдам, чаго там...
Жонка Івана Сяргеевіча задаволена ўздыхнула. Урэшце выкаціліся з хаты, можна брацца цяпер і за малако.
Былі белыя, такія бялюткія-бялюткія сцены... І такая самая столь. І такія самыя зэдлікі, столікі, такая самая чысцюткая і бялюсенькая шафа ў кутку.
І па-беламу распаўзалася сонца. І белае балюча ўдарыла ў вочы, таму і апусціліся зноў павекі, зноў нерухомымі сталі пальцы на руках. Адчувалася стомленасць, цягучы боль звязваў рукі і ногі, і не было як паварушыцца, крануць нагой ці рукой. І думкі плылі абрыўкамі, няясныя, расплыўчатыя і такія выпадковыя. Неяк нельга было пачаць ад галоўнага, ад сённяшняга...
Белыя сцены, столь... Белая шафа рабілася аграмадным белым птахам, які ўзлятаў высока-высока, аж пад самае сонца, і раптам ляцеў шалёна к долу і ціхутка, спакойненька станавіўся ў кут той жа звычайнаю шафай. Вунь відаць праз шчылінкі прыжмураных вачэй крыху прыадчыненыя дзверцы гэтай шафы, адтуль высунуўся кавалачак марлі, відаць нейкая пляшка. Дзверцы шафы белыя, і па беламу ззяе сонечны зайчык: ён дрыжыць і пераліваецца бляскам празрыстага золата. Раптам зайчык знікае. Тады цямнеюць сцены, белая столь, зэдлікі, шафа, і ў пакоік упаўзае нешта шэрае і такое нуднае-нуднае. І адзінюткая сляза застывае на твары, і хочацца плакаць. І няма сіл.
А ў думках - гэта белае, неадчэпнае белае... Як калісьці ў малочнай рэбе Меера: белыя сцены, белы прылавак, белыя паліцы... І тады часам хацелася плакаць, плакаць моцна, уголас, каб пачуў увесь свет, каб здрыгануўся ён, каб само сонца аблілося слязьмі са сваіх недасяжных вышынь і сонечнымі непазнанымі слязьмі змыла чалавечае зло і гэтыя чалавечыя звычайныя сінякі, якія так часта дарыў рэбе Меер. І гаварыў пры гэтым:
- Рахіль, Бог любіць толькі тых, хто працуе, ідзі ж калышы калыску і не гняві тваю гаспадыню.
Рэбе Меер адзін, а людзей многа-многа. Людзі, людзі і людзі... Многа людзей. І адна толькі Нютка. Нютка - таварышка, Нютцы можна расказаць аб усім. Нютка не будзе смяяцца і не скажа пра сялёдачны хвост, пра жыдоўку. Добрая Нютка...
Ціхае заспакаенне авалодвае целам; прыемна адчуваць гэтую цішыню, цяплынь коўдры і сачыць за гэтымі зайчыкамі на сцяне, на шафе, на печы.
А за дзвярамі чутны ціхія галасы:
- Нютка, не трэба хадзіць, не трывож пакуль што, няхай вось выспіцца, адпачне, тады і паспееш убачыцца.
- А што з ёй?
- Ды нічога небяспечнага. Вось прастыла крыху на зямлі, але ж ачуняе... Не клапаціся дарэмна.
- Ну, хто там?
- А гэта мы, Анатоль Іванавіч, бачыце, па справе адной, дай, думаем, зойдзем.
- Ага, таварыш Шабурда, заходзьце, заходзьце... Ну, як вам спалася, што новага?
- Ды яно, як сказаць, якія могуць быць навіны ў нас, на нашым, гэта значыцца, заводзе... - Іван Сяргеевіч пяцярнёй рукі памяў сваю бародку, якая мела за звычай тапырыцца непаслухмяна ўперад сваім вострым кончыкам, калі бачыла перад сабой начальства. - Але вось дзялы ўсё ж ткі... І ліха яго ведае, непрыемнасць, бачыце, жыдовачку гэтую самую згвалцілі... Рахіль, з выдувальнага цэха. Ляжыць у бальніцы цяпер, прывезлі рабочыя.
- У якой бальніцы?
- Ды ў нашай жа...
- У нашай? А хто ж распарадзіўся прывезці іменна ў нашу бальніцу? А чаму не ў раённую? Гэта ж не ў заводзе здарылася?
- Іменна не ў заводзе, Анатоль Іванавіч, і не на тэрыторыі завода, а ў Чурылаўскім ляску, які, як вам вядома, з паўвярсты ад нас. Але ж нічога не папішаш, прывезлі, бачыце, рабочыя раніцой, каб жа гэта ды знаццё, ды веданне...
- Ну, вось і нарабілі клопату... Мала дзе што дзеецца, а цяпер і запытаць могуць часамі, а што гэта ў вас на заводзе робіцца? Як жа гэта вы так? Усякую брыду на завод цягнеце.
- Дык, бачыце, мы ж тут ні пры чым... Я і зайшоў гэта параіцца, што ж рабіць цяпер будзем, бачыце, нашыя рабочыя і зрабілі гэта ўсё.
- Хіба вядома?
- Кажуць... Бачылі некаторыя.
- А яна гаворыць?
- Ды вось Сёмка кажа, што яна ні на кога не ўказвае, маўчыць, сцяўшы рот, і ні слова.
- Та-а-к... Не зусім прыемная справа. Але нічога, перамелецца сяк-так і пройдзе.
- А як вы думаеце, мо пасяджэнне заўкома сабраць... ці пастанову там якую?
- Пасяджэнне? Пры чым тут пасяджэнне? Ніякай карысці, ды навошта гармідар ствараць. Няхай ужо ляжыць у бальніцы, ачуняе, дык на работу пойдзе.
- Ото ж і добра. Я так і думаў. Памятаеш, Сёмка, і я сказаў так: навошта гэтыя, скажам, пасяджэнні, марнаваць паперу дарма. Дый ці гэта часу ў нас залішне, ці што, каб гэта, значыцца, кожным глупствам мазгі забіваць. Дый свята сёння. Бяда з маладымі, вось прыбег сёння ён, з пасцелі ўзняў. «Бяда, бяда!» - крычыць як непрытомны. А яно ўсё трэба паціху, ды каб гэта яно па-людску, спакойна, ціхамірам...
- А вось вам і будзе «па-людску». Каб вы гэта ды паслухалі, што рабочыя кажуць. Ад хуліганаў, гавораць, праходу нямашака, распладзіліся неймаверна. Чалавеку не прайсці, каб не зачапілі. А заўком, кажуць, хоць бы зрабіў што, каб гэта ўсё да парадку давесці, - загаварыў Сёмка Лядун, які моўчкі сядзеў да гэтага часу.
- А пры чым тут заўком?
- А нашто ён тады?
- Ну, Сёмка, ты, браце, яшчэ задужа малады і зялёны, вучыць мяне няма чаго, глупстваў залішне не разводзь. Што ты - ведаеш, бачыў, хто рабіў?
- Не бачыў, дык людзі скажуць.
- Мала чаго табе людзі набрэшуць. А каб, скажам, і ведаў, - дык нарсуд на тое ёсць, пры чым жа тут заўком?
- Ну, няхай будзе па-вашаму... Пабачым.
- Ды нечага і бачыць. Усё ясна, як дрот. Вось няхай і Анатоль Іванавіч скажа.
- Не спрачайцеся дарэмна, таварышы! Няма аб чым гарачку несці. Вось скажыце лепей, калі мы сход агульны прызначым па калектыўнаму дагавору? Ды, ведаеце, не шкодзіла б вам там трохі пацерціся сярод рабочых, асабліва сярод падсобных, каб якой-небудзь бузы не адпалілі. Тут да мяне некаторыя заходзілі з інтэрнатам гэтым. Але ж самі ведаеце, што сродкаў у нас - кот наплакаў, ды наогул цяжка і гаварыць цяпер аб гэтым, бо тут табе і рэжым эканоміі, дый збыту вось няма, затаварыліся занадта. Так што, каб гэта ўсё ладна пайшло... Мая думка - прадоўжыць трэба дагавор на год і... больш нічога. Ну, можа, там вось водаправод у завод правесці, балазе ж трубы даўно набыты - выдаткаў вялікіх тут непатрэбна. Ды там яшчэ што з дробязі.