Выбрать главу

- Як-небудзь ужо зробім. А сход можна будзе і на тым тыдні... Трэба пасля палучкі зараз жа, а самае лепшае - у часе палучкі.

Умовіўшыся аб сходзе, Іван Сяргеевіч і Сёмка пайшлі ад дырэктара.

Іван Сяргеевіч, сыходзячы з ганка і пагладжваючы сваю бараду, усё даводзіў Сёмку правільнасць сваіх думак:

- Ну што, не я табе казаў - зачым вэрхал ствараць. Падумаеш, справа - жыдовачку згвалцілі... Ну што ж, згвалцілі, і ці мала каго згвалтуюць. А ты - бяда, бяд-а-а... Вучыся лепш у старых. Ды вось, між іншым, думае твой бацька ў мястэчку пабыць сёння ці не? Там жа кірмаш... Дык накажы яму, калі думае, няхай зойдзе, разам пойдзем. А то яшчэ, можа, і на маторку патрапім, па рэчцы дык яно як вокам міргнуць - і там будзем. Дык глядзі ж, накажы!

- Добра... - мармытнуў пад нос Сёмка і пайшоў да свае хаты. Ён ішоў і думаў, што ж рабіць тут заўкому? Як-ніяк, а справа ж, здаецца, важная. І на табе - ніхто ні слова, нібы гэта яго і не тычыцца. Хоць бы сабе Іван Сяргеевіч... Старшыня заўкома... І хоць бы табе што! Разбярыся тут - хітрая справа. Ну, стары чалавек... і дзядзька, між іншым. Вось тут і разблытвай.

* * *

Запаленне лёгкіх надоўга прыкавала Рахіль да пасцелі. Толькі на другі тыдзень яна пачала пазнаваць фельчарыцу, пачала пазнаваць і сваю таварышку Нютку, якая штодня наведвала яе і прыносіла што-кольвечы з нямудрых сваіх прысмакаў.

Ужо другі дзень, як Рахіль ачуняла, і фельчарыца абяцала, што праз тыдзень які можна будзе ёй і выпісацца з бальніцы, можна будзе стаць зноў на работу. Бляды, зняжывелы твар стаў паступова набываць свае жывыя фарбы, былую рухомасць.

З прыемнасцю і задавальненнем назірала Нютка, як сілілася Рахіль усміхнуцца, расказваючы аб нечым старым і смешным з местачковага жыцця, якое было вядома абедзвюм. Але ўсмешка гэта была яшчэ занадта слабая, яна знікала праз хвіліну, і тады шэрымі, зямлістымі ўзгоркамі выдзяляліся на твары сківіцы, на цёмныя плямы рабіліся вочы, занадта вострым і залішне белым здаваўся нос.

Нютка адварочвалася тады да акна і глядзела на двор, на якім падалі і перамешваліся з гразёй першыя нерашучыя сняжынкі. Яна нахілялася да шыбкі, хукала на яе, і шыбка засцілалася парай, і ў самай сярэдзіне збіраліся буйныя кропелькі, якія спакваля спаўзалі ўніз.

- А ўсё ж ткі цёпла ў цябе напалена, а на дварэ цяпер холадна-холадна, - гаварыла Нютка, гаварыла проста так, абы сказаць, абы парушыць цішыню бальнічнага пакоіка. Гаварыць аб другім было неахвота, бо гэта магло расхваляваць таварышку, яшчэ больш яе абяссіліць.

А пагаварыць было шмат аб чым. Хацелася сказаць, што яна, Нютка, расказала аб усім-усім некаторым хлопцам: і аб учынках Сідаронка, аб насмешках і здзеках некаторых другіх рабочых, і аб тых, хто зрабіў гэтую апошнюю паскудную справу, і аб гэтай вось пісульцы, якую перадала ёй фельчарыца. Пісулька адрасавана Рахілі, там было ўсяго некалькі слоў, але ж не варта пакуль што паказваць пісульку Рахілі.

«...Толькі пікнуць пасмей аб нас - і паху твайго не застанецца на заводзе. Глядзі ж!» Гэтыя словы былі выведзены на шэрым абрыўку паперы нязграбнымі крывулькамі. І подпіс быў: «Тыя самыя». Нютка добра ведала, хто гэта «тыя самыя», ведала і чыя папера, і хто пісаў. У інтэрнаце на століку Андрэя Лузанчыка заўсёды ляжаў сшытак з шэрай паперы ў зялёнай вокладцы. У сшытку былі запісаны розныя песні, саромныя частушкі і ўсякая іншая брыда. З гэтага сшытка і адрывалася папера на пісульку Рахілі.

* * *

Рабочы агульны сход як ніколі быў мнагалюдным і тлумным. Зала клуба была паўнютка народу, які не тоўпіўся ў ёй. Некаторыя стаялі ля самых дзвярэй, дзе на сценцы вісела заўсёды «мопраўская дошка» з намаляванымі кратамі і чырвонай хусцінкай, дзе змяшчаліся таксама розныя афіцыяльныя аб'явы і загады па заводу.

Гоман галасоў напаўняў усю залу. Ён змешваўся са стукам дзеравяных пасталоў - некаторыя прыйшлі проста з завода, толькі што са змены. Некаторыя тут жа палуднавалі, прыціснуўшыся бліжэй да сценак, на якіх у клубах тытунёвага дыму чуць прасвечваліся электрычныя лямпачкі, шматлікія лозунгі і партрэты.

Сход адкрываў Іван Сяргеевіч. Ён доўга без усякіх вынікаў наводзіў парадак, стукаючы па некалькі раз па графіну з вадой. Але ўсё дарэмна было, і з трэцяга рада нельга было пачуць, аб чым ён хоча сказаць. І тады нехта з маладых хлопцаў крыкнуў на ўсю залу:

- Смірна-а... раўненне на халяву! Слухай, што скажа заўком...

Усе павярнуліся разам да сцэны і сталі чакаць прамовы.

Іван Сяргеевіч яшчэ раз прайшоўся па сцэне, пацёр рукі і ўрэшце пачаў:

- Дык вось... Як-ніяк, а год пражылі і нішто, можна сказаць, пражылі. І вось уступаем мы ў новы год, у новы, так сказаць, дагаворны год. Вам што, а нам вось - заўкому - клопаты - складай дагавор калектыўны.

- Ну-ну, даёш дагавор!.. - крыкнуў нехта з залы.

- Даўно час!

- Заспаліся!

- Смялей, смялей, Іван Сяргеевіч, гавары-нагаворвай! - пасыпаліся з усіх канцоў розныя выкрыкі.

- Пачакайце ж. Так вам усё адразу і падавай. Трэба па пунктах. Дык вось - першы пункт: аб першым разрадзе...

У зале навісла цішыня, чутна было, як нехта ўзыходзіў на ганак і абіваў там чобаты ад гразі, як цікаў насценны гадзіннік, як адрываў нехта кавалачак паперы, каб запісаць якое-небудзь сваё пытанне.

- Так... Дык, гэта самае, аб першым разрадзе... Вядома, прыйдзецца пакінуць старыя стаўкі, бо, самі ведаеце, грошай жа не накапаем дзе-небудзь, як пяску, скажам. А са збытам, вы таксама ведаеце, у нас не зусім што добра. Так што, адным словам, падсобны штат застанецца пры старым палажэнні. Ну, а майстры... здзельшчына, вядома, як было, так і застацца павінна... А карацей гаворачы, мы парашылі вось прадоўжыць наш стары калектыўны дагавор яшчэ на год. Ну, упішам некаторыя дадаткі, магчыма, некаторыя змены, але ж у асноўным стары дагавор парушаць не прыйдзецца...

- Дык на чорта склікаць было, на якое ліха?

- Каб зубы свае патачыць?

- Бач ты яго, нябось, яму можна пры яго разрадах ды пры двух едаках хоць пяць год чакаць, а ты ногі выцягні, - несліся выкрыкі ад сценкі, дзе сядзелі ў большасці падсобныя.

Іван Сяргеевіч памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але толькі паспрабаваў ён адчыніць рот, як выкрыкі рабіліся ўсё гучней і гучней, і цэлы вэрхал узнімаўся ў зале. Выцершы хустачкай лысіну і нерашуча азірнуўшыся са сцэны, ён хуценька выйшаў у бакавыя дзверы.

- Анатоль Іванавіч, ідзіце вы, вас болей слухаюць, дый гаварыць вы можаце нейк лепей, а то, ліха яго ведае, ніяк не саўладаю з гэтымі... - Іван Сяргеевіч хацеў сказаць: «з гэтымі паскуднікамі», але схамянуўся і, памаўчаўшы трохі, дадаў: - З бузацёрамі.

- А на чорта было вам разводзіць гэтую анцімонію: разрады, разра-а-ды... Сказалі б лепей адразу аб усім дагаворы, і годзе, - незадаволена кінуў Анатоль Іванавіч і, сплюнуўшы ў куток, пайшоў на сцэну.

- Дарагія таварышы рабочыя! - чулася хутка адтуль. - Перш чым нам гаварыць і выступаць тут, давайце раней падумаем: а на чыім заводзе мы працуем і хто гаспадар яму? Мы на нашым заводзе працуем ці не? Вось некаторыя з вас і падказваюць: «на нашым». Што гэта значыць? А гэта значыць, што завод наш, завод належыць тым, хто працуе тут, хто пралівае тут свой пот. А паколькі так, дык хто ж гаспадар тут? Ды мы самі, рабочыя, усе вось, хто тут сабраўся, мы - гаспадары. А паколькі мы ўсе з вамі гаспадары, дык давайце і рабіць па-гаспадарску. Што б было, калі, скажам, кожны з нас захацеў за сваю працу браць столькі, сколькі яму ўздумалася? Ды мы б у трубу вылецелі... Дык ці можам жа мы вымагаць ад саміх сябе больш магчымага? Кожны з вас, я думаю, адкажа, што - не! А вось механізуем з часам завод, палепшым абсталяванне, тады, магчыма, і зарабляць будзем болей. А так, дык перад намі адна дарога: калі мы захочам немагчымага, дык прыйдзецца проста закрыць завод, а з гэтым, я думаю, ніхто з вас згодзен не будзе, бо ніякай карысці ад гэтага не атрымаеш. А што гэта так, дык я павінен вам сказаць аб апошніх распараджэннях з трэста: калі завод не апраўдае сябе, дык патрэбна будзе яго закрыццё. Вось аб чым мы заўсёды павінны памятаць і не патрабаваць, паўтараю, ад саміх жа сябе немагчымага.